Аляксандр КАПУСЦІН
ЗОРКА ЗАСВЕЦІЦЦА ЯРЧЭЙ
I
Горад сціхаў. На вуліцах паменшала машын і пешаходаў. Але вокны ў дамах яшчэ свяціліся густа. Звечара прайшоў дождж. Мокрыя тратуары, дамы, дрэвы з пажоўклай лістотаю — усё было азорана мяккім прыценена-жаўтлявым святлом.
Маскальчук стаяў на балконе, пазіраў на асветленыя вокны, курыў. Любіў ён і досвіткамі, зрабіўшы фіззарадку, і познімі вечарамі, перад тым як класніся спаць, пастаяць вось так. Паглядзець на панараму шырокага новага мікрараёна, палюбавацца ранішнім крыштальна-празрыстым небам — дзесьці ж там лятаюць нашы касманаўты — ці вячэрнімі яркімі зоркамі ў цёмна-сіняй бясконцай вышыні.
Сёння Маскальчук глядзеў на шматпавярховую камяніцу, што была заселена нядаўна, тыдзень таму, і яму здавалася, што ён бачыць шчаслівых навасёлаў: зараз яны, мусіць, мэблю расстаўляюць, карціны развешваюць.
Але тым часам думалася зусім пра іншае, пра другіх. Дык што ж яны за людзі? Увесь час, пакуль ён тут стаяў, думка гэтая жыла недзе глыбока-глыбока ў ім. Па сваім духоўным абліччы — якія? Удзень, сярод усіх нас, яны такія ж, як іншыя. Як яго, каторага, адрозніць ад цябе, скажам, калі ён і ходзіць звычайна, і гаворыць, смяецца, як ты. А ў цёмным кутку от жа ашчэрваецца! Ці ён проста разбэсціўся, учыняючы гвалт, ці прага пажывіцца за чужы кошт смокча яго чорную душу?.. Тут Маскальчук спахапіўся: што так попусту строіць здагадкі? Калі крымінальны вышук вось так на балконе будзе, з дазволу кажучы, вывучаць псіхалогію злачынцаў, дык яны тым часам… Думка абарвалася. Ён як бы загадаў сабе: ты злаві іх спачатку, потым пабачыш, куды твая філасофія павернецца, у які бок.
На вуліцы, воддаль ад дома, пачуўся дзявочы смех. Напэўна, знайшоўшы сабе недзе ў засені ліп, што раслі ўздоўж тратуара, няхітры прытулак, салодкай уцехаю маладосці бавілі позні час закаханыя. Смех прагучаў прыцішана, мякка, але весела. Калі ён абарваўся, Маскальчуку невядома чаму захацелася, каб дзяўчына зноў засмяялася. Аднак яна больш не падавала голасу, і вакол як бы нешта апусцела.
Маскальчук яшчэ пастаяў на балконе хвіліну, дакурыў цыгарэту і вярнуўся ў пакой. Падумаў: можа, тэлевізар уключыць і паглядзець перадачу «У святле рампы»? Не, позна ўжо. У суседнім пакоі жонка і сын спяць, дык каб не патрывожыць іх, бо тэлевізар жа каля дзвярэй стаіць. 3 пяшчотай падумаў пра малога: «Салодка, мусіць, спіць, ведама ж — натаўчэцца за дзень у дзіцячым садзе…» Прайшоў у сваю бакоўку.
У невялікім, з кніжнай паліцай і пейзажамі на сценах пакойчыку, што выходзіў акном у двор, было чыста і ўтульна. Востра пахлі познія асеннія гваздзікі — кветкі з венчыкам з аранжавых і цёмна-барвовых пялёсткаў. Іх у глінянай, зверху пабеленай і размаляванай пад ландышы вазе-гарлачыку Вера паставіла на пісьмовы стол. Ведае жонка, што ён любіць гэтыя гваздзікі… Маскальчук нахіліўся да букета, глыбока ўдыхнуў, адчуў саладкавата-рэзкі, прыемны пах. Але думкі яго былі далёка ад кветак.
Ён сеў за стол, разгарнуў блакнот у чырвонай вокладцы. Крыху памарудзіў і ўпэўнена, як робіць чалавек тое, на што наважыўся пасля пэўнага роздуму, вывеў вялікімі літарамі: «Чорныя маскі». Запісы для сябе».
Самапіска, дзе шпарчэй, а дзе павольней, пабегла па слізкім аркушы.
«Разбойнікаў было двое. Адзін высокі, хударлявы, другі сярэдняга росту, каржакаваты. Дзейнічалі ў чорных масках. Узброены былі рэвальверам і нажом. Гэта сцвярджалі ўсе, каго мы дапытвалі. Злачынцы на малалюдных вуліцах нападалі на прахожых, учынялі грабяжы і разбой. Дзейнічалі згодна з размеркаванымі ролямі па-рознаму. Найчасцей — адзін з іх адыходзіў далей, і яны перагукваліся на адлегласці, стараючыся стварыць уражанне, што іх многа. Гэтым яны падаўлялі волю спалоханых людзей да супраціўлення. Дзіўна, але пра тое, што падвергліся раабойнаму нападу, пацярпеўшыя ў міліцыю не заяўлялі. Няўжо баяліся каб нахабнікі потым не расправіліся з імі? А ўчора прыйшла да нас жанчына і расказала, як у яе на вуліцы «пазычылі» дзесятку. Так і сказала: пазычылі, не падзякаваўшы і не паабяцаўшы вярнуць. Баявая такая жанчына, з іроніяй і з гумарам, аптымістка, відаць. Неадкладна прынятымі аператыўнымі мерамі мы хутка выявілі яшчэ трох пацярпеўшых. На пытанне, чаму не паведамілі ў міліцыю, усе яны, мулячыся, адказвалі, што не хацелі шум падымаць з-за дробязі: страты той усяго на якіх восем — дзесяць рублёў.
Дык, можа, і сапраўды таму не заяўлялі?..»
Над вокам навісла пасма валасоў. Маскальчук рэзкім нецярплівым рухам адкінуў яе назад, прыгладзіў далонню. Пісаў далей.
«Самая большая сума, якую адабралі рабаўнікі, — дванаццаць рублёў. Ну, хай сабе такія грошы — дробязь, але ж самі дзеянні!.. Тэндэнцыя!.. Хто ведае, што зробяць злачынцы заўтра!.. Шукаць, усе меры выкарыстаць, каб выкрыць іх як найхутчэй».