Выбрать главу

Гэты занятак Маскальчука перапынілі таропкія крокі ў калідоры. Дзверы рэзка адчыніліся, і на парозе з’явіўся Багачэнка.

— Толькі што пазванілі дзяжурнаму: за скверам чорныя маскі абрабавалі жанчыну. Яна з аўтамата пазваніла.

Маскальчук машынальна, па звычцы, глянуў на гадзіннік. Колькі секунд ён нешта ліхаманкава ўзважваў.

— Пятнаццаць мінут прайшло. Калі б Сіняковенка… Не, за гэты час ён не змог бы. — Затым капітан рашуча кінуў Багачэнку: — Паехалі на месца здарэння.

IV

За ноч, якую Кастусь Вайцяховіч правёў у ізалятары часовага ўтрымання, ён непазнавальна змяніўся. Стаў нейкі рахманы. На ўсе пытанні адказваў без ранейшай фанабэрыстасці і нервознасці. Знешне быў спакойны. Хаця па знешняму выгляду цяжка здагадацца, што адбываецца ў чалавечай душы, але ўсё ж гэты спакой насцярожваў — не, хутчэй за ўсё трывожыў Маскальчука. Як можа быць спакойны чалавек у такім становішчы?

Пазней крыху ён зразумеў, чым вызначаўся такі душэўны стан Вайцяховіча: хлопец адкінуў усе сумненні і ваганні, прызнаў сваю віну, што разбойнічаў, адбіраў у жанчын сумкі; расказваў, дзе і як гэта было.

Гаварыў праўду — яго паказанні супадалі з тым, што пісалі ў сваіх заявах і гаварылі на допытах пацярпеўшыя.

У адным паказанні не супадалі: Вайцяховіч упарта сцвярджаў, што дзейнічаў адзін, а пацярпеўшыя запэўнівалі, што рабаўнікоў было двое.

— Навошта б я хаваў, каб сапраўды са мной яшчэ хто быў? — Ён гаварыў і не адводзіў вачэй, толькі ледзь-ледзь прыжмурваў іх. — Наадварот, мне, можа, больш выгадна было б сказаць, што нехта мяне падбухторваў.

«Адкуль такая дасведчанасць? — думаў Маскальчук. — Злачынец меншую адказнасць нясе, калі яго падбухторвалі. Аднак жа двое — група, і гэта цягне за сабою больш суровае пакаранне. Дык, можа, таму адмаўляе ўдзел другога? Ці клятву далі: на выпадак чаго — не выдаваць адзін другога?»

У кабінеце Маскальчука было светла. Сонца так павярнулася, што праменні клаліся на стол. Маскальчук зноў спытаў:

— А вось усе пацярпеўшыя сцвярджаюць, што нападалі на іх двое. Чаму так?

Вайцяховіч паціснуў плячамі:

— Хто іх ведае? Можа, ад страху ім здавалася, — Хітнуў галавою, хіхікнуў. — Як успомніш — дык смех: пабачаць маску і з перапуду языкамі ледзь варочаюць. Хоць бы хто піскнуў.

Нечаканы яго смяшок як укалоў Маскальчука. Чаго тут смяяцца? Ужо крыху ведаючы Вайцяховіча, капітан падумаў: ці не збіраецца ён зноў розныя конікі выкідваць? Але адразу прыйшла цвярозая развага: не, хлопцу не да выбрыкаў.

Вайцяховіч, нібы адчуўшы няёмкасць за свой недарэчны смяшок, варухнуўся на крэсле, апусціў галаву і, не падымаючы яе, працягваў:

— Канечне, калі разабрацца, дык смешнага тут нічога няма — жанчыны ж…

— Чаму ты толькі на жанчын нападаў?

— 3 імі лягчэй справіцца. I зноў жа — сумкі: яны ў руках, і толькі ў руках жанчын. За сумку рвануў: р-раз — і ўсё тваё, і ніякіх слядоў. — Вайцяховіч разгаварыўся, працягваў байчэй: — Я стараўся нападаць на маладых, бо ў іх розум дзіцячы. Пакуль другая ачомаецца, уцяміць, што ёй трэба рабіць, дык я ўжо далёка! Даганяй у полі вецер! А яшчэ — і радасна неяк, што цябе баяцца.

Твар Вайцяховіча затым пазмрачнеў, ён ураз паказаўся схуднелым, нейкім надта змораным. Колькі секунд вочы хлопца, нерухомыя і сухія, пазіралі пакутліва і адчужана. У іх глыбіні застыў страх. Капітан прыгледзеўся да Кастуся: што з ім, адкуль узялася такая раптоўная перамена?

— Не ўсе яны былі баязлівыя. Адна ж не пабаялася, сарвала з некага з вас маску, — сказаў Маскальчук, спадзеючыся, што, можа, гэта закране Кастуся.

— Ну, было і такое. Я за сумку, а яна — хваць за маску! Дык жа і атрымала за гэта! От я тады і ўрэзаў ёй! Са злосці так садануў, аж у самога кулак забалеў! — Кастусь гаварыў жорстка і як бы пахваляўся гэтай жорсткасцю, выстаўляў яе напаказ. I ўсё ж Маскальчуку падалося, што рабіў ён гэта цераз сілу.

«Што ён вярзе? — падумаў капітан.— Не было ж такога! Наадварот, як расказвала жанчына, яны пусціліся наўцёкі, калі сарвала маску. Навошта яму гэтая хлусня? Зноў бравіруе, блазнюк? От жа навучыўся ў некага!

— Што ў цябе, Вайцяховіч, за лексікон? Можа, патурбаваўся б пасачыць за сваёй моваю? Урэзаў… Садануў…

— Даруйце, вырвалася незнарок. Сярдзіты я нейкі стаў.

— Ёсць доказы, якія пацвярджаюць, што злачынцаў было двое. Сляды. На месцах, дзе адбываліся нападзенні, знойдзены сляды абутку розных памёраў. Адзін — саракавога, другі — сорак другога. Што ты на гэта скажаш?