Выбрать главу

— Вось ён, во!

Хлопец тузануўся ўсёй сваёй каржакаватай постаццю, нібы хацеў кінуцца ўцякаць. Але затым таксама спыніўся, кашлянуў, быццам прачышчаў горла для гаворкі.

— Хто — ён? — перапытаў рэзкім ломкім голасам.

— Вось зараз паедзем куды трэба, там ты хутка прызнаешся — хто, — узбурылася Сіліванава. — Там ты ўсё раскажаш.

— Чаго вы прычапіліся да мяне? Што я вам кепскае зрабіў? У аўтобусе ўсё цікавалі за мною, цяпер во зноў… — Хлопец выказваў абурэнне, а ў словах яго чуліся страх і разгубленасць.

Каля магазіна пачалі спыняцца прахожыя. Падазрона пазіралі на іх, насцярожана пыталіся адзін у аднаго, што здарылася, каго злавілі. Некаторыя, найбольш цікаўныя, падступаліся бліжэй.

— Я работнік міліцыі, паедземце са мною ў аддзел, — сказаў Маскальчук прыцішана, каб не дужа прыцягваць увагу старонніх.

— А чаго мне ў міліцыю? Што я ёй, — хлопец кіўнуў на Сіліванаву, — зрабіў? Не паеду, — запратэставаў ён. — Дарэмна яна прычапілася.

— Што, злодзея злавілі? — танклявым голасам выгукнула жанчына з высока ўзбітай капіцай выбеленых валасоў і ярка нафарбаванымі вуснамі. — Дайце хоць зірнуць на яго. — Яна адштурхнула плячом маларослага хударлявага дзядка з палатнянай, размаляванай фігурамі індзейцаў торбай, ступіла наперад.— Ад такога, як пабачыш увечары, абамлееш.

Гэтымі словамі яна шлёгала хлопца, як бізуном. Ён апусціў галаву, ссутуліў плечы.

— Прайдзіце, грамадзянін, у машыну. — У голасе Маскальчука пачуліся нецярплівасць і прыкрасць.

Той з нянавісцю зіркнуў на жанчыну і паплёўся да міліцэйскага «газіка».

У аддзеле ўнутраных спраў хлопец, здавалася, паспакайнеў. Ён расказаў, што завуць яго Аляксеем, прозвішча Кірыльчанка, працуе вучнем столяра на мэблевай фабрыцы. Сказаўшы так, адразу паправіўся: гэта па звычцы гавораць — столяр, а на самай справе ён вучыцца апрацоўваць драўляныя дэталі на станку, так як і токар металічныя. Працу сваю любіць, пайшоў на фабрыку, не на адной рабоце папрацаваўшы ўжо.

Калі нарэшце Маскальчук завёў размову пра чорныя маскі, пра аграбленні і разбойныя напады на жанчын, Кірыльчанка змераў яго доўгім пільным позіркам. Не было ў тым позірку ні стоенай злосці, ні зацятай рашучасці выкручвацца, ні намеру паказаць сваю бязвіннасць. Быццам штосьці ёкнула, абарвалася ў грудзях у хлопца.

— Я так і ведаў, што ўсё на мяне звернуць, — сказаў ён паніклым голасам.

— Чаму — ведалі? — здзівіўся Маскальчук.

— А таму! Хлопцы як збяруцца, дык заўсёды і пачынаюць: «Тваю рыжую хару, Вогненны, толькі пад маскай ад людзей хаваць, каб не было брыдка на цябе глядзець».

У Маскальчука ледзь не вырвалася: «Вось як! Дык гэта, значыцца, ты той самы Вогненны, з якім Вайцяховіч у піўной шушукаўся пра маску! Так-так, здаецца, праясняецца, чаму ён сказаў мне, што не ведае твайго прозвішча». Адразу з’явілася некалькі здагадак. Яны былі досыць супярэчлівыя, але ўсё зводзілася да аднаго: Вайцяховіч баяўся выкрыць хаўрусніка. Яго ўтрымліваў страх.

— Вы, Кірыльчанка, ведаеце Кастуся Вайцяховіча?

Пытаючы гэта, Маскальчук падумаў, што хлопец зараз зменіцца ў твары. Але той не выдаў сваёй збянтэжанасці, нават не павёў брывом.

— Даўгалыгага? Які на станкабудаўнічым заводзе працуе?.. Так, ведаю.

— У якіх вы адносінах з ім?

— Як з усімі.

— Не сябруеце?

— Чаму? Сябрую. У кіно разам ходзім, у парк.

Маскальчук не ведаў, што думаць. Іншы аднекваўся б, адмяжоўваўся б ад падазронага чалавека, а гэты быццам яшчэ і выстаўляецца. За час сваёй службы ў міліцыі Маскальчук неаднойчы сутыкаўся з выпадкамі, калі вопытныя прайдзісветы такім вось чынам імкнуліся стварыць уражанне, што яны не маюць ніякага дачынення ні да якіх агідных спраў. Маўляў, каб мы былі ў чым замешаны, дык, будзьце ўпэўнены самі ў пастку не лезлі б, сяброўствам са злачынцамі не пахваляліся б. Не такія мы дурні… Але ж то вопытныя. А гэты… Адкуль у яго можа быць такая хватка?

Тым не менш капітан падсвядома адчуваў, амаль быў упэўнены, што хлопец нечым выдасць сябе.

Так і здарылася.

— Мне вядома, што днямі ў піўной за куфлем піва Вайцяховіч расказваў вам пра нейкую маску. Пра якую? Давайце прыгадаем тую размову.

Кірыльчанка шморгнуў носам, рабаціністы твар яго ўспыхнуў чырванню.

— Чаму вы не адказваеце?

Хлопец сядзеў як на іголках.

— Думаю.

— Вы хацелі сказаць — успамінаеце?

Зноў настала паўза, доўгая і гнятлівая. Для абодвух.

— Дык я не памыліўся — успамінаеце? То, можа, успомнілі ўжо?

— Нічога не ўспомніў,— прагугнявіў хлопец, апусціўшы галаву. Рукі яго цяжка ляглі на калені. — Вам вядома, кажаце, што мы пра нейкую маску гаварылі, а гаворкі такой дык і не было.