Выбрать главу

У канцы гэтага запісу была анкета з кароткімі адказамі Кастуся: «Пасля заканчэння школы паступаць нікуды не буду». «Любімыя героі — Спартак і Юлій Цэзар». «Любімы артыст — Юрый Нікулін», «Любімы фільм — «Брыльянтавая рука».

Маскальчук перагарнуў апошнюю старонку, сядзеў, трымаючы справу ў руцэ. Тонкі, невялікага фармату сшытак у сіняй глянцавай вокладцы, ніжні ражок якой за дзесяць гадоў замусолілі пальцы, выклікаў у яго прыкрасць. Абурэнне і злосць, што напаўнялі яго, як ён чытаў запісы, зляпіліся, здавалася, у цвёрды камяк. Хлапчук добра пачаў у школе. Вучыўся, цікавіўся, захапляўся, імкнуўся… Потым неўпрыкмет пачаліся зрывы. Пра ўсё гэта запісвалася аднолькава спакойна. Ні роздуму, чаму так здаралася, ні трывогі, ні спробы зрабіць якія-небудзь захады… Быццам галоўны абавязак быў у тым, каб толькі канстатаваць факты, з’явы, падзеі. Маскальчуку падумалася, што цяпер ён зусім не здзівіўся б, калі б сярод тых халодных радкоў прачытаў: «У школу быў выкліканы работнік міліцыі, каб супакоіць парушальніка дысцыпліны Кастуся Вайцяховіча». А што яны, настаўнікі, ці сваімі сіламі, ці разам з бацькамі хлапчука, зрабілі, каб яго супакоіць, каб папярэдзіць маральны звіх? Якія нялёгкія мудрыя захады ўжывалі, каб вылепіць у няўстойлівай супярэчлівай душы светлы грамадскі ідэал?.. Як запісалі, калі ён вучыўся ў пятым класе, пра неабходнасць пільнай настаўніцкай і бацькоўскай увагі да яго, дык з таго часу не тое каб недзе павялася гаворка, як праяўлялася тая ўвага, а нават і не ўпаміналі больш ні разу пра бацькоў.

Маскальчук з прыкрым настроем паклаў той сшытак на ранейшае месца, пачаў перабіраць паперы ў справе «чорных масак». Нарэшце знайшоў, што шукаў,— пратакол допыту ў якасці сведкі Анатоля Старасельцава, майстра цэха, у якім працаваў Вайцяховіч. Допыт па яго даручэнню сёння раніцай зрабіў участковы інспектар Багачэнка. Заняты іншымі неадкладнымі справамі, Маскальчук адразу тады не змог прачытаць пратакол, і цяпер, калі яму дужа прыдаліся б любыя дадатковыя звесткі пра Вайцяховіча як пра асобу, ён прагна прыпаў вачамі да разгоністых радкоў, напісаных вялікімі, крута нахіленымі, як ні палеглымі літарамі.

Майстар цэха, адказваючы на пытанні Багачэнкі, даў характарыстыку абодвум Вайцяховічам — бацьку і сыну. Пра Кастуся расказаў, што той парушаў працоўную дысцыпліну — рабіў прагулы, спазняўся на работу і дачасна пакідаў станок. На заўвагі рэагаваў па-рознаму: то ўзрываўся і адказваў грубасцю, то прызнаваў памылкі і абяцаў выправіцца, але неўзабаве зноў вырабляў што-небудзь нядобрае. Нават былі выпадкі, што прыходзіў на работу падвыпіўшы. Майстар узяў над ім асабістае шэфства… 3 пратакола відаць было, што пасля гэтых слоў Старасельцава пра шэфства ў Багачэнкі з’явілася запытанне: калі? I адказ: не так даўно, тыдні два таму назад. «Чаму так позна, а не адразу, як толькі заўважылі за Вайцяховічам няладнае?» — зноў спытаў участковы інспектар. «Думалася, што сам з цягам часу паразумнее, пасталее ў рабочым асяроддзі, — адказаў Старасельцаў. — Ды, калі шчыра сказаць, і без яго клопату хапае: праца, план…» Стаірэйшы Вайцяховіч, Кастусёў бацька, злоўжываў спіртнымі напіткамі, і з гэтай прычыны ў сям’і часта адбываліся скандалы.

Скончыўшы чытаць пратакол допыту майстра Старасельцава, капітан пачаў перабіраць у памяці запісы ў вучнёўскай асабовай справе Кастуся: «Вучыўся добра, паказаў сябе здольным, але няўседлівым…» «Патрабуецца пільная ўвага з боку настаўнікаў і бацькоў…» «Калі захапляўся чым, быў старанны…» «Патрабаванні тых, каго прызнаваў за «лідэраў», выконваў ахвотна і даражыў іх думкаю…» Падумаў: «I за ўсе дзесяць гадоў нідзе ў запісах не прамільгнула, каб сам ён калі імкнуўся стаць лідэрам. Дык хто ж быў у яго лідэрам на цёмных гарадскіх вуліцах? Хто так паўплываў на яго, каб быў ён там такім старанным?»

Аднак чаму ж так доўга не стукаецца ў дзверы кабінета Кірыльчанка? Няўжо збег?!

V

Усе апошнія дні Вайцяховіч жыў у пастаянным страху. Добра яму знаёмым, гнятлівым. Асабліва ён адчуў гэты страх, калі жанчына сарвала маску з яго хаўрусніка (хаўруснік пад пагрозай жорсткай расправы забараніў Кастусю нават у думках называць яго імя — каб не прывык і не ляпнуў незнарок, не прагаварыўся пры выпадку). Як ён спалохаўся тады: што, калі і з яго хто сарве маску, пабачыць яго ў твар! Пасля ў любы ж момант могуць пазнаць! На вуліцы, у кіно, у магазіне… Кожны тады з пагардай і агідаю будзе тыцкаць на яго пальцам: вось ён, разбойнік! Усе будуць пагарджаць ім, усе… Яго ахапіў яшчэ большы жах: дык жа і пакараюць, засудзяць!.. 3 той мінуты боязь пакарання ўвесь час трывожыла душу, аднак не заглушала і таго страху перад людзьмі, які так нечакана ўзяўся немаведама адкуль. Былі моманты, калі Кастусь імкнуўся разабрацца, чаму ён баіцца, што пра яго нехта будзё кепска думаць і гаварыць. Што тут страшнага?