На допыце Вайцяховіч раптам падумаў: «Вось і злавілі». А з гэтай думкаю прыйшло выразнае ўсведамленне, што зусім блізка той час, калі ён за ўсё будзе адказваць перад судом і людзьмі. Яго пачало ліхаманкава, пакутліва калаціць. 3 гэтым настроем ён вярнуўся ў ізалятар, калі Маскальчук перапыніў допыт, каб паехаць і затрымаць яго хаўрусніка.
У ізалятары Вайцяховіч сеў на нары, нічога не думаючы, марудна павёў вачамі па камеры. Агледзеў усе куткі — пуста. Прагаварыў сам сабе: «Пуста, пуста». I скалануўся ад адзіноты і сваёй бездапаможнасці. Доўга сядзеў так, пакуль не прыйшла ратавальная думка, што, можа, тут ён якраз і схаваўся ад людзей, тут яго не дастане іхняе ганьбаванне. Думка гэтая падкралася спакваля, але тут жа імгненна раскрылася яму ва ўсёй сваёй недарэчнасці. Ён рэзка тузануўся, быццам вырываўся з нечых учэпістых рук. Падскочыў да парога, штосілы загрукаў у тоўстыя дзверы: «Адчыніце, выпусціце мяне!» Ды голас яго асекся, твар нібы абдало чым гарачым — гэта ж вар’яцтва! Хто паслухае, хто выпусціць, калі… Ад бяссільнай злосці і роспачы Вайцяховіч гатовы быў заенчыць, нібы пабіты шчанюк. Хлынулі бязлітасныя ўспаміны.
Упершыню страх запоўз у яго нутро тады, калі яны дамаўляліся, як сказаў хаўруснік, «папаляваць за рыдыкюлямі». Было тое ў парку за танцавальнай пляцоўкай. Пілі віно, якое прынёс хаўруснік. Ён быў шчодры, усё частаваў Кастуся, падліваў яму ў шклянку і таварыў: «Салодкае, хай яно падвесяліць нас». Кастусь хутка ап’янеў, у галаве тлумна зашумела. Хаўруснік таксама захмялеў. Пачаў выхваляцца, што ён дужы і смелы, нікога не баіцца. Хай толькі хто зачэпіць яго — горлам паплоціцца. Выхапіў з чахла, што вісеў пад пінжаком на рэмені, нож, размахнуўся, кінуў яго ў драўляны шчыт, дзе быў наклеены парыжэлы ад часу плакат работы мясцовага самадзейнага мастака, які заклікаў не ламаць дрэвы, не таптаць кветкі і траву ў парку. Вузкае вострае лязо глыбока ўпілося ў драўніну, пярэстая, наборная з рознакаляровых пласцін ручка пругка задрыжала. Кастусь падбег да шчыта, ухапіўся за ручку, ірвануў — не выцягнуў нож. Ого, во гэта загнаў! Яшчэ раз ірвануў, яшчэ. Толькі за чацвёртым разам з цяжкасцю выбавіў лязо з цвёрдай, як костка, дошкі.
Пазней, калі хаўруснік затупацеў услед за Кастусём, кінуўшыся ўцякаць ад жанчыны, што садрала з яго маску, Кастусю падумалася: «Смелы, а драпануў. Чаго ён спужаўся? ёй уляпі аплявуху — упадзе».
Але тое было пазней. Тады ж, калі нож з прыгожай пярэстай ручкай апынуўся ў яго руках, яму вельмі захацелася таксама быць дужым і смелым. I такім жа спрытным, напрактыкаваным. Ён, не доўга думаючы, адбегся і запусціў нажом у шчыт. Нож стукнуўся аб край пліты і ўпаў у траву. Хаўруснік зарагатаў: мазіла! Аднак, убачыўшы, што дружбак пакрыўдзіўся, падбадзёрыў яго: нічога, павучу — пацэліш… «Канечне, пацэлю,— упэўнена, ганарыста пацвердзіў у думках Кастусь і раптам прыціх, насцярожыўся. ён як бы адчуў штосьці трывожнае і злавеснае. — Але… навошта мне гэта?» — неспадзявана спытаў сябе.
Тым не менш у душу зноў закралася сумненне. Праўда, не тое самае — іншае нейкае.
Дні праз два пасля таго, хмурным вечарам, як добра сцямнела, за паркам яны выйшлі на «паляванне». Адбіраў сумку хаўруснік. Кастусь цьмяна памятаў, як тады ўсё адбывалася. Адно запомнілася яму: калі ён, далёка адбегшыся, спыніўся, рукі яго вельмі трымцелі, далоні былі мокрыя ад поту. Ён выцер рукі аб штаны, але потым, калі падумаў, што яны ўжо сухія, Не ведаў, куды дзець. Спачатку засунуў іх у кішэні, аднак адразу ж выхапіў, падняў да грудзей і сашчапіў пальцы. Затым зноў пачаў выціраць.
Наступны раз Кастусь сам аавалодаў сумкай. I атрымалася ў яго ўдала. Дзяўчына спачатку, калі пачула ад яго: «Аддай сумку!» — нібыта не паверыла, што збіраюцца яе абрабаваць. Падумала, відаць, — жартуюць, бо здзіўлена і з абурэннем усклікнула: «Што-о?!» Кастусь не заўважыў, адкуль у хаўруснікя ў руцэ з’явіўся пісталет. Адчуў толькі, што здрыгануўся. Але чаго — яшчэ не ўспеў усвядоміць. Ці гэтак нечакана было з пісталетам, пра які ён нічога не ведаў, ці яшчэ больш нечаканымі аказаліся паводзіны дзяўчыны. «Няўжо ёй не боязна?» — мільганула ў яго ў галаве. Тым не менш ён, падпарадкоўваючыся незразумелай жорсткай сіле, хапіў за доўгую почапку, на якой сумка вісела на плячы ў дзяўчыны, са злосцю рвануў на сябе.