Выбрать главу

На беразе ракі, дзе яны схаваліся ў кустах, ён аддаў сумку хаўрусніку. Пасля, не цямячы, што робіць, шаргануў далонямі аб штаны. На момант затрымаў іх на халаднаватай тканіне. Спахапіўшыся, ажно ўзлаваўся на сябе: чаго баіцца, дурыла, чаго! Паглядзеў на хаўрусніка. Падалося, што і ён выціраў рукі. Не, той корпаўся ў сумачцы. Сярод жаночых прычындалаў знайшоў кашалёк, сунуў яго ў кішэню. «А сумачку ўтопім»,— сказаў хаўруснік. Падняў з-пад нагі ладны камень, паклаў у сумку і шпурнуў яе ў раку. — Каб не дазналіся, дзе мы што робім».

Хаўруснік пайшоў берагам, затым павярнуўся, ціха гукнуў Кастуся, які чамусьці марудзіў:

— Ты што, заснуў?

— Я дадому пайду, — нечакана для сябе адказаў Кастусь.

— Ну добра, давай сёння — па бярлогах, — пагадзіўся хаўруснік.

Кастусь пачакаў, пакуль той знікне, і пасунуўся па сцяжынцы.

Ужо цвёрда ведаючы, што ідзе дадому, ён падумаў пра маці. Убачыўся маршчыністы яе твар, яе вочы. З якім дакорам і болем глядзела яна на п’янага бацьку! А што ж будзе, калі дазнаецца пра яго «занятак»?! Кастусю стала непамысна, хоць паварочвай назад, зашыйся ў кусты і сядзі там цэлую ноч…

Пасля, і ў людскім тлуме на ажыўленай цэнтральнай вуліцы, і ў аўтобусе, у якім ехаў на сваю ўскраіну, ён з тугою, насуперак жаданню, думаў пра дом, перабіраў у памяці незабыўнае. Вось за сталом сядзіць бацька, крыва, непрыемна ўсміхаецца. Вочы яго, мітусліва бегаюць, няўцямна пазіраюць невядома куды. На стале стаіць парожняя бутэлька, побач з ёю, у талерцы, дыміцца цыгарэта. Згорбленая маці прымасцілася на крайку канапы, з крыўдай і жальбой пазірае на чырвоны, азызлы ад гарэлкі твар. Бацька круціць рукою над галавой, нібы адмахваецца ад мух, зноў бярэ ў слінявыя губы цыгарэту. Патрымаўшы ў грудзях дым, ён выпускае яго доўгім выдыхам і, ледзь варочаючы языком, бубніць: «Ну, выпіваю, ну… А ты хочаш, каб я быў анёлам? Няма такіх людзей на свеце, няма. Чуеш?..» Маці ўздрыгвае, са сцятых маўклівай пакутаю вуснаў вырываецца стогн: «О-о-ой». Хапае ротам паветра і ўжо крычыць суха, надрыўна: «О-о-ой, змоўкні! Хоць не рві душу!» У Кастуся балюча, пакутліва шчыміць у грудзях. Успыхвае неадольнае жаданне падысці да стала, схапіць бутэльку і стукнуць ёю па вузкім лысым чэрапе бацькі… А калі ўсведамляе гэта як след, яму робіцца жахліва, сорамна і гідліва…

Дома, калі ён распрануўся, да яго блізка-блізка падышла маці. Кастусь пабачыў, як на маршчыністай яе шыі часта білася маленькая сіняя жылка.

— Хоць бы сказаў матцы, куды ходзіш вечарамі. — Яна з дакорам, пільна глянула яму ў вочы. — Згаладаўся, нябось, не вячэраўшы.

— Ага, — ледзь выціснуў ён, адвярнуўшы галаву, каб маці не пачула паху віна.

— Ідзі еш, усё на стале стаіць.

«Не заўважыла, — з палёгкаю падумаў Кастусь. — А то пачала б дудзець: «Як табе не сорамна, дзе твой розум!.. Хопіць, што адзін п’яніца жыць не дае, дык яшчэ і ты?..» Вячэраў ён похапкам, глытаў смажаную бульбу амаль не жаваўшы — абы хутчэй. Каб толькі маці не зайшла на кухню ды зноў не падступілася так блізка да яго.

У пасцелі свежая прасціна прыемна асвяжыла цела. Засынаючы, Кастусь адчуў, быццам падае, правальваецца ў нейкую яму.

Перад вачыма яскрава выплыла каржакаватая валюхастая постаць. Яна шыбавала да яго, апусціўшы ўніз галаву, і Кастусь не мог разгледзець твару. Раптам спынілася, ажно пыл вакол сябе ўзвіхурыла, павярнула назад. Ён пазіраў на непамерна шырокую спіну, тоўстыя, нібы бярвенні, моцныя ногі і жахаўся: такое страшыдла! Хай ступае хутчэй, ідзе на край свету, хай знікне!.. Але пачвара, павагаўшыся трохі, зноў шпарка-шпарка пачала набліжацца да яго. Кастусь, ненавідзячы яе і захлёбваючыся словамі, паўтараў: «Знікні, пачвара, знікні…» Нарэшце ён пабачыў твар — бурыя плямы на скулах, стомленыя вочы, якія нібы прасілі аб нечым. Душа яго поўнілася злараднасцю: ага, і табе не соладка! А постаць хрыплым дрыжачым голасам закручала: «Ты толькі не ўцякай, от я зараз прыйду, і пагаворым пра ўсе нашы справы…» Пра якія справы? Ён скалануўся, паціснуў плячамі, не ведаючы, што адказаць. Аднак падумаў: «Можа, і сапраўды варта нам пагаварыць?» 3 усіх бакоў чуліся дзіўныя глухія шорахі, быццам гэта дыхала зямля. Так-так, глыбока дыхала зямля. I яму таксама трэба было дыхаць глыбей, тады на сэрцы палягчэе… Ён набраў поўныя грудзі паветра, але палёгкі не адчуў: вельмі цяжкі быў камень-валун, які там ляжаў. I як ён туды трапіў? Як яго выкінуць адтуль? Ага, яму ж трэба нешта рабіць для гэтага. А што?.. Спачатку ён падумаў так, потым закрычаў на ўсю сілу, аж лопнула нешта ў грудзях: «Што?! Што?! Што?!» У нейкі міг нясцерпнага дзікага страху яму захацелася растварыцца ў паветры, каб яго ніхто не мог пабачыць, злавіць. Але чаму — злавіць?