Выбрать главу

А постаць ішла, набліжалася. Упілася ў яго пранізлівым позіркам лютых, чорных як ноч вачэй. Нешта здрыганулася, забілася ў грудзях Кастуся, нібы раптоўна не стала хапаць паветра, і ён задыхнуўся ад нянавісці. Замахнуўся на пачвару, у бездані чорных вачэй пабачыў штосьці раз’юшанае. Шаленства, ці што? Кастусю да знямогі стала жудасна, нібы ён зазірнуў у нейкае пекла. Ага, вось яно што: гэта ж — хаўруснік!.. Кастусь нарэшце пазнаў яго! Уцякаць, бегчы куды вочы глядзяць!.. Новая хваля страху падхапіла, панесла яго па калдобістай, у брудных лужынах, дарозе. Ён спатыкаўся, падаў, падымаўся і бег далей. Яму здавалася, што той даганяе, вось-вось схопіць за плячо, а з яго цела па кропельцы ўжо выцякае апошняя сіла — такую ён адчуваў у сабе слабасць. Дык, можа, гэта ад таго, што ўцякае? Можа, развярнуцца…

Нешта ціха зарыпела. Кастусь падняў галаву. Адчыняіліся са скрыпам дзверы, у камеру зазірнуў міліцыянер.

— Вайцяховіч, да капітана.

Кастусь усхапіўся з нараў з разгубленай жаласнай ухмылкай, быццам міліцыянер застаў яго за нечым ганебным. Аблізаў языком перасохлыя губы, бледны твар яго пачаў раптоўна чарсцвець, выяўляючы жорсткія рысы пад прыжмуранымі вачамі і каля апушчаных куточкаў рота. У той момант перажыванні, выкліканыя ўспамінам, усе разам зрушыліся ў ім, у сэрца хлынула пякучая злосць. Але супраць каго яна была? Супраць сябе за сваю слабасць — такі ён баязлівы, аказваецца, — ці супраць капітана? А можа, супраць хаўрусніка? У яго як скамянела ўсё ўсярэдзіне. Секунды цягнуліся доўга-доўга, як вечнасць. Ён не заўважыў, што заплакаў. Ад роспачы, крыўды і страху.

VI

Маскальчук выглянуў у калідор. Кірыльчанкі там не было. Няўжо сапраўды даў драпака?.. Ён па-званіў дзяжурнаму, папытаў, ці не прыходзіў, ці не стаіць часам у дзяжурным пакоі? Пачуў у трубцы: «Нікога няма». Затым адразу: «Адну хвілінку, таварыш капітан». Потым чуваць было, дзяжурны спытаў у кагосьці, як яго прозвішча, і сказаў у трубку: «Зайшоў якраз, стаіць во перада мною». Маскальчук, узрадаваўшыся, папрасіў дзяжурнага, каб накіраваў Кірыльчанку да яго. Пазваніў начальніку ізалятара часовага ўтрымання — прывядзіце Вайцяховіча.

Кірыльчанка і Вайцяховіч зусім не здзівіліся сустрэчы ў кабінеце следчага. Можна было падумаць, што яны чакалі яе. Паглядзелі адзін на аднаго працяглым уважлівым позіркам і перавялі вочы на капітана — што далей?

Высветліўшы, што патрабавалася абавязковай працэдураю — ці знаёмыя яны між сабою, у якіх узаемаадносінах,— і Маскальчук прапанаваў Вайцяховічу, каб расказаў пра размову з Кірыльчанкам у піўным бары. Але Кірыльчанка, ускінуўшы вышэй галаву, адразу ажывіўшыся, апярэдзіў Кастуся:

— Размова была пра тое, як добра ў масках дзяўчат палохаць, сумкі ад іх адбіраць. — Ён схапіўся рукою за край стала, быццам яго хістанула, і, не чакаючы дазволу Маскальчука, спяшаючыся, скорагаворкаю дадаў: — Выйдзем мы з Кастусём на цёмную вуліцу, надзенем маскі і — аддай грошы! Дык яны, дурныя, і аддаюць…

«Ага, вось чаму ён спазніуся!» — ліхаманкава падумалася Маскальчуку. Ён зараз быў перакананы: тое, што Кірыльчанка пасля абеду так доўга не з’яўляўся да яго, нейкім чынам звязана з гэтай яго нечаканай гатоўнасцю прызнавацца. Спахапіўшыся і дакараючы сябе, што парушыў вызначаны парадак вочнай стаўкі, Маскальчук тым не менш чакаў, што будзе далей.

Кірыльчанка зараз маўчаў. У сваю чаргу ён таксама чакаў ад капітана ўсяго: роспытаў, абурэння, нават пагроз, і тое, што Маскальчук нейкі час зацята маўчаў, збянтэжыла яго, збіла з панталыку. Усталявалася цяжкая, як бы даўкая цішыня. Вайцяховіч раз, другі холадна зірнуў на Кірыльчанку, быццам не пазнаваў яго, не хацеў пазнаваць. Затым у яго поглядзе з’явілася хітрая недаверлівасць.

— Ну, калі ты вырашыў прызнацца, прызнавайся. Толькі ўсё расказвай: і як мяне падбухторваў, і як маскі рабіў… — Кастусь паціснуў плячамі з такім выглядам, усё роўна як рыхтаваўся паслухаць добра яму вядомае і бясспрэчнае. Раптам кроў прыліла яму да твару, вочы заблішчалі. — Дык чаго ж ты маўчыш? Расказвай. Памятаеш, за паркам было? Ты мне паказаў на дзяўчыну, якая тупацела паперадзе нас, і шапнуў: «Давай вырвем у яе сумку, там, відаць, грошы ёсць». Мы тады з кіно ішлі — памятаеш?

— Ага, з кіно, — нечакана слабым голасам адказаў Кірыльчанка. Бровы яго марудна варухнуліся, на твар ценем лёг адбітак ці то нёйкага трывожнага сумнення, ці непрыемнага, горкага ўспаміну.