«Вось гэта аказія! — Маскальчук пазіраў на аднаго, на другога, стараючыся схаваць сваё здзіўленне.— Але няхай пагавораць, няхай, нешта ж раскрыецца». Кіўнуў галавою: гаварыце.
— Ён тады яшчэ сказаў: «Ты што, баішся яе?» — Вайцяховіч гаварыў, ужо звяртаючыся да капітана. — А мне крыўдна стала — баюся? Я рашыў яму даказаць, што не баязлівец, і толькі працягнуў руку, а ён сам цап за сумку! Яна: «Ай!» Сумку кінула, як ірванула! На «Жыгулях» не дагнаў бы…
_ Ага, усё так было, ага,— бясстрасна пацвердзіў
Кірыльчанка.
Участковы Багачэнка знайшоў тую дзяўчыну, выкладчыцу музыкі па класу баяна ў дзіцячай музычнай школе. У яе вучыцца Багачэнкава дачка. Аднойчы, прыйшоўшы са школы, дзяўчынка расказала бацьку, што Алена Міхайлаўна, якая заўсёды з імі весела размаўляе і жартуе, сёння была сумная, і яны нават бачылі слёзы ў яе вачах. Багачэнка ў душы паспачуваў незнаёмай яму Алене Міхайлаўне: нешта ж, мусіць, глыбока пакрыўдзіла яе, што і перад дзецьмі ўстрымацца не магла. Ці мала што бывае ў чалавека на сэрцы!.. Калі ж дазнаўся пра чорныя маскі, выпрацаваная за доўгія гады міліцэйскай службы інтуіцыя падказала яму: можа, і слёзы дзяўчыны на іх сумленні? Ён пайшоў у школу. Нібыта пацікавіцца, як вучыцца дачка. I тым часам высветліў: так, яны пакрыўдзілі Алену Міхайлаўну.
Маскальчук дапытаў яе. Спачатку ў яго было дваістае пачуццё да дзяўчыны: спагады і насцярожанай непрыязі. Яна сядзела перад ім прамая, напружаная. Загарэлы твар з падведзенымі вачамі і бровамі, ярка нафарбаваныя губы, кароценька падстрыжаныя валасы, цеснаватая кофтачка, вузкія джынсы на доўгіх нагах… Гаварыла, што апазнаць злачынцаў яна не змагла б: у масках былі. Усё там, на вуліцы, цягнулася некалькі імгненняў. Жалезныя ціскі нечых пальцаў схапілі кісць яе рукі. У твар патыхнула перагарам. Яна ад страху нават не пачула свайго ўскрыку…
Колькі секунд дзяўчына пазірала ў вочы Маскальчуку і раптам абхапіла галаву рукамі, па яе шчоках пакаціліся дзве буйныя, што гарошыны, слязы. Яна плакала ад усведамлення, што была тады бездапаможная і нікчэмная ў сваёй слабасці. Ён, прыгледзеўшыся да яе, падумаў: «Не, ідучы ў школу, яна, відаць, апранаецца інакш».
Успамін яго перапыніў Вайцяховіч:
— Пасля таго мы і скумекалі: маскі — сіла.
Маскальчук падумаў: «А чаго ён так доўга маўчаў? Таксама ўспамінаў што?»
— Назаўтра ён пачаставаў мяне віном. Будзем, сказаў, пакуль у гэтым маскарадзе выступаць. I дзеўкам на страх, і сабе зручней. Калі што — хай апазнаюць. Хто цераз маскі пабача, якія мы з твару? А нам трэба вучыцца хітрасць прымяняць. Трэба нам рыхтавацца да сур’ёзных спраў.
— Да якіх — сур’ёзных? — вырвалася ў Маскальчука. I ён адразу пашкадаваў, што не стрымаўся, бо сваім нецярплівым воклічам перапыніў Вайцяховіча, прымусіў яго змоўкнуць. Той спахапіўся, што, страціўшы пачуццё меры, нагаварыў больш, чым трэба, стушаваўся.
— Дагаворвай — да якіх?
— Ды ён, мусіць, так сабе сказаў, жартам, — даў Вайцяховіч задні ход.
— Ну, жартам не жартам, а што ўсё ж?
— Хай ён сам вам скажа, калі хоча.
Кірыльчанка паглядзеў на Кастуся няўцямным позіркам, у якім Маскальчуку пабачылася: «А што я павінен сказаць?» Кастусь паварушыўся на крэсле, пакусаў вусны, і ў яго зноў як прарвалася што:
— Можа, калі давядзецца, дык у магазіне, сказаў, ці ў ашчаднай касе маскарад устроім. Ды вы, таварыш начальнік, не звяртайце на гэта ўвагі, у яго ў галаве заўсёды нейкі сумбур.
Маскальчук усміхнуўся сам сабе — бач, ён ужо заступаецца, абаронца знайшоўся, і падумаў: «Што гэта азначае — то валіць на яго ўсё без разбору, то выгароджвае?»
Спытаў:
— Гаварылі вы, Кірыльчанка, Вайцяховічу, што вам трэба рыхтавацца магазін ці ашчадкасу абкрасці?
Кірыльчанка паволі выпрастаўся, нібы збіраўся прыняць на сябе нейкі вялікі цяжар, уздыхнуў:
— Гаварыў.
Тут Маскальчук зразумеў, што дапытваць іх трэба паасобку. Выскокваючы наперад са сваімі напамінкамі, Вайцяховіч быццам падказваў нешта Кірыльчанку: так вось гавары, так вось… Капітан бачыў, што Кастусь гародзіць не сваімі словамі, Толькі ж — ці гародзіць? Такога — «трэба вучыцца хітрасць прымяняць», «рыхтавацца да сур’ёзных спраў» — Кірыльчанка, пэўна, не скажа: не можа быць у яго, жаўтаротага, замашкі такой. Але ж і Вайцяховіч не выдумае. Навошта яму выдумваць тое, што абцяжарвала б яго становішча? Ды і не здольны ён, відаць, на падобную выдумку: таксама ж — яшчэ толькі вылетак, смаркач яшчэ… Сур’ёзная праграма, калі гэта так, належыць некаму іншаму, няйнакш — мацёраму, адпетаму. Дык вось тут і закавыка. Ну, дапусцім, што гэта ўсё — так. Але ж разбойнікаў было двое? Двое. А тут, выходзіць, — трэці. Як гэта разумець? Не бачылі трэцяга? Пагодзімся: маглі не бачыць, калі ён таго не хацеў. Магчыма такое, што ён знаходзіўся дзе-небудзь на «назіральным пункце»? Безумоўна, магчыма. Цяпер з другога боку глянем: так разважаць, дык здаецца, і разгаданы ўсе загадкі — трэці натхняў, накіроўваў… Аднак жа — не, яшчэ адну загадку трэба давесці да абгрунтаванага канца, бо ад яе нікуды не дзенешся. Як тады расцэньваць нелагічнасць у паказаннях Вайцяховіча — узвальваць чужое на Кірыльчанку? Навошта яму гэта — паказаць сябе? «Вось які я, дапамагаю следству, расказваю тое, што мог бы і ўтаіць…» Калі з такой мэтай абгаворвае дружбака — нічога не скажаш, дужа добра сябе паказвае!.. Лепей няма куды… Але хопіць, пра ўсё гэта — пасля. Цяпер трэба абодвух уважліва дапытаць. Як бы там ні было, а пацярпеўшая пазнала Кірыльчанку. I сам ён не адмаўляецца — рабаваў.