Хто б мог падумаць, што так адразу павернецца?.. Маскальчук, цягнучы час, каб глыбей сканцэнтравацца, сабрацца з думкамі, паклаў перад сабою бланк пратакола допыту, узяў уторкнутую ў «патрон», што быў прымацаваны да чорнай ажурнай падстаўкі, самапіску. Чыркануў па крайку каляндарнага лістка — марашка атрымалася невыразная, масціка высахла. Уторкнуў самапіску на месца, з суседняга «патрона» ўзяў другую.
— Цяпер мы так зробім: пагутару спачатку з Кірыльчанкам, потым, Вайцяховіч, з табою. — У пратаколе тым часам з’явіўся першы запіс: чысло, месяц, год. — Калі спатрэбіцца, зраблю вочную стаўку. Але, думаецца мне, патрэба такая не ўзнікне — вы будзеце гаварыць праўду.
Абодва ахвотна, з палегкаю кіўнулі галовамі: ну так, праўду.
Кірыльчанка быў гаваркі. Расказваў так, быццам выкідваў з душы нешта непатрэбнае, лішняе. Ён дакладна, так, як і паведамлялі пацярпеўшыя, назваў, калі і дзе разам з Вайцяховічам учынялі разбойныя напады, што ў каго адабралі. Маскальчуку дык нават трошкі і дзіўна стала, як падкрэслена дакладна ён усё пералічваў. Каб сказаць, што яны з Вайцяховічам дамовіліся, дык не, быць гэтага не магло. Вайцяховіч пад вартай, яны не мелі зносін. Ды той жа ўвесь час адмаўляў, што ў яго хаўруснік быў.
Кірыльчанка, меркаваў Маскальчук, імкнуўся надаць сваім паказанням пераканаўчасці, бо, мусіць, ведаў, што чыстасардэчнае прызнанне змякчае пакаранне. Ён ахвотна ўспамінаў дэталі, расказваў падрабязнасці. Калі Сіліванава зрывала з яго маску, ён, крутнуўшыся ад яе, згубіў светла-шэры махеравы шалік, які работнікі міліцыі потым знайшлі на месцы злачынства. На канцы гэтага шаліка ёсць невялікая прапаленая дзірачка. Прыкурваў, дык галоўка ад сярнічкі адляцела і прапаліла. Яшчэ ён прыгадаў, як павёў сябе прахожы хлопец, калі адна пацярпеўшая звярнулася да яго за дапамогай. Расказваў з бравадаю, з легкадумным выхваляннем. «Хлопец спачатку падумаў, быццам мы нейкая звычайная басота, але, як пабачыў маску, зразумеў, што чуць не даў маху. Дзеўка крыкнула яму: «Валодзечка, Валодзечка, дапамажы, сумку адбіраюць!» А той Валодзечка так з перапуду падмазаў пяткі, што толькі і бачылі яго. Пацеха была!»
Вайцяховіч пацвердзіў усе паказанні Кірыльчанкі слова ў слова. I пра «храбрага Валодзечку» — так ён паіранізаваў — таксама расказваў з ахвотаю. Але ў адрозненне ад таго, як гаварыў Кірыльчанка, эпізод гэты ён успомніў з інакшым сэнсам. Заключыў: «А каб Валодзечка падскочыў, аплявуху аднаму, другому — здаравенны ж быў боўдзіла! — урэзаў, то мы, мусіць, і разбегліся б, можа, і пачухалі б патыліцы. Дык не, уцякаць дурань кінуўся, страх пабачыў — маску».
«Тут табе, бадай, нічога не запярэчыш, доля праўды тут ёсць», — пагадзіўся з ім Маскальчук. Пазіраючы яму ў вочы, адзначыў: але ж і хітрэц ты, хлопча. Маўляў, тыя, што папусціліся, таксама вінаватыя — самі ж нам патуралі.
Запал Вайцяховіча адразу патух, калі Маскальчук спытаў пра рэвальвер і нож. Ці бачыў той Валодзечка зброю ў іх? Не бачыў, аказваецца. Зброя пускалася ў ход як сродак пагрозы, калі хто з ахвяр спрабаваў аказваць супраціўленне. Тады Кірыльчанка настаўляў рэвальвер ці нож і казаў: «Зараз мы зробім з табой усё, што захочам, ты прайграна ў карты».
У канцы допыту Вайцяховіч усё, што было найбольш цяжкім у злачынстве, пачаў адкрыта звальваць на Кірыльчанку. Лёшка Вогненны затлуміў яму галаву глупствам, уцягнуў у хаўрус. Падпойваў, пераконваў яго, што такімі «лёгкімі» злачынствамі можна, не браўшы «на пуп» на рабоце, забяспечыць сабе магчымасць весела і прыгожа жыць. А ён па маладосці і нявопытнасці паддаўся на спакусу. Калі Маскальчук заўважыў, што яны ж аднагодкі і жыццёвы вопыт, мабыць, у іх аднолькавы, Вайцяховіч адразу збянтэжыўся, тузануўся на крэсле і адвёў вочы. Доўга, можа, цэлую мінуту, утрапёна маўчаў, як бы не меў сілы гаварыць далей.