Паставіўшы кропку, Маскальчук па звычцы наважыўся распісацца і памкнуўся ўжо быў напісаць: «Капітан міліцыі…» Аднак хуценька, як бы выракаючыся чаго, паклаў самапіску. Усміхнуўся: бюракрат!
Было апоўначы, калі ў бакоўцы патухла святло.
II
На другі дзень, раніцай, збіраючыся на работу, Маскальчук, як заўсёды, весела жартаваў з жонкаю. Знаходзіліся патрэбныя словы, жарты атрымліваліся мяккія і добразычлівыя. Але настрой у яго быў не такі ўжо і сонечны. Ён адчуваў нейкую незразумелую нецярплівасць. Разам з тым мацнела дзіўнае прадчуванне, быццам сёння адбудзецца нешта надзвычай важнае.
Прадчуванне спраўдзілася. У аддзеле ўнутраных спраў, калі Маскальчук прыйшоў туды, яго ўжо чакаў дружыннік Міхась Скварчэўскі.
— Я да вас, таварыш капітан. — Ён узняўся з лаўкі, на якой сядзеў у калідоры, паглядзеў на Маскальчука шэрымі ўстрывожанымі вачамі. — Справа ёсць,— сказаў цішэй, як бы баючыся, што іхнюю гаворку можа пачуць хто-небудзь, каму нельга пра яе ведаць.
Маскальчук даўнавата, гады тры ўжо, ведаў Скварчэўскага, ставіўся да яго з павагай і даверам. Хлопец працаваў слесарам на хлебазаводзе, быў актыўным дружыннікам. Сваю ролю памагатага міліцыі ён выконваў з той адказнасцю, якою чалавек даражыць і ганарыцца. Ганарыцца тым, што людзі давяраюць табе і спадзяюцца на цябе…
Яны зайшлі ў кабінет Маскальчука.
— Учора ўвечары я дазнаўся пра аднаго злачынца. — Скварчэўскі, невысокі, хударлявы, сказаўшы гэта, выцягнуў і без таго доўгую шыю. У той міг ён як бы падрос, паказаўся капітану нейкім пругкім і жылістым. У Маскальчука гатовы былі сарвацца з вуснаў нецярплівыя словы: «Як дазнаўся? Хто ён такі?» Аднак хлопец загаварыў раней, чым былі зададзены яму пытанні.
— Пасля работы — у другую змену працаваў — зайшоў я ў піўную куфель піва выпіць. Стаў за столік, чую — за суседнім двое размаўляюць. I мне само сабой, неяк у вушы ўбілася: «Пабачыў бы ты, які цырк! Спачатку слупянеюць, потым з усіх ног наўцёкі. Маска — сіла!» Я асцярожна, каб не спужнуць, павярнуў галаву, схапіў іх позіркам. Той, што гаварыў, — здаравенны бамбіза! Ну, пасля я ўжо стаў прыслухоўвацца. Пра маску ён больш не ўспамінаў. Завёў гаворку, што на рабоце яго прыціскаюць. За спазненні. Працуе ён, як я зразумеў з яго слоў, на станкабудаўнічым заводзе. Спачатку я, Аляксей Нічыпаравіч, — Скварчэўскі раптам перайшоў на таварыскі тон, — хацеў затрымаць яго, але ў мяне павязкі не было. Не службовая, значыць, асоба. Ды і падумаў: а ці з гэтага трэба пачынаць? Каб не нашкодзіў справе.
— Як ён выглядае? Слоўны партрэт яго намалюй!
Гаворачы гэта, Маскальчук сам неспадзявана ўявіў бамбізу з азызлым тварам, з доўгімі распэтланымі валасамі. Можа, таму, што нядаўна давялося мець непрыемную гутарку менавіта з такім тыпам?
— Слоўны партрэт? Ну, як вам сказаць… Бялявы твар, прадаўгаваты, прычоска па цяперашняй модзе, але акуратная. Вочы якія — не разгледзеў. Падалося толькі, што яны як бы пукатыя крыху. Апрануты ў цёмны пінжак і клятчатую кашулю.
— А ты пазнаў бы яго на фатаграфіі?
— Канечне.
«Значыць, зараз жа пачнём шукаць яго», — вырашыў Маскальчук і прапанаваў Скварчэўскаму:
— Паедзем на завод. Ты ж сёння таксама ў другую змену?
— У другую. Паедзем. Там мы яго, галубчыка, як піць даць… — Скварчэўскі прыгледзеўся да нахмуранага, заклапочанага твару капітана і змоўк, таксама спахмурнеў.
Праз паўгадзіны яны былі ў аддзеле кадраў станкабудаўнічага завода. Начальнік аддзела, мажны чалавек з вялікай сівой галавою, даведаўшыся, чаго яны хочуць, нічога не распытваючы — калі прыйшлі, значыць, трэба, — загадаў такой жа, як і сам, пажылой супрацоўніцы, каб паказала ім асабовыя карткі рабочых. Тая, таксама без лішніх роспытаў, правяла іх у суседні пакой. Чамусьці ўздыхнула, строга звяла рэдкія бровы. Выняла з шафы шуфлядку, запоўненую карткамі, паставіла на стол. Сказала, што яна будзе працаваць за суседнім сталом, і калі яны ў гэтай шуфлядцы не знойдуць чаго шукаюць, дасць ім наступную.
Маскальчук з горыччу падумаў: «Тут можам цэлы дзень пракорпацца. Вунь іх, шуфлядак, колькі ў шафе! Ды ці там, дзе трэба, яшчэ шукаем!..»
Скварчэўскага, відаць, гэта не турбавала. Ён, упарта падцяўшы вусны, жвава перакладваў карткі. Паўглядаецца колькі секунд пільным позіркам у фотаздымак і — далей, далей… Калі неўзабаве ён адну затрымаў у руцэ даўжэй, чым папярэднія, Маскальчук спачатку не надаў гэтаму асаблівага значэння: са здымка спакойна, хіба толькі, можа, крыху калюча, пазіраў сімпатычны, з правільнымі рысамі твару юнак.