Маскальчук уважліва паглядзеў на Кастуся. Нешта не задавальняла яго ў паказаннях хлопца. Тым не менш факты пацвярджаліся. Хаця б — эпізоды са зброяй. Пацярпеўшыя, якім пагражалі нажом і рэвальверам, сцвярджалі, што рабіў гэта «злачынец сярэдняга росту, каржакаваты».
Цяпер заставалася замацаваць усе паказанні і аднаго і другога аб’ектыўнымі фактарамі — заключэннямі экспертаў, рэчавымі доказамі, пратаколамі следчых дзеянняў.
VII
Прачнуўшыся, Маскальчук нейкі час яшчэ ляжаў на ложку, паклаўшы рукі пад галаву. Выхадны дзень, чаму не паляжаць у цёплай мяккай пасцелі? Сын яшчэ спаў. Жонка была ўжо на кухні, шаткавала капусту. Яшчэ звечара, калі зайшла пра гэта гаворка і ён падахвоціўся ёй памагчы, яна сказала, што без яго ўправіцца, не мужчынскі гэта занятак. Але ён пачуў у яе словах іншае: адпачні, а то зусім звёўся за гэтыя дні. Радавала, што Вера заўсёды разумела яго, нават у многім, як магла, цярпліва і тактоўна памагала яму.
I ўсё ж яму надакучыла ляжаць. Рыўком, як заўсёды рабіў, — з гэтага, казаў, пачынаецца яго фіззарадка, — ён ускочыў з ложка, сігануў у залу. Там адчыніў балконныя дзверы, стаў перад імі, пачаў махаць рукамі. Мускулы на спіне і руках напіналіся, бугрыліся, цела налівалася чырванню. Ён не заўважыў, як прытэпаў, стаў з ім побач сын. Заспаны хлапчук пазяхнуў, пацёр кулачкамі вочы і, старанна пераймаючы бацькавы рухі, таксама замахаў ручанятамі.
— Раз-два, раз-два! — падахвочваў яго камандай бацька. — Жвавей, сынок, жвавей!
— Лаз-два! — паўтараў за бацькам хлапчук.
Пачуўшы, што на кухню з залы пацягнула холадам, прыбегла жонка. Пабачыла малога і пляснула далонямі, накінулася на мужа:
— Ты што? Прастудзіш дзіця! — падскочыла да дзвярэй, зачыніла. — Нагаварыў, што яму трэба загартоўвацца, ён і ўбіў сабе ў галаву! Так жа можна дазагартоўвацца да запалення лёгкіх! — Перавёўшы дух, яна ўжо лагодней, з прытворнай незадаволенасцю і прыхаваным гонарам папікнула: — Ну як жа — бацька, аўтарытэт! — і шчасліва ўсміхнулася.
Маскальчуку захацелася крануцца Верыных мяккіх каштанавых валасоў, лёгенька пагладзіць іх, абняць яе за плечы, аднак замест гэтага ён скасіў вочы на малога і падміргнуў яму: так-так, сын, загартоўвайся. Хлапчук, беручы з яго прыклад, па-дзіцячы шчыра і радасна таксама падміргнуў яму. Вера ўсміхнулася шырэй, махнула рукой — ну што з вамі, неслухамі, зробіш! — і пайшла з залы.
Апетытна паснедаўшы — Вера напякла мяккіх пульхных бліноў, якія ён дужа любіў, — Маскальчук заспяшаўся. Надзеў паўсуконную цывільную куртку, шэрую з кароткім казырком шапку, узяў эцюднік. Сын, нічога нікому не кажучы, таксама пачаў надзяваць паліто.
— А ты куды збіраешся? — насцярожылася маці. — На дварэ холадна і сыра. Пойдзеш удзень, як пацяплее.
— Я хачу з татам. Хачу паглядзець, як ён малюе. — Хлапчук пазіраў на яе дакорліва і ўмольна.
Маскальчуку стала шкада яго. Захацелася ўзяць сына за руку і павесці з сабою, але сапраўды, куды ў такое надвор’е малому! Ён сказаў, што наступны раз, калі пацяплее, яны абавязкова пойдуць разам, даў яму традыцыйную лёгенькую пстрычку па носе. Так заўсёды яны выказвалі адзін аднаму сваю скупую мужчынскую ласку. Атрымаўшы хлапчукову пстрычку ў адказ, Маскальчук зморшчыў нос: маўляў, надта моцна, сын,— дужэеш, сілу пачуў! Усміхнуўся цёмнымі вачамі і пакрочыў да парога. Каля дзвярэй павярнуўся, махнуў хлапчуку рукой — да пабачэння.
Праз паўгадзіны ён быў ужо на ўзлеску за Дняпром. Шыбаваў шпарка, угрэўся. Аблюбаваўшы прыдатнае для работы месца пад тоўстай разгалістай сасной, зняў з пляча эцюднік, расшпіліў куртку. Глыбока, на поўныя грудзі ўдыхнуў вільготнае смалістае паветра. Пастаяў, адпачываючы, углядаючыся ў засмужаную шэрую далячынь.
Ён вырашыў маляваць раку. Тут, на гэтым выгібе, яна цякла імклівай магутнай плынню. Гайдала на бурлівых шэрых хвалях такое ж шэрае, з рэдкімі аблачынкамі неба і нязыркае сонца.
Як перадаць на палатне ў гучанні фарбаў свае думкі аб прыродае і пачуцці да яе? Маскальчук разумеў, што для гэтага мала ўмець правільна, упэўнена трымаць у руцэ пэндзаль, трэба яшчэ мець здольнасць пранікнуць душою ў самую глыбіню, у самую сутнасць з’явы. Сабе ён прызнаваўся, што такой сілы ў яго няма, тым не менш адчуваў прагу, патрэбу маляваць. Малюючы, ён як бы ўвесь напаўняўся ўзнёсласцю, нейкай надзіва светлай ціхай радасцю. Гэта было яго захапленне.
Ён шпарка разабраў эцюднік, прымацаваў да яго абрэзак палатна. Нетаропка, з урачыста-сур’ёзным усведамленнем важнасці моманту — так, мусіць, пракладвае ў вясеннім полі першую баразну араты — нанёс пэндзлем тонкі мазок. Рука на момант затрымалася над эцюднікам і зноў павяла пэндзаль па палатне — байчэй і даўжэй, як не да самага краю. Адступіўшы на крок, Маскальчук ледзь-ледзь прыжмурыўся, паўзіраўся ў контуры малюнка, затым кінуў вока на раку. Нешта яго не здавальняла. Падумаў, ці не выбраць лепшае месца.