Ну, пэўна ж, адсюль не дужа добра ўгадваўся спадзісты бераг там, дзе Днепр выходзіў з выгібу. Асцярожна ўзяўшы эцюднік, Маскальчук пераставіў яго на другое месца, крыху далей ад сасны, але так, каб не знікала з поля зроку вялікая, нізка навіслая над долам галіна. Гэтую зялёную галіну ён наважыўся намаляваць на фоне ракі буйным планам. Як сімвал вечнай маладосці прыроды.
Ён раз-пораз тыцкаў пэндзлем у палітру, дзе былі фарбы, рабіў два-тры мазкі і адступаў ад палатна, прыглядаўся. Працаваў напружана, з натхненнем.
На мінуту перастаў маляваць. Размяшаў на палітры бялілы з новага цюбіка, закурыў. Некалькі разоў глыбока зацягнуўся цыгарэтаю. Чамусьці ў гэтую хвіліну з жалем падумалася пра тых, хто абыякавы, эусім глухі да прыгажосці прыроды.
Як яны, тыя, з глухой душою, вырастаюць такімі? Яны што — такімі нараджаюцца?
Успомніўся сын. Іншы раз сядзіць Маскальчук на канапе, моучкі, задумліва пазірае на свае развешаныя на сцяне эцюды, і хлапчук таксама падсаджваецца да яго, зіркае вачанятамі то на карціны, то на бацьку — чаго ён усё маўчыць? Потым пачынае распытваць: тата, чаму гэтае дрэва большае і прыгажэйшае за астатніх?.. Як гэта птушка ў небе ляціць — як на карціне?.. А ты, тата, навучыш мяне маляваць?..
Раптам Маскальчуку падумалася, што і Кастусь Вайцяховіч, мусіць, вось так падсаджваўся б да свайго бацькі. Дзяцінства — час вялікіх пачаткаў у чалавеку. Ды п’янн Кірыла Вайцяховіч штодня калечыў сынаву душу. Глушыў у ім чуласць да ўсяго жывога, нішчыў чалавечнасць. Але ж дзе былі ў той час людзі?
Маскальчук зразумеў, што такія думкі пачалі даймаць яго з самае раніцы, калі ў сэрцы радасным водгаласам загучала гаворка з сынам.
Мазкі на палатно клаліся ўжо амаль механічна. Ніяк не выходзіла з галавы, што ж з’явілася першапрычынай падзення мо і неблагога па натуры хлапчука. Якая віна ў гэтым сям’і, школы?.. Гаворым, гаворым… «Дзіця — асоба, якая тонка адчувае адносіны да сябе, лёгка ўспрымае крыўду і ў той жа час здольная да крытыкі і самакрытыкі…» «Школа сёння — не проста ўстанова, дзе дзеці вывучаюць асновы навук, а цэлы свет, знаходзячыся ў якім, дзіця за дзесяць гадоў павінна стаць працаўніком, грамадзянінам, чалавекам…» Прыгожа гаворым. Толькі вось для Кастуся Вайцяховіча школа не стала цэлым светам. I школа, і заводскі цэх, дзе ён пачаў быў прывыкаць да гулу станкоў і бразгату транспарцёраў, да рваных драпін на руках, пакрытых машынным маслам і жалезным пылам. От не сталі ж чамусьці…
У свае школьныя гады Маскальчук ад настаўніка матэматыкі, хударлявага, жылістага, з густымі натапыранымі бровамі Карпа Сцяпанавіча ўпершыню пачуў, што, можа, ні з чаго так грунтоўна не пачынаецца чалавек, як з роздуму пра мэту і сэнс жыцця, пра сваё месца ў грамадстве. Потым ён пачуў гэта ад бацькі, калгаснага брыгадзіра. Пазней, калі ўжо працаваў токарам на станкабудаўнічым заводзе, на ўласным вопыце пераканаўся, наколькі мудрая народная прыказка: «Цёплае слова — дзве зімы грэе».
А Кастусю Вайцяховічу што — не гаварылі такіх слоў, якія б дзве зімы грэлі? Не было каму?..
У сваіх горкіх развагах аб прычынах, якія прывялі ю хлопца на крывую сцяжынку, Маскальчук бескампрамісна зводзіў у адно віну бацькоў, школы і калектыву, дзе Кастусь працаваў. Калектыву ён прад’яўляў сур’ёзны рахунак. Часам здавалася, што, можа, нават залішне сур’ёзны: паспрабуй упільнуй вось такіх крутамозгіх! Тады ён адказваў сабе: але ж і не спрабавалі. Што з таго, што ўзялі над ім шэфства, калі ён ужо чорную маску нацягнуў на твар! А дзе раней былі? Куды раней глядзелі?
Меў Маскальчук рацыю ці не меў, але папрокі свае ён найбольш адрасаваў непасрэдна майстру Анатолю Старасельцаву. Каму ж было, як не Старасельцаву з яго аўтарытэтам, паўплываць на маральна няўстойлівага юнака, праявіць цвёрдасць, дабрыню, чуласць? Каму?
Пасля таго як Маскальчук наведаўся на завод разам з дружыннікам Скварчэўскім, неўзабаве яму яшчэ раз давялося завітаць туды. Трэба было глыбей распытаць у рабочых пра Кастуся Вайцяховіча. Якія ў яго схільнасці, хто што найбольш характэрнае заўважыў за ім за час яго работы на заводзе? У гутарках з рабочымі Маскальчук многае пачуў і пра Старасельцава.
Людзі любілі майстра. У простых, някідкіх, але надзвычай шчырых словах вымалёўваўся Маскальчуку яго вобраз як неўтаймоўнага працаўніка. «Цімафеевіч параіў…», «Цімафеевіч як зрабіў — памятаеш?..», «Цімафеевіч так лічыць…» Маскальчук зразумеў, што Старасельцаў валодае дзівосным дарам — у працы весці за сабою людзей. Не падначальваць, а менавіта весці. Дык чаму ж гэты аўтарытэтны чалавек не палічыў сваім найпершым абавязкам разбурыць псеўдаінтарэсы Вайцяховіча, пазбавіць іх ранейшай, надуманай ва ўяўленнях хлопца прывабнасці, даць яму іншыя, карысныя жыццёвыя арыенціры?..