Выбрать главу

Маскальчук разважаў так, быццам запісваў свае разважанні ў блакноце ў чырвонай вокладцы. Захоплены імі, ён працаваў доўга. Ажно рука стамілася. Нарэшце сказаў сабе: хопіць, астатняе можна дома дарабіць. Адступіў ад эцюда, нібы хацеў пераканацца, ці не просіцца яшчэ нейкі апошні мазок, які ён павінен зрабіць менавіта тут. Нічога не знайшоўшы, выцер пэндзаль аб анучу.

Трэба было даць час, каб падсохлі фарбы. Маскальчук не стаў здымаць палатно з эцюдніка. Прайшоўся па беразе, размінаючы ногі ад доўгага стаяння, паназіраў за чарадой варон і галак, якія з рэзкім узбуджаным крыкам, узняўшыся недзе з лугу, кружыліся над лесам. Прайшло хвілін дзесяць. Ён зняў палатно, асцярожна, каб не зліпліся фарбы, упакаваў яго і пакрочыў дадому.

3 неба зацерусіла дробная імжа. Яна сеялася ціха, бязгучна клалася на рыжую траву, якая блішчала ад вільгаці. Маскальчук не прыспешваў хады. Пад такім дажджом не дужа намочышся, затое прыемна адчуваць на твары малюсенькія халаднаватыя кропелькі. Яны быццам тоненька-тоненька паколвалі. 3 цупкай сцяжынкі, выбітай нястомнымі нагамі жыхароў недалёкай вёскі, ён выйшаў на шырокі, высока навіслы над ракою мост. Спыніўся на мосце — захацелася адсюль, з вышыні, паглядзець на Днепр. Які ён, сівы Днепр, няўлоўна зменлівы, таемны і ў сваёй сіле, і ў спрадвечнай непаўторнай прыгажосці!

Адразу за мостам пачыналася гарадская вуліца. Ён, чуючы ў сабе нейкі супярэчлівы настрой — і скруху, і разам з тым прыўзнятасць, бадзёрасць, — няспешна пакрочыў па гэтай вуліцы.

3-за свежапафарбаванага зеленаватага вуглавога дома, які выглядаў вельмі прыгожа, насустрач, як не сутыкнуўшыся з ім, выйшаў каранасты мацак. Спярша ён кінуўся ў вочы Маскальчуку тым, што яго шырокія грудзі прыгожа, шчыльна аблягала цёмна-сіняя нейлонавая куртка на маланцы. Упоперак грудзей, па плячах цягнуліся чырвоныя палосы.

— Добры дзень, таварыш капітан. Не пазналі?

Маскальчук зірнуў мацаку ў твар.

— Добры дзень, Сіняковенка.

— Вы так задумаліся, таварыш капітані — Сіняковенка, бліснуўшы залатой каронкай, усміхнуўся. — На мяне ледзь не наляцелі. — Ва ўсім — у яго смуглявым, крыху скуластым твары, ва ўсмешцы, у цвёрдай пругкай паставе адчувалася задаволенасць сабою.

— Мы з вамі, бадай, адной вагавой катэгорыі, так што, калі б і наляцеў, ніякая небяспека вам не пагражала б, — пажартаваў Маскальчук. — Да пабачэння.

Калі яны размінуліся, Маскальчука нечага пацягнула азірнуцца, паглядзець яшчэ раз на Сіняковенку: сапраўды яны адной вагавой катэгорыі ці не? Але ён адагнаў ад сябе гэтае недарэчнае жаданне — дзівак, якое мае значэнне, адной ці не адной.

Пасля абеду Маскальчук узяў у калідоры эцюднік, пайшоў у кабінет. Там, стоячы каля стала, патрымаў яго ў руках, наважыўся разбіраць, ды нечакана зрабіў іншае — паклаў на падлогу. Праз момант памкнуўся нагнуцца, узяць эцюднік, але замест гэтага сеў у крэсла.

Яму раптам стала зусім ясна, чаго зараз хацелася і што ён павінен рабіць.

Ён выняў з бакавой шуфлядкі стала блакнот у чырвонай вокладцы, разгарнуў яго. Памарудзіў і напісаў: «Віна ў тым, што Кастусь Вайцяховіч стаў злачынцам, несумненна, ляжыць і на паважаным у калектыве чалавеку майстру Старасельцаве. Толькі ж ён…»

Рука Маскальчука, якая спраўна вадзіла самапіску, не закончыўшы сказа, нечакана спынілася. Ён задумаўся, пасля спахапіўся: ці справядлівы ён тут, ці не кідаецца ў крайнасці?..

VIII

3 раніцы Маскальчук, Кірыльчанка і панятыя накіраваліся на вуліцу Лугавую, дзе злачынцы абрабавалі Сіліванаву. Неабходна было замацаваць паказанні Кірыльчанкі. Мелася на ўвазе, што ён дакладна пакажа, дзе, у якім месцы яны напалі на жанчыну, якім шляхам уцякалі пасля таго, калі ўчынілі злачынства. Усё гэта трэба было занесці ў пратакол узнаўлення паказанняў і ў схематычны план.

Павярнуўшы за скверам на Лугавую, Кірыльчанка, які крочыў першы, не даходзячы метраў сто да канца вуліцы, спыніўся каля плота. Ціха сказаў Маскальчуку:

— Тут.

— Дзе — тут? — не зразумеў МЬскальчук. — Вы пакажыце дакладна.

— Ну тут вось, каля гэтага плота. Я за сумку, а яна за маску.