— Вы, Кірыльчанка, жартаваць надумаліся?
— Не, я не жартую. Хіба не так? — ён разгублена азірнуўся.
Маскальчук прасачыў за яго позіркам, пачакаў. Хлопец маўчаў.
— Адкуль вы з Вайцяховічам ішлі?
— 3 канца вуліцы. Там каля крайняй хаты пад дрэвам чакалі, калі пабачым каго, дык каб адразу выйсці насустрач…
«Правільна, і Вайцяховіч так гаварыў»,— адзначыў Маскальчук, а ўголас сказаў:
— Але ж Сіліванава паказала іншае месца. Вайцяховіч таксама.
— Якое? — жвава спытаў Кірыльчанка. — Я, можа, сапраўды пераблытаў.
— Падумайце, паўспамінайце, мы пачакаем.
Кірыльчанка падышоў бліжэй да плота, вярнуўся назад.
— Ага, пачакайце, таварыш капітан, я ўспомню. Штосьці тлумна ў галаве: тут — не тут.
«Гэта ён такі хітры таму, што рыжы,— прыгадаў Маскальчук словы Кастуся, калі той валіў на хаўрусніка, што ён здатны любога коніка выкінуць, каб сваю віну зменшыць альбо зусім зваліць на другога. — Рыжыя — яны ўсе хітрыя».
— Не прайшоў тлум у галаве?
— Чакайце, можа, вы наўмысна збівяеце мяне, правяраеце? Дык няма чаго правяраць, я праўду расказваю.
— Тады так усё і занясём у пратакол: «Каля плота».
— Так і заносьце.
Увесь час, пакуль Маскальчук пісаў пратакол і маляваў план-схему месца нападу, ён думаў: чаму Кірыльчанка гаворыць блытана, сцвярджае тое, што ў сапраўднасці было інакш? Памыляецца? Такое, безумоўна, можа быць. Не на любоўнае ж спатканне ішоў, баяўся, каб не папасціся. Але ж тут вось яшчэ што напрошваецца: не быў ён там. Другім нехта іншы быў. Можа, якраз той, пра каго Маскальчук думаў як пра трэцяга? Варыянт «трэцяга» яны абмеркавалі на аператыўнай нарадзе ў аддзяленні крымінальнага вышуку, і яго шукалі Маскальчуковы калегі, так менавіта і ўспрымаючы — як трэцяга. А гэты — на табе! — падкінуў новую галаваломку.
3 Лугавой яны пайшлі на суседнюю вуліцу — Усходнюю. Па дарозе Маскальчук, нібы між іншым, гаварыў да Кірыльчанкі:
— Можа, вы, Аляксей, не рабавалі на Лугавой?
Хлопец, падалося яму, здрыгануўся, унутрана ўвесь напружыўся.
— А хто рабаваў?
— Вось гэта я і хачу высветліць у вас. Хто?
Кірыльчанка павольна павярнуў вочы ў адзін бок, у другі. Маскальчук заўважыў, якія яны ў яго вялікія, пукатыя. I дужа маркотныя. Колькі секунд Кірыльчанка нерухома глядзеў перад сабою, моцна сцяўшы вусны; на яго сківіцах уздуліся мышцы. У тую мінуту ён адразу нібы пасталеў і пабачыўся Маскальчуку нязвыкла жорсткім.
— Я ж вам сказаў — хто, — прагаварыў ён глуха. Затым выразна паглядзеў на Маскальчука і дадаў, нібы супакойваючы яго: — Я і Вайцяховіч.
Ахвота, каб нечага яшчэ дапытвацца, у Маскальчука адпала. Відаць было, што Кірыльчанка замкнуўся ў сабе і нічога істотнага дабіцца ад яго не ўдасца. Разам з тым Маскальчук неспадзявана адчуў, быццам быў абавязаны пашкадаваць яго, зрабіць штосьці такое, што разарвала б заслону замкнёнасці і аблегчыла незайздроснае становішча хлопца. Штосьці, можа, такое, што ў свой час павінен быў зрабіць Старасельцаў для Вайцяховіча?..
Крочачы побач з хлопцам, Маскальчук думаў, што таму нешта дужа баліць у душы, але ён з усяе сілы намагаецца схаваць гэты боль, адолець яго ў сабе.
На вуліцы Усходняй Кірыльчанка таксама паказаў не тое месца.
— Зноў не супадае,— хаваючы раздражненне, заўважыў яму Маскальчук. — Чаму такая блытаніна атрымліваецца?
— Як не супадае?! — злосна ўсклікнуў Кірыльчанка. — Добра памятаю, тут. На танцах мы збацалі балдзёжны шэйк і выскачылі сюды разжыцца. Тут вось, каля гэтага дрэва, і сустрэлі кралю. Усё супадае.
— Злачынства, як сцвярджаюць пацярпеўшая і Вайцяховіч, учынена вунь каля таго дрэва.— Маскальчук паказаў на вялізную старую бярозу з галінамі-косамі, якая застыла ў журботнай самоце на другім баку вуліцы.
— Што вы ўсе збіваеце мяне, блытаеце! — Кірыльчанка роспачна глянуў на Маскальчука. Зморшчыўся, закрыў твар рукамі.
— Пасаромеліся б, Кірыльчанка, гаварыць глупства. Падумайце, навошта мне вас блытаць? Якая мне карысць ад гэтага?
— Бо вы міліцыя, — хлопец адняў рукі ад твару, аднак не глянуў на капітана. Апусціў вочы.
Маскальчук не быў гатовы пачуць такое, памкнуўся нешта запярэчыць, ды быццам спатыкнуўся на тым пярэчанні і спытаў:
— Прызнайцеся, чые вы словы паўтараеце?
Кірыльчанка прабубніў:
— Нічога я не паўтараю, сам ведаю, дык і гавару. — I чамусьці пачаў абцягваць зашпіленую на адзін толькі сярэдні гузік цесную яму куртку.
Маскальчук улавіў, што ў адну секунду ў хлопцу штосьці змянілася. I голас, і вочы, і рухі — усё стала іншым, як калі б раптам на яго месцы апынуўся другі чалавек. Падобна было, што нарэшце Кірыльчанка перамог нейкія пакутлівыя супярэчнасці ў сабе, якія яго страшэнна мучылі, вырашыў штосьці вельмі важнае, беспаваротнае для сябе. Маскальчук як бы абмацваў Кірыльчанку вачамі, старанна правяраў, чаго гэты Лёшка Вогненны цяпер варты. На момант паставіў побач з ім Вайцяховіча, пачаў параўноўваць.