— Гавару тое, што сам ведаю,— яшчэ раз упарта прабубніў Кірыльчанка, кончыўшы абцягваць куртку і ўзяўшыся папраўляць на галаве кепачку-блінок з маленькім казырком.
Яны былі яшчэ на трох вуліцах. Кірыльчанка і там паказваў не тое. А на заўвагі, што зноў блытае, ён ужо адказваў:
— Можа, і блытаю, але мне здаецца — тут мы накінуліся на яе.
Гаварыў ён без трывогі і недаўмення, без цвёрдага жадання пераканаць. Вочы глядзелі суха, твар стаў шэры, абыякавы, без адзінай цёплай рысачкі.
Маскальчук пераканаўся канчаткова: Кірыльчанка не рабаваў, чужую віну на сябе бярэ. Ого, дужа ж вялікая самаахвярнасць — у турму за кагосьці садзіцца. Хаця з нечым падобным і даводзілася Маскальчуку сустракацца ў сваёй практыцы, але ўсё роўна гэта яго ўразіла. Чаму ён бярэ на сябе чужую віну? Што змусіла яго зрабіць такі ўчынак?
Перакананасць Маскальчука пацвердзілася таксама пошукамі рэвальвера і нажа. Кірыльчанка сказаў, што кінуў зброю ў Днепр каля старой вярбы, якая звесілася над вадою з крутога берага за вуліцай Набярэжнай. Цэлага паўдня, пакуль не пачало змяркацца, ныралі ў тым месцы вадалазы. Яны запэўнілі Маскальчука, што зброі там няма — агледзелі кожную канаўку, кожную ямінку на дне ракі.
IX
Вырашыўшы, што вобыск усё ж трэба рабіць, і прытым неадкладна, бо можа здарыцца непапраўнае ўпушчэнне, Маскальчук з горыччу падумаў: «Дзё цяпер яшчэ тых панятых шукаць? Зноў запрашаць каго з суседзяў?» Ды ўспомніў: там жа магазін побач і ён зачыняецца якраз.
У магазін яны з участковым інспектарам Багачэнкам зайшлі, калі прадаўцы ўжо збіраліся дадому. Адразу накіраваліся да бліжэйшага, галантарэйнага аддзела. Адна прадаўшчыца, старэйшая, чарнявая, стаяла за прылаўкам і падлічвала чэкі, другая, амаль дзяўчо яшчэ, як падалося Маскальчуку, перад люстрам, што стаяла на паліцы, запраўляла пад чырвоную шапачку светлыя пышныя валасы. Пачуўшы, хто яны і што хочуць ад іх, яна грэбліва — яшчэ чаго, маўляў, не хапала мне — зморшчыла нос, але чарнявая падміргнула ёй прыгожымі падсіненымі вачамі і, звяртаючыся да Маскальчука, жартаўліва адказала:
— Чаму ж не пайсці з такім сімпатычным капітанам? Пойдзем, калі мы там патрэбныя.
Тым не менш яшчэ адзін клопат даймаў Маскальчука: што, калі Сіняковенкі не будзе дома? Без яго ж вобыск рабіць не станеш.
Сіняковенка быў дома. Маскальчук растлумачыў яму, чаго яны прыйшлі, падаў ордэр на вобыск. Той доўга чытаў ордэр, потым усміхнуўся:
— А подпіс сапраўдны, не падроблены?
Ва ўсмешцы і словах яго не было нічога злоснага і з’ёдлівага: невясёлы жарт — і ўсяго толькі. Аднак, вяртаючы Маскальчуку ордэр, Сіняковенка пазмрачнеў, насупіў шырокія чорныя, як галавешкі, бровы.
— Значыць, замятаць мяне прыйшлі? Хацеў бы я ведаць, што вам засвярбела? Што вы будзеце шукаць?
— Калі знойдзем, тады скажам.
Маскальчук абвёў вачамі вялікі, застаўлены рознай мэбляю пакой, на некалькі секунд спыніў позірк на прасценку паміж дзвярамі і сцяною, якая аддзяляла пакой ад кухні. Прасценак быў як не да самай столі аблеплены каляровымі фотаздымкамі жанчын з вокладак розных часопісаў. I панятыя дзяўчаты, і гаспадар кватэры таксама туды зірнулі. Толькі Багачэнка, незадаволена хмыкнуўшы, павярнуў галаву ў другі бок.
— Будзем, Рыгор Андрэевіч, пачынаць, — звярнуўся да яго Маскальчук. — Агледзьце пярэдні пакой, а я тут займуся.
— Пачынайце, а калі скончыце, тады зноў кралямі палюбуецеся, — не стрываў, пакпіў Сіняковенка. — Праўда ж, прыгожыя дзяўчаты? I вам таксама, таварыш старшы лейтэнант, не варта адварочвацца, можна і вам палюбавацца. Яны ж, зірніце, усе апранутыя, голай ніводнай няма.
Багачэнка, ніяк не адрэагаваўшы на кпіны гаспадара, моўчкі пайшоў у пярэдні пакой. Маскальчук адчыніў шыфаньер, пачаў перакладваць на паліцы чыстую бялізну. 3 адабрэннем падумаў: «Адзін жыве, а ўсё ў яго ў належным парадку. I бялізна во — папрасавана, акуратна складзена». Міжволі ён і сам стараўся, каб не пакамячыць што.
Сіняковенка сказаў, што ён як гасцінны гаспадар можа пачаставаць усіх чаем. Дзяўчаты прыціхла сядзелі на канапе, скаваныя цяжкім настроем ад таго, што неспадзявана сталі ўдзельніцамі такой незвычайнай, непрыемнай падзеі. У пакоі ўсталявалася гнятлівая цішыня. Чарнявая нарэшце, скідваючы з сябе здранцвенне, зварухнулася, уздыхнула. Адразу ж, як бы ў падтрымку сяброўцы, працяжна охнула — о-ох!— бялявая. Потым яны абедзве разам кінулі на Маскальчука незадаволеныя, дакорлівыя позіркі. У іх вачах ён прачытаў: ну навошта ты нас прыцягнуў сюды, навошта мы тут спатрэбіліся?..