Выбрать главу

Багачэнка, трымаючы туфлі ў апушчаных руках, павярнуўся, каб зноў пайсці ў пярэдні пакой. Падумаў: «От так, спазніліся…»

— Адну хвілінку, Аніськін… Даруйце — таварыш старшы лейтэнант, — спыніў яго Сіняковенка. — Вось вы разумееце, што калі абутак знасіўся — на звалку яго. А ці разумееце вы, што чалавеку нельга душу травіць? Я ж вам адразу, калі прыйшоў па чыстай, заявіў: завязаў, упісваюся ў правільную лінію. Заяўляў? Я добра ўклаў сабе ў башку: калі зноў выйду на крывую, дык мяне так можа вынесці за паварот, што ўжо, як гаворыцца, збіраць не будзе чаго. — Лютая злосць, якую ён ледзь стрымліваў, успыхнула ў ім недзе далёка ўнутры, ішла з самай глыбіні, з ускаламучанага дна. — А вы ўсё думаеце, што я для понта вам сказаў, што я жлоб? Ды я кожны месяц з заводскай касы па дзвесце хрустоў у кішэню кладу! Падраныя туфлі мае спатрэбіліся ім!.. — Яго шырокія губы, скрывіўшыся, сцяліся, моцна напятыя скулы пабялелі. Ён чакаў, калі Багачэнка паглядзіць у яго бок, нешта адкажа.

Участковы інспектар паглядзеў, глуха прадыхнуў:

— А вы, Сіняковенка, разумееце маю душу? Ці не травіцца яна тым, што ў нас яшчэ з’яўляюцца чорныя маскі? — Ён развёў рукі — вось так, маўляў! — і павольна апусціў.

У пакоі зрабілася ціха-ціха. Бялявая прадаўшчыца сцепанулася на канапе, адвяла плечы ад спінкі, прыгнулася і зноў, другі раз, уздыхнула. Маскальчук стаяў, павярнуўшыся ад расчыненага шыфаньера. Сказаў:

— Даруйце, што зробіш — служба.

Бялявая прадаўшчыца паглядзела на яго, як яму здалося, з асуджэннем: навошта так холадна, казённа? Чаму не сказаць мякчэй, больш добразычліва?

Сіняковенка к таму часу быццам ужо і паспакайнеў, прамовіў прымірэнча:

— Ды што з вамі зробіш, сапраўды: служба — не пазайздросціш. — Потым спахапіўся: — Там ужо, мусіць, чайнік закіпеў. — I да прадаўшчыц: — Пайшлі, дзяўчаты… Даруйце, як вас завуць? Давайце пазнаёмімся: я — Аркадзь.

— Лена, — таропка, можа, нават і не падумаўшы як след, навошта яна гэта робіць, назвала сваё імя бялявая. Хутчэй за ўсё так здарылася таму, што ёй падсвядома хацелася хоць як змякчыць гнятлівую напружанасць, якая панавала ў пакоі і чымсьці загадкавым, пагрозлівым наганяла страх. Яна міжволі спадзявалася неяк паспрыяць, каб тут усталявалася хоць бачнасць больш-менш непасрэдных чалавечых адносін.

Чарнявая адказала стрымана, але таксама без запінкі:

— Тамара.

— То пайшлі, Тамара і Лена, я вас чаем пачастую. 3 варэннем, што сястра наварыла. — Сіняковенка кінуў позірк на Маскальчука. — Некаторых я не магу запрасіць, яны пры выкананні.

— А мы таксама пры выкананніі — байчэй, чым назвала сваё імя, адгукнулася Лена. У яе воклічы пачулася нейкая палёгка, ім яна нібы апраўдвалася за тое, што мінуту назад так неразважліва пайшла на знаёмства з чалавекам, які, мусіць, запляміў сябе нечым нядобрым.

Тамара нічога не адказала, толькі ледзь-ледзь прыкметна, няпэўна паціснула плячамі.

— Як хочаце, я — ад душы.— Скупа ўсміхнуўшыся, Сіняковенка пайшоў на кухню.

Усмешка яго нечакана паказалася Маскальчуку чыстай і добрай. Паказалася, што ўзнікла яна проста, без натугі ад нядаўняй крыўды, як бы сама сабою. I дзесьці ў глыбіні душы Маскальчук пашкадаваў, што дзяўчаты не далі Сіняковенку магчымасці атрымаць задавальненне ад таго, каб пачаставаць іх чаем са смачным варэннем. «Ну і хай бы пачаставаліся, — падумаў ён, слухаючы, як на кухні тонка забразгала аб шклянку лыжачка — Сіняковенка памешваў чай.— Яго ж не назавеш злачынцам — не прызнаны судом. Мала што падазрэнне!..»

Стала прыкра: вось колькі ўжо часу возяцца, а так нічога і не знайшлі. Можа, і дарэмна кінулі цень на чалавека?

Вярнуўшыся з кухні, Сіняковенка зноў падсеў да дзяўчат. Пажартаваў: чаго маркотна галовы павесілі, не ў вас жа далікатныя людзі з клапатлівага чулага органа шмон вядуць! Потым пачаў забаўляць іх нейкай банальнай гісторыяй, якая надоечы здарылася ў прыгарадным цягніку. «Тэатр быў, дый годзе! Заляцаўся якісьці хлюст да дзяўчыны, што сядзела на лаўцы насупраць яго. А побач з ёю кімарыў здаравенны мардаты бамбіза. Увішны кавалер, пад гальштукам, інтэлігентны такі, аж захлёбваўся прыгожымі спакуслівымі словамі. Раптам вырачыў вочы як за горла яго хто хапіў. А калі той мардаты — уж? Ён не глядзіць, кімарыць, ды як улепіць па фізіяноміі — выцірайся тады…».