Маскальчук слухаў і не слухаў яго балбатню. Словы не затрымліваліся ў галаве. А дзесьці між імі на адно імгненне мільганула: «Расказвае, ды быццам не ім гаворыць, а сабе, самога сябе займае». I ўслед за гэтым ён адчуў, нібыта чыесьці недаверлівыя вочы ўпотай вельмі пільна цікуюць за ім. Тады адразу з’явілася ўражанне, што яны даўно, з самага пачатку вобыску, не адпускалі яго ні на крок, ды ён проста не заўважаў гэтага.
— А яму, ахламону, адважыць пілюлю і не зашкодзіла б. — Адкінуўшы сваю прытворную пачцівасць, якую імкнуўся выстаўляць на першым часе, Сіняковенка цяпер гаварыў, не дужа падбіраючы словы. Яму, відаць, надакучыла тая гульня.— Ты чаго чапляешся да замужняй жанчыны? Сляпы, ці што? Ёсць жа яшчэ такія жалезабетонныя балваны, што і з людзьмі паводзяць сябе па-дурному, і жывуць гэтак жа. У нашым жыцці трэба ўвесь час шукаць і знаходзіць інакшы ад усіх, свой асаблівы сэнс існавання. Правільна, дзяўчаты, я кажу? Шукаць і знаходзіць…
Маскальчук, які ў той момант нагнуўся, каб зазірнуць за батарэю ацяплення, выпрастаўся, але да Сіняковенкі не павярнуўся. Як бы пабачыў перад сабою нейкуюі яркую, аслялляльную ўспышку. Так выразна мільгануў зусім жывы трапяткі агеньчык. Ён адразу ж аддаліўся, знік з вачэй, прыцьмеў удалечыні, аднак не патух. «Шукаць свой асаблівы сэнс існавання…»
Імгненна ў памяці Маскальчука ўваскрэсла, як аднойчы бяздумна прагаварыў гэтыя словы Вайцяховіч, і ў раптам праясніла ўсё — «Сіняковенка!.. Ці, можа, тут казус, выпадковае супадзенне? Ды наўрад». Не, гэтая фраза гаварыла Маскальчуку больш, чым сказалі б тыя стаптаныя туфлі, каб яны былі знойдзены. А Кірыльчанка… Тым, што так упарта, зацята сцвярджае, нават выстаўляе сваю віну, ён адначасова, хочучы таго ці не, і адхіляе яе. Не бывае такога, каб чалавек, не маючы пэўнай мэты, імкнуўся пераканаць органы следства, што ён учыніў цяжкае злачынства. Можа, якраз Сіняковенка навучыў яго: «Ты ўпершыню блазнаваў па хлапечай дурноце. Табе за гэта — пазбаўленне волі ўмоўна. Зразуімеў? Затое мяне з бяды выбавіш. Так робяць усе сапраўдныя хлопцы. Зразумеў?..» Вось так яму на мазгі: кап, кап… — сапраўдныя хлопцы…
Разважаючы і так і гэтак, Маскальчук працягваў вобыск. Адну за адной перастаўляў кнігі ў прыгожай, пафарбаванай пад колер арэхавага дрэва кніжнай шафе. А іх было не мала, бітком набіта. I ранейшых выданняў, відаць, ужо не раз патрыманых у руках, і зусім новых, сёлетняга года выпуску. Раптам на нейкі момант узяла цікавасць: «Што ён чытае?» Позірк пачаў выхопліваць на вокладках назвы кніг: «Граф Монтэ-Крыста», «Тры мушкецёры», «Чырвонае і чорнае»… Вочы спыніліся на чырвонай вокладцы, на якой быў намаляваны стары ў капелюшы, з піпкай у роце і стрэльбай на плячы, з надпісам пад малюнкам: «Дэрсу Узала». Ён узяў кніжку, адгарнуў адну старонку, другую і адзначыў: нечытаная. Некаторыя аркушы, на якія на камбінаце ў час брашуроўкі трапілі пырскі клею, так і засталіся склеенымі.
Як толькі кніжка стала ў шэраг з іншымі, думкі Маскальчука адразу вярнуліся да ранейшага. Калі ўсё так, як яму ўяўляецца, дык Сіняковенка, выходзіць, цалкам заўладаў душамі юнакоў. Хлопцы былі паслухмянымі, сляпымі выканаўцамі яго злой волі? Тое, што ўчынілі яны (адзін — рабаваў, другі — пакрываў завадатара і верхавода), пакінула ў іх душах глыбокі псіхалагічны зрух, заклалася ў характары. Дык якім жа трэба быць жорсткім, бязлітасным чалавекам, каб калечыць даверлівыя юначыя натуры!.. Але…
«Што — але?!» Маскальчук са злосцю і роспаччу як бы выгукнуў гэтыя словы. Выгукнуў у дакор сабе: якога табе ражна яшчэ трэба, ты ж знайшоў галоўнае — выток злачынства!.. Аднак ён добра ўсведамляў, што хавалася ў тым бязлітасным «але», ды што ён мог супрацьпаставіць яму? Дзе яны, доказы вінаватасці Сіняковенкі, дзе? Адны разважанні, здагадкі.
Маскальчук ужо не спадзяваўся, што адшукае нешта за кнігамі: заставалася перакласці з дзесятак тамоў. Можа, Багачэнка што знойдзе? Як тады, у Вайцяховіча… Ён прыслухаўся, як участковы інспектар шоргаў, грукаў на антрэсолях у калідоры, штосьці перасоўваючы і перастаўляючы там. Праз колькі секунд шорганне і грукат на антрэсолях спыніліся. Маскальчук таксама скончыў сваю справу, павярнуўся ад шафы. У пакоі з’явіўся Багачэнка.
— Нічога не знайшоў, таварыш капітан, — далажыў ён панура.
— Ну, калі не знайшоў, значыць, нічога такога, што нас зацікавіла б, тут няма, — усміхнуўся Маскальчук. — Я так мяркую.
— Ды ўжо ж — няма. Шукаў пільна.
— У вас, Сіняковенка, ёсць якое-небудзь падсобнае памяшканне?