— Як і ў кожнага жыхара гэтага дома — кладоўка ў падвале. — Сіняковенка крута схіліў галаву. Ад прыкрасці — во прычапіліся! — ён пазмрачнеў. Але прайшло колькі секунд, і ён як бы ўнутрана страпянуўся: — Што ж, можна і туды прайсці. Толькі там вы, таварыш капітан, будзеце мець справу не з кнігамі, а са старымі крэсламі, тумбачкамі, лыжамі. Ды з павукамі.
Лена шпарка, як спалохаўшыся чаго, усхапілася з канапы.
— То, можа, таварыш капітан, там без нас ужо абыдзецца? Дадому спяшаюся.
— На спатканне трэба? Нічога, падажджэ, — апярэдзіў Маскальчука Сіняковенка, пажартаваў ранейшым развязна-бойкім тонам. — Я б такую да ночы чакаў.
— Ніяк не абыдземся. — Маскальчук дакорліва паглядзеў на яго і позіркам папрасіў у дзяўчыны прабачэння. — Нельга без вас.
Яна пастаяла моўчкі, нібы чакала ад яго нейкіх іншых слоў, і, не дачакаўшыся, ціха сказала:
— Усё роўна ж нічога не знайшлі.
— А гэта таксама, калі разабрацца, няблага, — адказаў ёй Маскальчук. — Падазрэнне спадзе з чалавека.
У пярэдняй Сіняковенка скінуў з ног мяккія пакаёвыя тапкі, пачаў абуваць новыя туфлі, якія паказваў Багачэнка. I адзін, і другі доўга зашнуроўваў. Спакойна апрануў ужо знаёмую Маскальчуку сінюю з чырвонымі палосамі нейлонавую куртку. Няспешнасцю сваёю ён як бы хацеў паказаць пагарду да работнікаў міліцыі, якія падазрэннем зняважылі, прынізілі яго чалавечую годнасць.
Для таго каб трапіць у падвал, трэба было з пад’езда выйсці ў двор. На дварэ Маскальчук спыніўся падыхаць свежым паветрам. Над галавой нізка паўзла невялікая хмара. Яна была адна-адзіная, але зоркі чамусьці не высыпалі. Неба здавалася пустым і жалобным.
Вобыск у кладоўцы цягнуўся нядоўга. Але Маскальчуку ён паказаўся больш цяжкім, пакутлівым, чым той, у кватэры. Спіною, плячамі, патыліцай ён увесь час адчуваў на сабе пранізлівы, варожы погляд Сіняковенкі. Стараючыся не звяртаць на гэта ўвагі, зазірнуў пад ашмоцце, што грувасцілася ў кутку, павёў вачамі па цагляных нетынкаваных сценах. Кінуў позірк на вадасцёкавую трубу. Падышоў, нагнуўся. Намацаў пад ёю ў падлозе шчыліну, запусціў туды руку. Пальцы адразу крануліся нечага цвёрдага, загорнутага ў шмотку. Ледзь вышчаміўшы са шчыліны сваю знаходку, Маскальчук выпрастаўся, хацеў папытаць у Сіняковенкі, што гэта такое, ды не паспеў. Сіняковенка з раз’юшанасцю лютага звера, якая распірала яму грудзі, прахрыпеў:
— Трэба было мне, дурню, кіпці рваць адсюль, а я глядзеў на месяц і спяваў пад гітару.
На яго ніхто не глянуў, усе з трывожнай насцярожанасцю сачылі за капітанам. Маскальчук паволі разгортваў скрутак, і ўсе спачатку ўбачылі чорную, крыху выгнутую ручку.
— Так і ёсць, наган. — У адной руцэ ён трымаў зброю, у другой — скамечаную шмотку.
Дзяўчаты спалохана прыціснуліся адна да адной, знерухомелі, як скамянелі. Багачэнка ўзяў у капітана шмотку.
— А гэта што? — разгарнуў яе.— Гэта маска.— У лапіку чорнай матэрыі з прышытымі матузкамі былі прарэзаны дзве дзіркі, каб бачыць.— Акурат як тая, што ў Вайцяховіча знайшлі. Вось і ўся сутнасць, грамадзянін Сіняковенка.
— Ды не вякай ты, Аніськін, не рві душу, — працадзіў скрозь зубы Сіняковенка. — Пішыце пратакол хутчэй. — Выняў цыгарэту, закурыў.
Багачэнка, не зважаючы на яго злосны выпад, патаптаўся на месцы, павярнуўся да Маскальчука.
Капітан уважліва паглядзеў на ўчастковага інспектара. Яму падалося, што пакуль вёўся вобыск, Багачэнкаў твар схуднеў, вочы глыбока запалі. I скроні нібыта пабялелі таксама за час вобыску. Падумалася: вось на што мы яшчэ вымушаны растрачваць сябе! Ад людзей, хоць за дзень іншы раз бываюць дзесяткі сустрэч і прафілактычных гутарак, не стамляешся, а вось такое — дужа непрыемнае і цяжкае…
Сіняковенка раз-пораз моцна зацягваўся дымам, ціха пагойдваўся на насках сваіх новых туфляў. I толькі па сініх наттружаных жылах на шыі можна было зразумець, чаго каштавала яму гэтае пагойдванне. Дзяўчаты пазіралі на яго з непрыхаваным страхам. Здавалася, каб ён толькі тупнуў нагою, яны пырхнулі б з падвала, як вераб’і з падстрэшша. I яшчэ падобна было на тое, што ім толькі гэтага цяпер і хацелася.
— Зараз пойдзем у кватэру і там саставім пратакол.
Дзяўчаты скоранька патупацелі па прыступках, што вялі да дзвярэй. За імі і Багачэнка пайшоў. Сіняковенка зачыніў кладоўку, некалькі секунд памарудзіў і зноў адчыніў.
— Таварыш капітан, калі падазраваемы сам аддае тое, што ў яго шукалі, ды не знайшлі, палёгка яму бывае? Гэта ўлічваецца як пацвярджэнне, што ён раскайваецца ў сваім злачынстве?
— Вы ж, Сіняковенка, добра ўсё ведаеце — і пытаеце. Толькі час марнуеце, калі ёсць што — аддайце.