Выбрать главу

— Есць… Ну, а наконт палёгкі… Канечне, на поўную катушку мне будзе: рэцыдывіст, ды яшчэ і іншых падбіў.

Яны ўвайшлі ў кладоўку. Сіняковенка рашуча ўскінуў руку, выняў з-за вадасцёкавай трубы з-пад самай столі фінскі нож.

— Няўважліва шукалі, таварыш капітан, колюча-рэжучая зброя амаль на вачах ляжала. — Ён гаварыў з грудным хрыпам, задыхаючыся. Лютая нянавісць раптам захліснула ўсю яго зараз змардаваную, змучаную істоту. Яна хлынула як ледзяная вада ў пусты цесны склеп, прарваўшыся з лужыны цераз гнілы парог. Сіняковенка, аглушаны ёю, зусім страціў кантроль над сабой, чуў у сабе толькі яе, шалёную, нястрымную нянавісць. — Во, зусім неглыбокая выемачка — паглядзіце, — сказаў і сцяў зубы.

Маскальчук, не падумаўшы, навошта яму гэта рабіць, машынальна падняў руку, каб абмацаць выемку. У той момант яго скалануў жудасны жаночы крык: «Ой!», а спіну наскрозь працяў востры пякучы боль. Цагляная сцяна, што была перад ім, захісталася і абрынулася на яго. Яму не стала чым дыхаць, і ўсё знікла.

X

Было апоўначы. Двое, што ляжалі з Маскальчуком у палаце, пакалечаныя ў аўтааварыі, ціха пасопвалі ў сне. Маскальчук не спаў. Надзеў навушнікі, пачаў слухаць перадачу радыёстанцыі «Юнацтва». Выступалі паэты. ён прагна лавіў гарачыя, свежыя, поўныя шчырага пачуцця і ўзнёслай паэтычнай вобразнасці радкі. У памяці спакваля выплыла: «Вера, надежда, любовь — синие птицы мои». Гэтыя словы ён запомніў, прачытаўшы верш у часопісе, але чамусьці захацелася, каб аўтар сам прачытаў цяпер яго ў перадачы «Юнацтва».

Калі перадача скончылася, Маскальчук павярнуўся на бок, пачаў глядзець у акно. Удзень ён добра падрамаў, і спаць яму не хацелася. Мароз размаляваў ніжнія шыбы мудрагелістымі ўзорамі, а верхнія былі чамусьці чыстыя. Павярнуўшы трохі галаву, ён убачыў малую зорачку. Яна квола і ледзь бачна трымцела ў небе. «Хай бы яна ярчэй разгаррлася. Можа, то, як людзі кажуць, лёс чый засвяціўся ў Сусвеце», — падумаў Маскальчук, нечакана ўспомніўшы даўняе-даўняе.

Тады, набегаўшыся з хлапчукамі па вуліцы, ён шлёпнуўся побач з маці на лавачку пад кустом бэзу. Маці з бацькам якраз прыселі падыхаць вячэрняй прахалодай. Яна прытуліла яго галаву да сябе і, паказваючы кудысьці ў неба, на нейкую, адной ёй бачную зорку, задумліва прамовіла гэтыя словы. А бацька, памаўчаўшы, сказаў: «Слухай, сын, што маці кажа, і запамінай. Яна гэтую цудоўную казку ад людзей пачула».

Серабрысты іней на шыбах нагадаў Маскальчуку як снежна і бела цяпер на полі, у лесе. Яму дужа захацелася туды. I ён падумаў, што ўжо хутка зможа стаць на лыжы. Хопіць, наляжаўся. Урач абяцаў неўзабаве выпісаць з бальніцы. А чаго яго трымаць тут, калі ён ужо зусім ачуняў? Пойдзе ён на лыжах далёка-далёка, можа, ажно ў Сінічын ці да Чацвярэнскай гары лыжню пракладзе. 3 ім пабяжыць Сігнал. Ад адчування прастору ён у сваёй нястрымнай сабачай радасці будзе, заліваючыся вясёлым брэхам, то качацца ў снезе, то наперад забягаць, то кідацца ў бакі, у гушчэчу задумліва-маўклівага ельніку…

Пераканаўшы сябе, што ўсё яно так і будзе, Маскальчук заплюшчыў вочы. Сон падступаў павольна і як бы хвалямі. То ціха наплываў, то памалу адплываў. За адным такім адлівам, калі затуманенасць у галаве парадзела, Маскальчук раптам падумаў пра Лену.

Гэта яна ў трагічны момант сваім надрыўным «Ой!» тузанула яго павярнуцца.

Неўзабаве пасля таго як ён «засяліў» гэты ложак у бальніцы, яны з Тамарай прыходзілі наведаць яго. Прынеслі чайныя ружы. Ён, хаваючы сваю «не мужчынскую» замілаванасць кветкамі, доўга мудраваў, як прыгажэй размясціць іх у слоіку з вадою. Потым першае, пра што загаварыў, — папытаў у Лены, як яна зноў апынулася ў падвале. Сам жа бачыў — раней за Тамару выходзіла на вуліцу… Пачутае ад Лены вельмі ўразіла Маскальчука. На ганку, калі дзяўчаты спыніліся пачакаць яго, Лена з нейкім жахлівым пачуццём раптам успомніла, як страшна ўвесь час, пакуль ішоў вобыск у кладоўцы, Сіняковенка пазіраў на капітана. Дык жа цяпер яны засталіся сам-насам!.. Бліскавіцаю ўспыхнула здагадка. Не разумеючы, што і навошта робіць, яна кінулася ў падвал.

Тое, што пабачыла Лена ў падвале, прымусіла яе нема закрычаць: «Ой!» Маскальчук, пачуўшы гэты крык, хістануўся ўсяго на нейкую долю секунды раней, чым Сіняковенка ўдарыў нажом. Нож прайшоў на які міліметр ад сэрца.

Зараз, з удзячнасцю думаючы пра Лену, ён сам сабе сказаў: «Гэта ж во вярнулася!» Яму вельмі захацелася разгарнуць свой запаветны блакнот і, выводзячы кожную літару, запісаць: «А такое ж з выгляду кволае, палахлівае дзяўчо... Куды ёй да майстра Старасельцава...»

Пасля Маскальчук неспадзявана адчуў, як тое трагічнае, што здарылася з ім, стала адсоўвацца кудысьці, адыходзіць усё далей, далей, яно ўжо існавала як бы ў нейкай хісткай умоўнасці. Пачалося яго вяртанне да ранейшага нялёгкага жыцця. У гэтым вяртанні ён штосьці адмаўляў у сабе, а штосьці замацоўваў…