Выбрать главу

— Ён, — узрушана, але ціха, каб не пачула кадравічка, сказаў дружыннік і падаў картку капітану. Маскальчук спрактыкавана акінуў фотаздымак позіркам.

Кадравічка, якая старанна запаўняла дакумент навічка, усё ж пачула, што сказаў Скварчэўскі, устрывожана падняла галаву. Паглядзела на аднаго, на другога. Яна, відаць, усё зразумела. Капітану закарцела сказаць ёй: «Вы пішыце, пішыце…» Аднак словы не ішлі на язык. Увесь выгляд у кадравічкі — у сарафане, пашытым на вясковы лад, з невялікім, каб толькі галава пралезла, выразам, з туга закручанай і замацаванай шпількамі куксай валасоў на патыліцы — чымсьці нагадаў яму маці, якою тая была ў далёкія гады яго дзяцінства.

— Ты не памыляешся, цвёрда ўпэўнены? — спытаў Маскальчук так, каб і кадравічка чула тое важнае слова дружынніка.

— Не, таварыш капітан, не памыляюся, — проста адказаў Скварчэўскі і з прыхаваным ганарком растлумачыў: — У мяне правіла: «Не ўпэўнены — з языка не спускай». Ведаю, якую службу нясу.

Сімпатычны хлопец, які крыху калюча пазіраў з фатаграфіі, Вайцяховіч Канстанцін Кірылавіч, быў вучнем фрэзероўшчыка ў механічным цэху, меў васемнаццаць з паловай гадоў. Маскальчуку, калі ён угледзеўся ў здымак, закарцела раптам уявіць, пабачыць, як Вайцяховіч выглядаў бы ў чорнай масцы. Не пабачыў.

Маскальчук сказаў Скварчэўскаму, што сёння ягоная дапамога больш не спатрэбіцца, і моцна паціснуў яго вузкую цвёрдую руку. Стрымана, але ветліва развітаўся з кадравічкай. Калі ён быў ужо каля дзвярэй, яго дагнаў глухаваты ўзбуджаны голас жанчыны:

— Будзеце ў цэху пытаць пра хлопца, не дужа слухайце брыгадзіра Акінчыца. У таго — як пад настрой. Усё ў адну кучу можа змяшаць, з анёла чорта зробіць і наадварот.

«Ну, гэта я ўжо без вас, шаноўная грамадзянка, разбяруся, каго слухаць, а каго не», — падумаў Маскальчук жорстка, бо ў словах жанчыны пачулася як бы варожасць да таго Акінчыца. Падумаў — і яму самому прыкра стала ад няўдзячнасці, якая немаведама адкуль узялася ў адказ на шчырасць і клопат.

У цэху Маскальчук адшукаў майстра змены, у якой працаваў Вайцяховіч, назваў сябе. Майстар таксама адрэкамендаваўся: Анатоль Цімафеевіч Старасельцаў. Калі капітан сказаў, што хоча пагутарыць з ім наконт аднаго рабочага, той кіўнуў кучаравай галавою — добра, пагутарым — і павёў вачыма па цэху, быццам шукаў: хто ён? Зірнуўшы кудысьці ў дальні кут, некага пабачыў там, спахмурнеў і адразу павярнуўся да Маскальчука:

— То, можа, у канторку пойдзем?

— Так, трэба некуды, дзе цішэй.

У канторцы Старасельцаў прапанаваў Маскальчуку крэсла за сталом, сам сеў збоку, каля акна. Ён не стаў чакаць, калі Маскальчук распачне гаворку, сам спытаў:

— Дык хто вас, таварыш капітан, цікавіць?

— Вучань фрэзероўшчыка Вайцяховіч.

— Я так і здагадваўся, што ён, — вырвалася ў Старасельцава.

— Чаму здагадваліся? — насцярожыўся Маскальчук.

Майстар не адказаў, сам устрывожана спытаў:

— Ён што — зноў мапед украў?

Капітан здзівіўся таму, што пачуў, але не падаў выгляду, сказаў, быццам не было да яго слоў ніякай цікавасці:

— Хлопец чужыя мапеды любіць?

Старасельцаў пільна зірнуў Маскальчуку ў вочы:

— А вы хіба не ведалі? — і, ледзь улоўна кіўнуўшы галавой, падумаў: «Не, такога быць не можа, каб ты не ведаў. Дык навошта гэтыя хітрыкі строіць?» — Падцяў губы, памаўчаў. — «Ат, хітруй, калі табе так хочацца».

Ён рыпнуў расхістаным, з высокай спінкаю, крэслам, падсеў бліжэй да стала.

— Любіў. Да таго як паступіць да нас на работу, гэты Вайцяховіч і яшчэ адзін, такі, як ён, ўхабака, укралі на заводскай стаянцы мапеды. Шалапаі, дый годзе. Цэлы дзень, пакуль участковы інспектар Багачэнка не злавіў, каталіся ў лесе.

— Вунь яно што! Значыць, гэта той самы мапедыст, — задумліва, нешта ўзважваючы прамовіў Маскальчук. — Ну, то, бадай, блазенства было. А цяпер?.. Як ён, Анатоль Цімафеевіч, цяпер сябе паводзіць? Як працуе? 3 кім сябруе?

— Дык як вам сказаць… Няроўныя паводзіны яго. Іншы раз так працуе, што залюбуешся. Спрытна, акуратна ўсё зробіць. А то, бывае, не пазнаць хлопца. Па цэху сланяецца, дыміць цыгарэтаю. «Чаму, Вайцяховіч, не працуеш?» — «На перакур я маю права ці не!» Агрызнецца і пойдзе. Здаралася, што і з работы ўцякаў. Тут быў, а тут ужо — і след яго прастыў. — Старасельцаў правёў рукою па рыжаватых валасах, кашлянуў у кулак. Падобна было — падумаў: расказваць далей ці не? Аднак працягваў: — Прызначылі да яго шэфаў, дык ён на першым часе сам да іх з рознымі пытаннямі: што, ды як, ды чаму… Па рабоце ўсё. I раптам ні з таго ні з сяго — на дыбкі: адвяжыцеся вы ад мяне, чаго прычапіліся!..