У канторцы пацямнела. Маскальчук паглядзеў у акно. Па жаўтавата-белай сцяне суседняй будыніны сунуўся калматы цень хмары.
— А з кім Вайцяховіч сябруе? — спытаў Маскальчук, не адводзячы позірку ад акна. — Можа, заўважалі, з кім ён патаемна сустракаецца, сакрэтнічае?
— Ды не сказаць, каб ён дужа хіліўся да каго, — паціснуў плячамі Старасельцаў.— 3 усімі, здаецца, у аднолькавых адносінах. Праўда, прыходзіць тут адзін да яго з інструментальнага цэха, слесар-інструментальшчык Аркадзь Сіняковенка. Ага, прыходзіць. Ды той... — Старасельцаў як спатыкнуўся. Зірнуў збянтэжана, зноў крануў рукой валасы. — Дык Сіняковенка той быў асуджаны. За кражу… Але цяпер нічога кепскага не чуваць пра яго. Ці не паўгода ён ужо на заводзе ў нас. Працуе, кажуць, старанна. I от што цікава: у самадзейнасці ўдзельнічае. Сатырычныя куплеты пра гультаёў, бракаробаў, пра ўсякіх іншых нядбайнікаў складае. Сам складае, сам і спявае іх. Здорава ў яго атрымліваецца. У Палацы культуры на дошцы актывістаў самадзейнасці знайшлося месца і для яго фотакарткі.
«Аркадзь Сіняковенка… Аркадзь Сіняковенка», — напружана думаў Маскальчук, стараючыся ўспомніць, сустракаўся ён з ім ці не. Калі той прыцягваўся да адказнасці за кражу, дык магло быць, што ён, Маскальчук, удзельнічаў у раскрыцці злачынства. Але нешта не прыпамінаў такога прозвішча. Не, мусіць, тое было раней, калі ён яшчэ не працаваў тут.
Маскальчук пасядзеў, звёўшы смаляна-чорныя шырокія бровы, устаў, прайшоўся па канторцы.
— Анатоль Цімафеевіч, сёння Вайцяховіч у першай змене?
— Так, ён зараз на працы.
— Мне трэба з ім пагутарыць. Але да пары да часу ніхто пра гэта не павінен ведаць. Можа б, вы прыслалі яго сюды?
Старасельцаў зірнуў на гадзіннік:
— Дык я пакіну вас, бо змена зараз скончыцца.
Ён імкліва ўстаў з крэсла і пайшоў.
Застаўшыся адзін, Маскальчук пачаў аналізаваць тое, што пачуў пра Вайцяховіча ад Старасельцава. Украў мапед… Робіць прагулы… Уцякае з работы... Грубіяніць людзям… Та-ак, гэта ўжо характар, тут — асоба, якой не пасімпатызуеш. Але што з таго? Гэта яшчэ не гаворыць, што хлопец мае дачыненне да тых злачынстваў.
Вайцяховіч з’явіўся ў канторку насцярожана і, ступіўшы ў пакой, яшчэ ад парога сказаў:
— Добры дзень, вы мяне клікалі?
— Праходзь, сядай, — паказаў яму Маскальчук на крэсла.
— Я б адразу прыйшоў, але майстар загадаў, каб памыўся,— бойка загаварыў юнак.— Там, кажа, чакае цябе важны чалавек.
Першае, што падумаў пра яго Маскальчук, была звычайная чалавечая ўхвала: «Прыгожы хлопец: і рост, і фігура, і твар з правільнымі рысамі — усё, што трэба». Тым часам ён пачаў непрыкметна шукаць у выразе гэтага твару што-небудзь такое адметнае, што ішло б ад характару. Не знайшоў. I ў позірку не прыкмеціў той ледзь улоўнай калючасці, якая бачылася на фотаздымку. Каб схаваць ад Вайцяховіча сваю пільную ўвагу да яго, Маскальчук кінуў позірк на нейкую дыяграму, што вісела на сцяне, спытаў:
— Як табе, Канстанцін, жывецца? Ніхто цябе тут не крыўдзіць?
Юнак раз, другі лыпнуў вачамі: бач ты — Канстанцін!
— А я адразу здагадаўся, што вы з міліцыі. Па тым, як майстар сказаў, што мяне чакаюць у канторцы. Ён гаварыў і вельмі сур’ёзна глядзеў на мяне. Нават калі лаецца за што — так не глядзіць.
Маскальчук мог чакаць ад яго чаго хочаш, толькі не гэтых слоў. I больш за ўсё яго ўразілі, збянтэжылі не самі словы, а тон, якім яны былі сказаны. У ім адначасова пачуліся і непасрэднае хлапечае здзіўленне, і як бы жорсткасць.
— Але чаму майстар не мог так сур’ёзна паглядзець, каб, скажам, выклікаў цябе начальнік цэха? Чаму ты падумаў менавіта пра міліцыю?
— А таму… Мапед узяў пакатацца — злодзей. Цяпер чуць што — Вайцяховіч, як жывеш? Ты не чуў, не ведаеш, часам, хто там украў тое ці гэта? Дык жа і вы таксама… Здаля пачынаеце: «Як жывецца?..»
— Так, я з міліцыі. Мне от незразумела, чаму, па-твойму, міліцэйскі работнік не можа пацікавіцца, як чалавеку жывецца?
— Калі адтуль, то вы не за гэтым прыйшлі. Пытайце пра сваё, не думайце, што я недаростак які і мяне можна за нос павадзіць.
«Эге, хутчэй за ўсё ты мяне, відаць, паводзіш, — падумаў Маскальчук.— Манеры ў цябе не з лепшых, напрактыкаваўся ўжо ў некага».
— А ўсё ж — як табе працуецца? Я хацеў бы спачатку пачуць пра гэта ад цябе самога.
— Добра працуецца, ніхто не крыўдзіць мяне, бо я не даю сябе ў крыўду. Тут толькі паддайся — пачнуць каму ўздумаецца камандаваць, вучыць.
— Хто камандуе, хто вучыць?
— Ды ўсе, каго ні вазьмі.
— Аркадзь Сіняковенка таксама?