Выбрать главу

Вайцяховіч колькі секунд моўчкі пазіраў на Маскальчука. На твары яго нішто не варухнулася. Потым рот расцягнуўся ў вясёлай і крыху пагардлівай усмешцы.

— Ну і выдалі вы! Сіняковенка ж у другім цэху працуе. Ды і сам ён… — Хлопец замяўся.

— Што — сам?

— Ён мяне вучыць будзе... Сам ён быў судзімы, пяць гадоў адседзеў.

— За што?

Твар Вайцяховіча, як і не было на ім усмешкі, стаў суровы і жорсткі.

— Што вы мяне за нос водзіце? Гэта вы ў яго самога папытайцеся. А мне трэба дадому, маці прасіла, каб памог ёй палавікі павыбіваць. Навошта я вам спатрэбіўся?

— Я, калі ты ўжо сам успомніў, хацеў яшчэ пацікавіцца, што за гісторыя была з мапедам, але калі маці трэба дапамагчы, то не будзем марнаваць час.— Маскальчук не збіраўся заводзіць гаворку пра крадзеж мапеда — справа мінулася, ды чамусьці не знаходзіў, як распачаць з гэтым хлопцам пра галоўнае, дзеля чаго прыйшоў сюды, і таму неспадзявана нават для сябе кінуў: — Я што хацеў высветліць: пра якую маску вы размаўлялі з сябрам у піўной?

У вачах Вайцяховіча мільгануў спалох. Ён, відаць не чакаў гэтага пытання і маўчаў, не ведаючы, што адкаэаць.

— Пра якую маску, калі? — Хлопец удыхнуў і глыбока выдыхнуў з сябе паветра, замёр,— Калі? Учора ўвечары я дома тэлік глядзеў. Ляжаў на канапе і глядзеў.— Словы Вайцяховіча прагучалі глухавата, хрыпла, быццам ён хапіў марознага паветра і яму сціснула горла.

— Што ты глядзеў, якую перадачу?

У канторку праз фортку ў акне данеслася вераб’іная валтузня. Птушкі, быццам хто сыпануў іх з вялізнай жмені, густа абляпілі галіну маладой таполі, што расла непадалёку ад акна, у цэнтры круглай клумбы. Маскальчук падняў вочы да форткі, Вайцяховіч таксама скіраваў туды позірк. Вераб’і, нібы адчуўшы цікаўнасць да іх, прыціхлі, насцярожыліся.

— Перадача цікавая была — «Следства вядуць Знатакі». Я гэтых знатакоў ніколі не прапускаю. Даюць яны раскрутку!..

«Правільна, учора перадачу такую паказвалі,— у думках адзначыў Маскальчук.— Няўжо ж памыліўся Скварчэўскі наконт Вайцяховіча?»

— Як яны здорава, а?.. Я кажу, зладзюг тых як здорава аднаго за адным!.. — Хлопец падбадзёрыўся, вышэй падняў галаву.

Маскальчуку падалося, што настрой у хлопца палепшыўся. Пачакаў, што ён скажа яшчэ.

— А той, тоўсты, з лупатымі вачамі — во хітры які! Каб паспеў схаваць чамадан з грашамі, дык і выкруціўся б.

— Добра, Вайцяховіч, бачу — глядзеў ты ўчора, як следства вядуць знатакі. Але ж цябе ўчора ўвечары і ў піўной прыкмецілі. Магу сказаць, у чым ты быў апрануты: у цёмным пінжаку і ў клятчатай кашулі.

— Цікава, хто гэта прыкмеціў?

Маскальчук не адказаў на пытанне, працягваў сваё:

— Можа, будзеш сцвярджаць, што ў цябе няма такога адзення? То можам паехаць да вас дадому і пашукаць. Глядзіш — і знойдзем.

— Чаму няма? Ёсць. — Вайцяховіч адказаў спакойна, без разгубленасці і без злосці.— Чакайце… Так, правільна, у піўную пад вечар я заходзіў. Маці паслала мяне купіць хлеба, дык я па дарозе сустрэў таварыша і заскочылі туды, выпілі па куфлю піва.

Капітан уважліва паглядзеў яму ў твар, і хлопец не адвёў вачэй, нават нахабнавата ўхмыльнуўся. Аднак гэтая ўхмылка не выклікала ў Маскальчука прыкрасці, толькі як бы абудзіла ў ім яшчэ большае жаданне дазнацца, што за ёю хавалася.

— А-а, вось вы пра якую маску! — Гэты раз твар Вайцяховіча расплыўся ў шырокай усмешцы. — Усё правільна вам данеслі, я гаварыў: «Маска — сіла!» Дык гэта ж пра тую, у якой нехта людзей палохае. Пра яе ўсе гавораць…

«Не ўсе, праўда, але многія», — адзначыў у думках капітан.

— Ты сказаў — піва піў з таварышам. Хто ён, таварыш твой? Як яго прозвішча, дзе працуе?

— 3 Лёшкам Вогненным пілі. Але Вогненны — гэта не прозвішча, гэта мы яго так завём. Ён рыжы, як агонь. А прозвішча не ведаю. Працуе ён на мэблевай фабрыцы. — Вайцяховіч гаварыў усё больш упэўнена і бадзёра. — Ну, цяпер усё папыталі? А то — я ж казаў вам — трэба мне спяшацца, маці трэба памагчы.

— Зараз, відаць, пойдзем. — Капітан гаварыў павольна, як бы цягнуў словы, чапляючы іх адно за адно, а сам тым часам думаў: «Дык што ж я маю? Пакуль што нічога больш-менш пэўнага, але версія, здаецца, вымалёўваецца». — Толькі давайце спачаткў на хвіліну завітаем у Палац культуры. Там, я чуў, на дошцы актывістаў самадзейнасці фотакартка Аркадзя Сіняковенкі змешчана. Хачу паглядзець на яе, прыгожы, кажуць, хлопец. — Ён гаварыў і глядзеў на Вайцяховіча. — Потым да вас дадому паедзем.

— Вы што… Са мною?.. — Вайцяховіч спахапіўся, ледзь утрымаўшыся ад дзёрзкага намеру пакпіць з міліцыянера: «Будзеце са мною палавікі выбіваць?» А спахапіўшыся, нават спалохаўся: каб яны, такія жартачкі, бокам яму не выйшлі! — Чаго вам дадому да мяне ехаць? От здорава!..