— Трэба. Канстанцін, трэба. Дык як тут у Палац культуры прайсці? Правядзі мяне.
Вайцяховіч устаў, шырока, рашуча ступіў да дзвярэй. Каля парога раптам павярнуўся да Маскальчука.
— А можа, лепш пазнаёміць вас з самім Сіняковенкам? То, калі ласка, правяду ў цэх. Аркадзь сёння таксама ў першай змене, забягаў да мяне рубля пазычыць на піва.
— Пазнаёміўшыся з чалавекам, трэба ж пра нешта з ім пагаварыць. А ў мяне часу бракуе. Ды і ніякіх пытанняў да яго пакуль няма.
Яны пайшлі з канторкі.
У Палацы культуры на прыгожай, з густам аформленай Дошцы гонару ў тры роўныя рады былі размешчаны фотакарткі вясёлых усмешлівых юнакоў і дзяўчат. Сіняковенкава займала крайняе месца ў ніжнім радзе. Маскальчук мо з мінуту пазіраў на здымак хлопца ў шэрым касцюме і белай пад гальштукам сарочцы. Бачыў ён яго дзе ці не? Напружваў памяць, намагаўся ўспомніць. Не бачыў, не. Хіба толькі — выпадкова як. Дык ці мала такіх сустрэч у людзей бывае!
— Паехалі, Канстанцін, мяне справа чакае.
— I мяне таксама. 3 тымі палавікамі, каб яны спрахлі!
Добра дагледжаны, выпрабаваны ў розных рэжымах работы «газік» паслухмяна завёўся, роўна завуркатаў матор. Маскальчук ледзь-ледзь пацягнуў на сябе падсос, дадаў газу.
У машыне Вайцяховіч пачаў нервавацца. Трывожна круціў галавою, азіраючыся па баках, быццам упершыню бачыў вуліцы, па якіх яны ехалі, час ад часу разгублена кранаўся рукой прычоскі. На Маскальчука ні разу не глянуў. Капітан прыкмеціў гэта, падумаў: што ж у яго наўме? Спалохаўся нечага?
— Што, калі мы, Канстанцін, пашукаем у цябе тую маску?
Вайцяховіч сцепануўся ад гэтых слоў, уціснуўся ў спінку сядзення плячамі.
— То, бадай, мы так і зробім.
Спачатку яны заехалі ў міліцыю. Маскальчук захапіў з сабою ўчастковага інспектара Багачэнку. Потым завярнулі ў пракуратуру. Давёўшы пракурору свае меркаванні, Маскальчук атрымаў у яго санкцыю на вобыск у Вайцяховіча.
Каля дома, дзе жылі Вайцяховічы, Маскальчук падруліў пад стары раскідзісты клён, спыніў машыну. Не вылазіў з кабіны, чакаў, пакуль першы адчыніць дзверцы Кастусь, аднак хлопец не варухнуўся.
— Чаго мы сядзім? Ці, можа, я адрас пераблытаў? — павярнуўся да яго капітан.
— Вы сапраўды да нас? — Вайцяховіч спалохана залыпаў вачамі. — Маглі б на заводзе альбо ў міліцыі пагаварыць яшчэ, калі трэба. Маці ж спужаецца, калі пачуе, што вы з міліцыі. Чортведама што падумае.
На твары, у шырока адкрытых вачах яго быў адчай.
«Які ты хлапчук яшчэ! — падумаў Маскальчук. — Хаця і фанабэрышся, і пнешся паказаць сябе смелым і незалежным, а сам — горкае дзіця».
— Я вымушаны зрабіць у вас, Вайцяховіч, вобыск. Маску пашукаць. Каб пазбегнуць непрыемнай працэдуры, аддай сам яе, калі ёсць.
Прадаўгаваты твар хлопца пакрыўся барвовымі плямамі і, здавалася, яшчэ больш выцягнуўся. Кастусь прыгорбіў плечы, на момант як адзеравянеў. Пасля адвярнуўся, глуха буркнуў:
— Ніякай маскі ў мяне няма. — I адчыніў дзверцы.
Маці Кастуся дома не было, адзін бацька. Ён ляжаў на канапе, накрыўшыся да грудзей шэрай, відаць, даўняга часу, бо ўжо добра паліняла, посцілкай. На тупат ног у пакоі марудна, нехаця расплюшчыў вочы, паглядзеў на сына, павёў позірк далей, на Маскальчука. Раптам, убачыўшы Багачэнку, які быў у міліцэйскай форме, адкінуў посцілку, шустра ўсхапіўся на ногі.
— Даруйце, я думаў, што сын з дружбакамі прыйшыў, ажно тут… — ён загаварыў хутка-хутка, без паўз, хрыплаватым сухім голасам. — Зноў што-небудзь адчыбучыў?
Маскальчука ўразілі вочы гэтага драбнатварага чалавека — нейкія маленькія, мітуслівыя. Ён адзначыў у думках: «Як яны, бацька і сын, знешне не падобныя адзін на аднаго!» Прыглядваючыся да старэйшага Вайцяховіча, але стараючыея рабіць гэта непрыкметна, Маскальчук растлумачыў, чаго яны з’явіліся. Папрасіў, каб паклікалі каго-небудзь з суседзяў — двух чалавек, панятымі.
— Няўжо адчыбучыў? — бацька абедзвюма рукамі схапіўся за рэмень на паясніцы, быццам збіраўся зняць яго і аперазаць сына, але замест гэтага толькі тузануў штаны, падцягнуў іх вышэй. Нядобра паглядзеў на Маскальчука, павярнуўся да Багачэнкі, як бы чакаючы падтрымкі ад яго. Кінуў: — Калі ласка, зараз.— I борзда патэпаў да дзвярэй.
Неўзабаве ён вярнуўся разам з пажылой хударлявай жанчынай і сівабародым старым.
— Зараз мы тут будзем вобыск рабіць, дык вы, калі ласка, пабудзьце за панятых, — звярнуўся да іх Маскальчук і растлумачыў: — Так сказаць, прадстаўнікамі грамадскасці.
Жанчына нібы памкнулася пляснуць рукамі, ды спахапілася, стары ўзяў у жменю сваю клінападобную бараду, сярдзіта павёў калматымі бровамі.