— Зразумела, — кінуў катэгарычна і паглядзеў на капітана міліцыі так, быццам даваў дазвол: — «Пачынай».
Малодшы Вайцяховіч сядзеў на канапе сцішаны, зацяты. Вочы пазіралі на ўсіх адчужана і разам з тым як бы пакорліва. Маскальчуку не столькі ад яго адчужанасці, колькі ад гэтай пакорлівасці, якая прыніжае чалавека, адбірае ў яго волю да звычайных, нармальных дзеянняў, стала трохі непамысна. I тут ён адчуў і непрыязь да хлопца, і нейкае як бы шкадаванне.
Пасля, калі Маскальчук і Багачэнка заглядалі ў шуфляды і на паліцы, пад канапу і ў шафу, Кастусь то сцінаўся ўвесь, ад чаго постаць яго рабілася нязграбнаю і бездапаможнаю, то выпростваўся, напружваўся, і тады ў вачах загаралася задзірыстасць, нават выклік, а ўся пастава выказвала адчай і рашучасць. Маскальчук усё гэта бачыў і думаў: «У дурацкае становішча мы, работнікі міліцыі, ставім сябе перад людзьмі, калі ў рэшце рэшт высвятляецца, што дарэмна падазравалі чалавека. Вось так шукаеш, спадзяешся, потым развядзеш рукамі: «Даруйце, памылка атрымалася». А што яму ад твайго «даруйце», калі душа паранена! Аднак і шукаць жа — трэба. Шукаць… Злыдняў тых у чорных масках… Хто яны?»
Маскальчуку здавалася, што і ён, і Багачэнка больш ахвотна, больш увішна заглядалі б туды-сюды, каб маглі не чуць, што гаварыў старэйшы Вайцяховіч. Бацька хлопца раз-пораз паўтараў:
— Не можа быць, каб ён што ўтварыў. Пасля таго мапеда ўзяўся ж за розум: кожны дзень на працу ходзіць і зарплату маці аддае. — Ён разгублена тупаў то ў адзін кут, то ў другі, і Маскальчук бачыў, што душа яго не на месцы.
Багачэнка, які ў калідоры, стаўшы на табурэтку, на антрэсолях перабіраў рознае шмаццё, гукнуў:
— Хадзіце ўсе сюды!
Адарваны ад сваіх думак, Маскальчук інстынктыўна глянуў на Кастуся і, здзіўлены, уражаны, аж устрапянуўся: таго як токам ударыла ў грудзі — хлопец выпрастаўся, хістануўся назад. Капітан зразумеў: гэта нездарма, Багачэнка нешта знайшоў.
— Чуеце вы ці не? Сюды, кажу, хадзіце.
Дзядок-паняты ступіў першы, строга зірнуўшы на малодшага Вайцяховіча. Кастусь адразу рушыў за ім.
— Што гэта такое, га? — не злазячы з табурэткі, Багачэнка паказаў шматок чорнай матэрыі з дзвюма дзюркамі і матузкамі.
Кастусь спалатнеў. Прыхіліўся плячом да сцяны, апусціў вочы. Маўчаў. I ўсе маўчалі. Паўза была цяжкая і гнятлівая.
— Маска,— адказаў Кастусь, калі ўжо ніхто не чакаў ад яго адказу.
Багачэнка марудна, стомлена, быццам гэтае адзінае слова звалілася вялікім цяжарам яму на плечы, злез з табурэткі. Так і трымаючы ў выцягнутай руцэ маску, падышоў да Вайцяховіча.
— Дык што ж гэта ты?.. А гаварыў мне: «Аніськін, усё я зразумеў, больш не будзе са мною такога. Усё, Аніськін».
— Чаму Аніськін? Вы ж Багачэнка, наш участковы, — здзіўлена выгукнула жанчына, што была за панятую. Паглядзела на ўчастковага інспектара, на Маскальчука вінаватым позіркам, як бы просячы прабачэння за тое, што вытыркнулася наперад. На працягу ўсяго вобыску не мовіла ні слова, а тут — на табе! — загаварыла.
— Кіно пра ўчастковага Аніськіна было, — спакойна растлумачыў Багачэнка. — Дык што ж ты, хлопец? Як ты мог!
Вайцяховіч раптам натапырыўся ўвесь. Здавалася, дакраніся да яго — і ўколешся, як аб вожыка.
— Што — як мог?.. Маску я зрабіў, каб жартам знаёмых дзяўчат папужаць.
Капітану падалося, што Багачэнкавы вочы павільгатнелі, засмужаныя скрухай і болем. Каб не бачыць гэтага, Маскальчук адвярнуўся і спытаў у Кастуся:
— Дзе твая маці? Ты казаў, што табе трэба памагчы ёй палавікі выбіваць?
— На рабоце яна, санітаркай у бальніцы працуе, — хуценька адказаў за сына бацька. — Адыходзячы, наказвала мне: «Косцік прыйдзе, дык павыбівайце з ім палавікі». Сама збіралася, а тут во выклікалі. — Аблізнуў сухія вусны і вінавата ўсміхнуўся.
Маскальчук падышоў да ўчастковага інспектара, узяў у яго маску. Уважліва агледзеў яе, аддаў назад.
У той момант, як аддаваў, сустрэліся позіркамі. Вочы Багачэнкі былі гарачыя.
Склаушы пратакол вобыску, Маскальчук даў усім падпісаць яго. Паклаў маску і акт у сваю новую, сёння ўпершыню ўзятую з сабою папку, зашмаргнуў на ёй замок-«маланку».
— Што цяпер будзем рабіць, Рыгор Андрэевіч? — звярнуўся да ўчастковага інспектара. — Запросім, відаць, Кастуся Вайцяховіча з сабою?
Багачэнка моўчкі кіўнуў галавою. Бацька і сын пераглянуліся збянтэжанымі позіркамі. Панятыя, чырванеючы ад няёмкасці — не на вяселлі ж былі, — паспешліва пайшлі да дзвярэй.
III
На рабоце, у сваім кабінеце, Маскальчуку прыгадалася чамусьці, як на запытанне да Кастуся, дзе маці, Вайцяховіч-бацька выскачыў наперад са сваім адказам, выручыў сына, які папаўся ў хлусні. I тут Маскальчук злавіў сябе на тым, што да старонняга чалавека з’явілася ў яго непрыязі больш, чым да злачынца.