Выбрать главу

А той што — ужо злачынец?.. Ужо даказана?.. У Маскальчука было адчуванне нейкай спустошанасці. Ён раптам зразумеў, як стаміўся за дзень. Стому, праўда, крыху знялі дзве шклянкі чаю, якія ён выпіў, заскочыўшы ў кафэ, калі вяртаўся ў райаддзел. Тым не менш стома давала сябе адчуваць. I ўсё ж, параіўшыся з Багачэнкам, вырашыў, што трэба неадкладна пагутарыць з Аркадзем Сіняковенкам. Той у цэх прыходзіў, і размаўлялі… А пра што? Ніхто не чуў, ніхто не ведае...

Дык пра што ж яны размаўлялі з Вайцяховічам?

Маскальчук выпісаў Сіняковенку позву, у пакоі дзяжурнага адшукаў Багачэнку, аддаў яму і папрасіў, каб участковы інспектар, уручыўшы позву адрасату, таксама прыйшоў у аддзел. Кастуся Вайцяховіча, рашыў ён, у той дзень зноў дапытваць не варта. Хай пасядзіць у камеры, хоць трохі разбярэцца сам з сабою, падумае. Узяў у шуфлядзе стала бланк пастановы аб меры стрымання, акуратна, стараючыся не ўпусціць якой важнай дэталі, пераказаў на паперы змест злачынства, у якім хлопец падазраваўся. Распісаўся, перачытаў пастанову і адчуў, чаму з неахвотаю пісаў яе: «утрыманне пад вартай»… Не, нялёгка гэта рабіць — пазбаўляць волі чалавека…

Маскальчук заўсёды, калі даводзілася арыштоўваць каго, хоць і разумеў гэтую суровую неабходнасць для грамадства, тым часам чуў у сабе і жаль, што такая неабходнасць існуе. Сёння ж пачуцці гэтыя азваліся ў ім чамусьці больш абвострана, чым раней. Мусіць, таму, што арыштоўваў ён, садзіў пад замок юнака, які, магчыма, і не сваім розумам жыў…

3 роздуму вывеў яго стук у дзверы.

— Заходзьце! — кінуў ён гучна, каб было чуваць у калідоры.

Парог пераступіў невысокі плячысты хлопец, за ім — Багачэнка. Хлопец ад дзвярэй павітаўся, падышоў да стала, за якім сядзеў Маскальчук.

— Я Аркадзь Сіняковенка, — назваў сябе. — Вось таварыш Аніськін…

Маскальчук і Багачэнка здзіўлена пераглянуліся. Сіняковенка гэта заўважыў, спахапіўся:

— Даруйце! Таварыш старшы лейтэнант уручыў мне вашу позву і нават аказаў вялікі гонар: асабіста сам правёў праз увесь горад. Відаць, каб хуліганы якія не пакрыўдзілі. — Сарказм, які ён уклаў у гэтыя словы, чуўся больш у голасе.

— Вы што, можа, сапраўды хуліганаў баіцёся? — Маскальчук быў гатовы да нялёгкай размовы.

— Хто іх цяпер не баіцца? — Сіняковенка ўсміхнуўся, бліснуўшы залатой каронкай на бакавым зубе. — Тых, што ў масках. Учора я іду з кіно, а дзве дзяўчыны за скверам як прычапіліся: правядзі нас, хлопец, масак баімося, ну правядзі! Давялося ўважыць просьбу.

— А самому вам ні разу не надаралася масак сустрэць? — насядаў капітан. Ён не думаў, што размова адразу так крута павернецца ў патрэбным яму кірунку, і цяпер, калі гэта нечакана здарылася, зразумеў: перайначвацца, каб потым пачынаць зноў з таго ж самага, не мае сэнсу.

— Каб сустрэў, я б вам… Даруйце, з кім размаўляю? Як мне звяртацца да вас?

— Капітан міліцыі Маскальчук.

— Я б вам, таварыш капітан, паведаміў.

— Ну, калі не на цёмнай вуліцы, дык, можа, у каго-небудзь з сяброў бачылі якую маску? Можа, хто зрабіў яе, каб проста падурыцца, і паказваў вам?

Сіняковенка зразумеў, куды хіліць капітан, нахмурыў бровы.

— Я ж сказаў, паведаміў бы вам. — Ён адвярнуўся, памаўчаў. — Так бы, таварыш капітан, і спыталі: «Ці не ты гэта, Сіняковенка, разбойнічаеш вечарамі ў горадзе?» Цяпер на мяне, судзімасцю мечанага, усіх сабак можна вешаць.

Маскальчук падумаў: бач, які крыўдлівы, нічога не скажы яму! Тым не менш працягваць размову ў ранейшым тоне ён ужо не змог. Сказаў прымірэнча:

— Не трэба, Сіняковенка, крыўдзіцца, я так не думаў. Меў іншае на ўвазе. Вы ведаеце рабочага вашага завода Кастуся Вайцяховіча?

— Канстанціна Кірылавіча? — твар Сіняковенкі пасвятлеў, рот павольна расплыўся ў скупой ўсмешцы. — Канстанціна Кірылавіча ведаю.

— А чаго вы так назвалі хлопца і ўсміхнуліся?

— Гэта ён сам сябе так называе, калі знаёміцца з кім. Вельмі хоча быць паважаным.

— Скажыце шчыра, які, на вашу думку, ён чалавек? Па характару, па звычках.

Сіняковенка схіліў набок галаву, між яго шырокіх чорных броваў да пераносіцы лягла неглыбокая маршчына.

— Чаго вы маўчыцё? Калі не жадаеце альбо нічога не маеце паведаміць пра Кастуся — так і скажыце.

— Есць пагаворка: «Пускаючы ў ход язык, не забудзь уключыць мазгі». Таму і маўчаў, што думаў, каб не памыліцца. — Маршчына паміж бровамі паглыбела і падаўжэла. — Дык вось па шчырасці: зусім бесталковы ён чувак. Легкадумны, з завіхрэннямі ў пустой галаве. То адно ў ёй круціцца, то другое.