Выбрать главу

— Што, напрыклад? — Маскальчук адчуваў, што гэтыя выказванні Сіняковенкі нечым вельмі важныя, але чым — даўмецца не мог. Яму хацелася хутчэй пачуць адказ на сваё пытанне, а той зноў змоўк. Гэты раз, відаць было, ён вагаўся, яго як бы ўтрымлівала нейкае сумненне: гаварыць ці не?

— Не хацеў, нядобра выдаваць тое, што табе даверылі, але скажу. Справа мінулая… Выходзім мы аднойчы разам з ім за прахадную, ён скасавурыўся на мяне, пакусаў ніжнюю губу і кажа: «Ёсць прапанова кусок адхапіць». — «Які, пытаю, дзе?» — «Радыёпрыёмнік з машыны дырэктара. Ён часцяком паставіць яе пад ліпай за канторай і сам пайшоў». Хацеў я тады яму, паршыўцу, морду набіць — гэта ж ён, як вы во, падумаў: калі я судзімы быў, дык пакваплюся, паддамся на спакусу. Потым разважыў: добра, што ён на мяне нарваўся. Калі б на іншага каго — можа б, і запляміў, блазнюк няшчасны, сябе ганьбаю злодзея.

— Чаму вы, Сіняковенка, тады адразу мне пра гэта не сказалі? — узбуджана, з папрокам загаварыў Багачэнка. Ён стаяў каля невялікай кніжнай шафы, што мясцілася ў кутку кабінета увесь час, пакуль Маскальчук вёў гаворку з Сіняковенкам, гартаў нейкі часопіс з каляровымі ўклейкамі і быццам не прыслухоўваўся да яе.

— Навошта было яшчэ вам у вушы ўводзіць, калі я сам з ім справіўся. Пагаварыў як след раз, другі, трэці… У цэх да яго прыходзіў, на работу і з работы разам хадзілі.

— I што вы яму гаварылі? — Багачэнка заклаў палец паміж старонкамі часопіса і падышоў, стаў побач з крэслам, на якім сядзеў Сіняковенка.

— Папулярна расказаў, што яго чакае, калі будзе красці, абмаляваў усе ўцехі лагернай жытухі. Слухаў — аж рот разявіў.

Маскальчуку здавалася, што ў гэтыя мінуты ў самога Сіняковенкі нешта мянялася ў яго ранейшых поглядах на жыццё, што той, расказваючы пра Вайцяховіча, напружана, стоена слухаў самога сябе.

Недзе ў канцы калідора пачуўся шум. Хрыпаты п’яны голас лаяў на чым свет стаіць міліцыю. «Я вам ні ў жысць не дарую гэтага! За што з-затрымалі? За свае — не за вашы піў. Я вам пакажу, л-лягавыя!» Сіняковенка павярнуў галаву, паглядзеў на дзверы.

— От сволач! За такое — на Калыму трэба! Можа б, ты, фраер, каб не міліцыя, без галавы дзе ляжаў бы. Дык што ж, калі наш закон такі: пятнаццаць сутак! А што яму, такому, пятнаццаць сутак?

«Сапраўды — што? — падумаў Маскальчук. — Ды яшчэ ці пятнаццаць? Праспіцца, прывядуць заўтра ў суд, ён і пусціць слязу: «Даруйце, дурны быў. Сям’я, дзеці. Больш ніколі такое не здарыцца…» Глядзіш — здрыганулася сэрца ў суддзі».

Старшынёй народнага суда ў горадзе працаваў былы партызан. Службу сваю нёс з таго дня, як выгналі адсюль фашыстаў. Яна, тая служба, аб’інела яму галаву, дала дзве ўрадавыя ўзнагароды і інфаркт…

Раптам Маскальчук адчуў, як пільна глядзіць на яго Сіняковенка.

— У мяне яшчэ адно пытанне ёсць да вас,— ранейшым дзелавым тонам звярнуўся капітан да Сіняковенкі. — Калі вы сустракаліся, размаўлялі з Кастусём Вайцяховічам, ён не прагаварыўся вам пра якую-не-будзь маску?

— На гэтае пытанне, таварыш капітан, я адказаў вам яшчэ да таго, як вы задалі яго. I зноў скажу: ні пра якую маску не ведаю. От жа, вы не верыце мне!

— Цяпер у мяне ўсё. Калі Рыгор Андрэевіч, — Маскальчук кіўнуў на Багачэнку, які зноў гартаў часопіс каля шафы, — таксама не мае больш пытанняў, то мы не затрымліваем вас.

— Пакуль што не маю,— буркнуў участковы інспектар, не адрываючы вачэй ад часопіса.

— Вось бачыце? Пакуль што… Выходзіць, няма табе, Аркадзь Сіняковенка, веры. Але ж душа чалавека не тая вунь модная цяпер палатняная торба, яе не вывернеш, каб паказаць, што там нічога няма. Дык што я мушу рабіць, каб вы мне паверылі? Што?

— А нічога. Вы сказалі, і не трэба нас дужа пераконваць. — Багачэнка ўважліва паглядзеў на Сіняковенку.

— Да пабачэння, жадаю вам поспеху, — кінуў Сіняковенка і пайшоў, рашуча зачыніўшы за сабою дзверы.

— Я таксама сёння больш не патрэбны вам? — спытаў участковы.

— Так-так, ідзіце, Рыгор Андрэевіч, адпачывайце. Дзякую за дапамогу.

Багачэнка пайшоў, але каля парога павярнуўся:

— Праўдзе не патрэбны падпоры. Вось і ўся сутнасць.

Калі за ім зачыніліся дзверы, капітан зірнуў на гадзіннік: ну вось, людзі ўжо недзе спектаклі, кіно глядзяць, у шахматы гуляюць, кніжкі чытаюць… Маскальчуку раптам вельмі захацелася дадому. Пасядзець на ўтульнай мяккай канапе, пачытаць. Але нешта незразумелае як бы ўтрымлівала тут: пабудзь яшчэ крыху, не спяшайся… Ён выняў з шуфляды стала заявы пацярпеўшых аб нападзе рабаўнікоў у чорных масках, пачаў перачытваць іх. Імкнуўся адшукаць нейкія характэрныя, важныя дэталі ў дзеяннях, у «почырку» злачынцаў. I з тэорыі крыміналістыкі і са свайго ўласнага вопыту добра ведаў, што такія дэталі нярэдка выводзяць на след.