— З гэтым я згодзен, — нецярпліва перабіў капітана Андрэй, — але ж яны павінны былі захаваць свае веды, тэхніку, нарэшце, пісьменнасць.
Волгін зноў усміхнуўся, цяпер ужо сумна:
— Не, не маглі. Сякія-такія машыны яны перавезлі, некаторы час карысталіся імі. Але не было магчымасцей для рамонту і ўзнаўлення, не было энергіі для рухавікоў. Машыны зрабіліся мёртвымі, хаця, відаць, надоўга перажылі і сваіх стваральнікаў, і тых, хто мог імі кіраваць.
— Дапусцім, гэта праўдападобна, — не здаваўся Андрэй, — такое магло здарыцца, тым больш, што раён Вялікіх гор раней, напэўна, не быў заселены. Ну, а веды? Для іх захавання не трэба ж заводаў ці майстэрань?
— З ведамі, напэўна, было яшчэ горш, — уздыхнуў Волгін. — Большая частка вучоных, спецыялістаў, я ўпэўнены ў гэтым, засталася на сваіх пастах, шукаючы, як перамагчы вірус. I загінула. А калі некаторыя апынуліся за Кальцом гор, то што яны маглі зрабіць без лабараторый, машын? Веды ў гэтых умовах ператварыліся ў абстракцыю. Для жыцця ў тутэйшых умовах патрэбна было нешта прасцейшае. Яны і вымушаны былі пачынаць з яго, каб забяспечыць існаванне ўцекачоў. I гэтага яны дабіліся. Ківі выжылі. Але ўсе вялікія здабыткі навукі, якія былі раней, сышлі разам з вучонымі ў магілу.
Волгін змоўк. Ён быў сам уражаны прыдуманай гіпотэзай, у якой трагедыя ківі набыла яшчэ больш змрочныя фарбы. Потым дадаў:
— Таму, што заняпала навука, відаць, садзейнічала і адсутнасць пісьменнасці ў ківі.
— Як? — здзівіўся Андрэй, — цывілізацыя і непісьменнасць? Ну, ведаеш…
— Так. Напэўна, так. Звярні, Андрэй, увагу на адну акалічнасць. Летапісец, які хоча захаваць звесткі аб трагедыі, карыстаецца не прыладай для пісьма, а машынай, якая працуе на аснове біятокаў. Гэта, прынамсі, дзіўна. Але ж ён меў на ўвазе не нас, прышэльцаў з іншага свету. Ён, напэўна, клапаціўся аб ківі. Ніводнага намёку на пісьмо не зрабіў і Рашат. Ён гаварыў толькі пра памяць, сваю і іншых хавальнікаў гісторыі. Думаю, што машыны біятокаў засталіся на раўніне. Усе.
— Вось бы Рашата запрасіць з сабой, у той горад… — Андрэй, не закончыўшы фразы, асекся.
— Ты што? — уважліва паглядзеў на яго Волгін.
— А раптам яны недзе там схавалі свае навуковыя здабыткі. Вось каб знайсці і вярнуць іх ківі. — Андрэй гаварыў, а Волгін адчуваў, што яго сябрам раптам авалодала нейкая іншая думка.
— Для гэтага ім трэба выйсці за Кальцо, — асцярожна заўважыў ён.
— А што, — Андрэй сказаў гэта неяк разважліва, — я…
— Не гавары глупства, — узлаваўся Волгін. — Ты! — ён пачынаў здагадвацца, куды хіліць Андрэй.
— Так, капітан, я. Іменна я застануся тут, а вы вернецеся на Зямлю. I я ўсё прадумаў. Не пярэч, выслухай. Зараз мне трыццаць. Бадай столькі ж пройдзе, пакуль экспедыцыя вернецца па мяне. — Андрэй, пачаўшы сур’ёзна і ўбачыўшы трывогу на твары Волгіна, загаварыў, нібы жартуючы: — А што? Недзе пад восемдзесят я вярнуся на Зямлю. Я адзінокі, і мне ўсё роўна, дзе працаваць. А з усіх нас я адзін змагу зрабіць галоўнае — вывесці ківі з палону гор. Ну, а калі што такое, дык і вы на зоркалёце не гарантаваны. Ты ж ведаеш, смерць з разведчыкамі ходзіць побач.
Волгін маўчаў. Ён таксама выканаў бы свой абавязак, нават калі для гэтага патрабавалася б аддаць жыццё. Але ён капітан экспедыцыі і павінен застацца з ёй да канца, несучы адказнасць за кожнага члена экіпажа. I таму павінен вырашаць і як сябар Андрэя, і як начальнік.
— Ты не верыш мне? — у голасе Андрэя пачулася горыч.
Так, пытанне патрабавала неадкладнага адказу. I гэта было для Волгіна самым цяжкім. Што б там ні вырашалі астатнія, ён старэйшы, больш вопытны. Яго словы не аспрэчваюцца. Можна забараніць Андрэю, бо пяцьдзясят гадоў — час немалы нават на Зямлі. I ніхто за гэта не асудзіць. Але ці можна забараніць тое, чаго патрабуе ад Андрэя яго годнасць чалавека касмічнай эры? За лёсам жа аднаго Андрэя стаіць лёс цэлага народа.
— Бадай, ты правільна робіш, Андрэй, — нарэшце сказаў Волгін.
— Дзякуй, Сяргей, дзякуй! — усхапіўся Андрэй.
— Пачакай, — спыніў яго Волгін. — Гэта я кажу табе, як твой сябар, як проста Волгін. А як капітан скажу табе адно: да гэтай размовы мы вернемся. На зоркалёце…