— Водар які!
— Шлем! — грозна патрабаваў Андрэй і для пераканаўчасці паказаў на палатку, дзе знаходзіўся капітан.
Генадзь вельмі неахвотна падпарадкаваўся. Потым загаварыў:
— Як ты не разумееш! Мне абрыдла глядзець на ўсё гэта праз акуляры скафандра. Быццам сядзіш у кіно ці ў вагоне цягніка. А так хочацца памацаць сваімі рукамі і вось гэтае дрэўца, — ён паварушыў сіняваты парастак, які, прымяты палаткай, упарта цягнуўся ўгару, — і вось гэты пясочак.
Андрэй слухаў моўчкі і, акрамя асуджэння, адчуваў яшчэ і журбу. Ён разумеў Юрзінава, большая частка жыцця якога прайшла ў касмічных падарожжах, далёка ад роднай Зямлі.
— Дзівак, паветра тут зусім чыстае. Азон. А якія аксамітныя лісцікі… Кволенькія. Далікатненькія, — Генадзь гаварыў і гаварыў стараючыся супакоіць Андрэя. А той толькі асуджальна ківаў галавой.
— Аб чым гаворка? — запытаў Круміньш, вылазячы з палаткі і размінаючыся на хаду.
— Аб кіно, — усміхнуўся Генадзь.
Андрэй адвярнуўся.
Робаты хутка прыстасавалі ўсюдыход для пераправы цераз шырокую мнагаводную раку. Імклівая плынь аднесла касманаўтаў крыху ўлева ад намечанага пункта, і яны высадзіліся на ўзгорак. Горад перад імі быў як на далоні — поўны святла і прасторы, лёгкіх канструкцый. Такое было першае ўражанне. Але чым даўжэй глядзелі на яго людзі, тым больш ён мяняўся ў іх вачах.
Дваццаць-трыццаць будынкаў, здавалася, вырасталі з адзінай асновы — каменнай пліты, што тоўстым карычневым, як падпечаным, блінам ляжала на шэрым пяску. На вуліцах, якія, хутчэй, угадваліся, чым былі на самой справе, не раслі ні дрэвы, ні хмызнякі. Кожны будынак стаяў сам па сабе — высокі, імклівы ў сваёй накіраванасці да неба. А разам — сумная карціна нерухомасці і запусцення, якое адчувалася ў курганках пылу паміж будынкамі, у траве, што сям-там кусцілася, прабіўшы тоўсты каменны фундамент.
Людзі паслалі на разведку робата. Ён прайшоў паміж будынкаў, перадаючы свае назіранні па відэасувязі, і, не заўважыўшы нічога небяспечнага, вярнуўся назад.
Тады яго шляхам накіраваліся касманаўты.
Яны хадзілі па горадзе, паміж стромкіх вежаў — гладкіх, бліскучых, цвёрдых — і не маглі зразумець, ці сапраўды гэта пабудовы, ці, можа, тыя ж горы, якія яны бачылі здалёк. Ні ў адной вежы не было не толькі ўвахода, але нават і акна.
— Прарэжам? — спытаў Генадзь, дастаючы плазменны нож.
— Не, — не дазволіў Волгін, — трэба шукаць іншае рашэнне.
— Але ж нашы прыборы не здольны зазірнуць праз гэтыя сцены, — не здаваўся Генадзь. — Іншага ж спосабу няма.
— Будзем шукаць, — паўтарыў капітан.
Яны пайшлі далей, уважліва аглядаючы кожную пабудову. I ўсюды бачылі адно і тое: будынкі, як знарок, былі надзейна захаваныя ад пранікнення чужога вока.
— Колькі ж яны вось так прастаялі? — сказаў Круміньш. — Год, стагоддзе, два?..
— I дзе тыя, хто збудаваў іх? — дадаў Генадзь.
Неўзабаве яны натрапілі на будынак, сцяну якога з верху да нізу разразала шчыліна. Андрэй падбег да яе, прасунуў руку і, учапіўшыся ў сцяну, патрос.
— Сцеражыся! — пачуў ён голас Круміньша.
Кавалак сцяны адваліўся і рассыпаўся. Абвал адкрыў уваход унутр. Там была пустата — празрыстая, гулкая, і вецер ужо гаспадарыў у ёй.
— Андрэй, можаш увайсці. Астатнія застаюцца тут, — распарадзіўся Волгін.
Андрэй з радасцю нырнуў у пралом, агледзеўся. Ён здаўся сабе маленькім і нікчэмным у гэтым памяшканні, светлым, нібы не было ў ім сцен, высокім-высокім, што аж кружылася галава, калі ён задзіраў яе ўгару.
Андрэй зрабіў крок-другі, асцярожна ставячы ногі на чорную бліскучую падлогу. Ціхі шолах пачуўся ў паветры і, узнімаючыся да грознага гулу, знік недзе пад шпілем вежы.
Нейкі час Андрэй з цікавасцю азіраўся і раптам, не зважаючы на рэха крокаў, узняў кінакамеру і пабег у дальні кут.
— Што? — чамусьці шэптам спытаў Волгін.
— Чалавек?! — няўпэўнена і таксама шэптам адказаў Андрэй.
— Іду да цябе, — сказаў капітан.
У зацемненым кутку, так, што і не адразу заўважыш, ля выступа, падобнага на каменны стол, сядзеў… шкілет.
Касманаўты застылі, як скамянелыя, уражаныя гібеллю гэтай чужой і чымсьці блізкай ім істоты. Андрэй усхвалявана прамовіў:
— Што ён рабіў, калі быў яшчэ жывы?
— Та-ак… — апамятаўся Волгін і паклікаў Круміньша: — Давай, мазгуй, фізік. А ты, Андрэй, паглядзі, ці не пакінула смерць якіх-небудзь слядоў.
Знешні агляд нічога не даў, а дакрануцца да астанкаў істоты Андрэй не адважваўся — раптам рассыплецца.