Выбрать главу

— Здаецца, цэлы, не траўміраваны.

Гэта быў адзіны вывад, які мог зрабіць Андрэй.

— Паспрабуем уявіць сабе, што ўсё-такі здарылася, — сказаў Волгін. — Яго не забілі. Гэта, бадай, дакладна. Думаю, ён памёр, не пакідаючы свайго месца за сталом.

— Але дзеля чаго? — спытаў Андрэй.

— Вось гэта для нас загадка. — Волгін адышоў крыху ад шкілета, агледзеў яго збоку, раздумліва сказаў: — Хутчэй за ўсё, ён застаўся тут, як на варце, калі ўжо нікога іншага не было. Яму трэба было нешта такое зрабіць. Можа, нават ён спяшаўся і не закрыў уваход. Іменна таму, магчыма, утварылася шчыліна, што дазволіла нам трапіць сюды. I ён не паспеў ажыццявіць задуманае. Смерць апярэдзіла. — Памаўчаўшы, папрасіў: — На цябе, Артур, надзея. Шукай…

На выступе, які яны назвалі сталом, не захавалася ніякіх рэчаў. Паверхня яго была гладкая, чыстая, пакрытая зляжалым слоем пылу — вернага сведкі часу і разбурэння. Такі ж пыл быў наўкола: і на падлозе, і на сценах.

Круміньш спрабаваў абпраменьваць іх. Але без выніку. Прамяні розных спектраў вязлі ў сценах, не вяртаючыся. Тады ён узяўся за выступ, за якім сядзела істота, паклаў на гладкую паверхню рукі так, як гэта некалі, напэўна, рабіў мярцвяк, і паварушыў пальцамі, нібы хацеў намацаць уяўныя клавішы. Тоўстыя ахоўныя пальчаткі заміналі, і ён папрасіў:

— Дазволь зняць, капітан!

Волгін падумаў і ажывіўся:

— Імітуй біятокі, накіруй на паверхню. — Ідэя яго так захапіла, што ён подбегам сам прынёс Круміньшу прыбор.

На стале засвяціўся маленькі экран. Потым на ім узніклі контуры вежы, у якой яны знаходзіліся. Яшчэ праз імгненне з’явіліся невыразныя, дрыготкія абрысы постаці, падобнай на чалавечую. Хвіліну-другую было ціха, і раптам пачуўся перарывісты шолах. Ён мацнеў, і вось ужо загучаў, аддаючыся магутным рэхам у высокіх скляпеннях.

— Стоп! — скамандаваў Волгін.

Круміньш выключыў біяімітатар. Экран патух, недзе ў вышыні заціхлі адгалоскі рэха.

— Няўжо мова? — у Андрэя радасна заблішчалі вочы.

— Падобна на тое, — сказаў Волгін. — Давайце зноў паслухаем.

Яны абпраменьвалі стол некалькі разоў, і кожны раз чулі адны і тыя ж гукі, падобныя па тоне і тэмбры, і ледзь прыкметныя паміж імі паўзы рознай працягласці. Гэтага было недастаткова, каб малетронны мозг зоркалёта здолеў расшыфраваць сэнс гукаў. Але заўсёды, калі на экране з’яўляўся адбітак фігуры, чулася адно і тое: «Туа». Гэта была ўжо зачэпка.

— Вернемся на базу, — прапанаваў Волгін.

— Дазволь, я застануся, — папрасіў Андрэй. — Гэта ж адна, толькі першая знаходка.

— Не, Андрэй, — сказаў капітан. — Нешта не падабаецца мне тут. Можа, калі даведаемся што-небудзь больш пэўнае, тады прадоўжым пошукі ў гэтым горадзе.

Зноў касманаўты неахвотна падпарадкаваліся рашэнню капітана. Іх цікавілі рэшткі чужога жыцця, а ўсё астатняе здавалася неістотным. Бо што магло пагражаць ім, усясільным зямлянам, узброеным самай дасканалай тэхнікай? А Волгіным кіравала толькі асцярожнасць.

Магутны малетронны мозг зоркалёта працаваў дваццаць шэсць гадзін, перабраўшы трыльёны камбінацый. На планеце надышла ўжо другая ноч, калі нарэшце расшыфроўка гукаў была закончана і знясіленыя чаканнем людзі пачулі:

«Туа… Наступным. Цемень нясе Мегу буну. Вежы не ратуюць. Ківі спяшаюцца… поўначы Мегі Нябесныя горы. Туа застаўся…»

Дынамік змоўк.

— Небагата, — расчаравана прамовіў Круміньш.

— Але ж у гэтым адчуваецца пэўны сэнс, — ад хвалявання Андрэй не мог уседзець на месцы, — яго трэба толькі зразумець.

— Малавата тэксту, — паківаў галавой Юрзінаў, далучаючыся да Круміньша. — Як думаеш, капітан?

— А дзе ўзяць больш? — усміхнуўся Волгін. — Мы павінны абысціся тым, што маем.

— Вядома, — горача загаварыў Андрэй. — Адно можна сказаць ужо з пэўнай падставай: жыхара планеты, які пакінуў нам свой голас і астанкі якога мы знайшлі, звалі Туа.

— I не толькі гэта. Упэўнены, што планета ў іх называлася Мега, — падказаў Волгін.

— А ён, Туа, папярэджваў кагосьці, — зрабіў вывад Андрэй.

— Але каго і аб чым? — не здаваўся Круміньш.

— Вось аб гэтым мы павінны здагадацца, — твар Волгіна пасуровеў. — Туа, мне здаецца, не толькі папярэджваў. Пра небяспеку, відаць, ведалі і без яго. Магчыма, ён запісваў падзеі і мімаволі стаў для нас летапісцам.

Волгін павярнуў лімб тэлеўстаноўкі. На экране ўзнік горад, якім яны яго бачылі — прыгожы і мёртвы, поўны невыказнага суму.

— Летапісцам нейкіх трывожных, бадай, трагічных падзей, — ціха сказаў Волгін. — Звярніце ўвагу на фразу: «Цемень нясе Мегу буну». Мега — планета, а што такое «буну»?