Выбрать главу

— Неабавязкова, — загаварыў раптам Юрзінаў. — Дзіўна, каб, напрыклад, мы сказалі: «Цемень нясе на Зямлю небяспеку» або яшчэ лепш — «На поўначы Зямлі Ледавіты акіян».

— Урэшце, Мега ці не, не гэта галоўнае. З таго, што мы ўбачылі, можна зрабіць такі вывад: планету спасцігла няшчасце, катастрофа, пасля якой жыхары пакінулі свае паселішчы. Ці пайшлі яны на поўнач і засталіся там, ці загінулі — мы пакуль не ведаем. Але абавязаны даведацца. Будзем рыхтавацца ў дарогу. Пойдзем мы з Андрэем. — Волгін гаварыў сурова, быццам яму ўжо былі да канца вядомы і прычына і вынікі катастрофы. — Генадзь, пакажы нам фотакартку поўначы планеты. Дзе тыя Нябесныя горы? I прашу, не, нават загадваю быць вельмі асцярожнымі. Што гэта такое «буну»?.. Андрэй, абследуй усіх, і з гэтага дня назначаю абавязковую праверку. Буну… буну…

— У такім харастве? — Генадзю стала смешна ад перасцярог капітана. — Мы ж маем даныя прыбораў.

Волгін уважліва паглядзеў на яго і прамаўчаў. А Андрэй папракнуў:

— Не блазнуй. — Яму не падабалася Генадзева ўзбуджанасць, якая межавала з ліхаманкавасцю. I той учынак недаравальны для навічка, а тым больш для вопытнага астралётчыка. Што гэта: стома, нервы? А можа… — Андрэй так усхваляваўся, што ледзь дачакаўся, пакуль застаўся з капітанам удваіх.

— Кепска, — сказаў Волгін, выслухаўшы яго. — Прыборы былі і ў жыхароў планеты, — успомніў ён спасылку Юрзінава і паўтарыў: — Кепска. Трэба неяк ізаляваць Генадзя на некалькі дзён.

— Але ж ён і так…

— Бачу, — перабіў яго Волгін, — і не магу здагадацца, чаму. У палёце, здаецца, усё было нармальна.

— Планета вельмі падобная на Зямлю, — уздыхнуў Андрэй. — А мы так даўно не былі дома…

Волгін падышоў да таварыша, пагладзіў яго па плячы, сказаў ласкава:

— Такі ўжо наш лёс…

Ад таго, што ён сказаў так проста, без узнёсласці і нібы сам сумуючы, Андрэю стала лягчэй. Каб выказаць сваю ўдзячнасць капітану за гэта, ён паабяцаў:

— Я знайду спосаб. Генадзь не пакрыўдзіцца.

— Вось і цудоўна. Дабранач…

А назаўтра Генадзь захварэў. Спачатку яму крыху нездаровілася, і гэта заўважыў не ён сам, а прыборы, паказаўшы нязначныя адхіленні частаты пульса і дыхання. Але не прайшло і некалькі гадзін, як ён адчуў сябе вельмі дрэнна. I самае горшае было тое, што Андрэй не мог знайсці прычыну, якая выклікала хваробу. Было ясна, што яна ўзнікла пад уздзеяннем знешняга асяроддзя, бо захварэў толькі Генадзь, які здымаў гермашлем. Але і фізічны, і хімічны аналізы не паказалі якіх-небудзь шкодных для чалавека прымесей у наваколлі.

— I ўсё-такі трэба шукаць, — зазначыў Волгін. — Успомніце словы таго летапісца: «Цемень нясе Мегу буну». Можа гэта была эпідэмія, а магчыма — і атрута, што выдзелілася ў атмасферу ў час якога-небудзь доследу. Тады яна павінна быць вельмі стойкай, бо і цяпер, праз стагоддзі, захоўвае сваю сілу.

— Я таксама займуся пошукамі, — прапанаваў Круміньш.

Толькі пасля шматгадзінных назіранняў у электронны мікраскоп, злучаны з малекулярным дзяліцелем, удалося нарэшце выявіць маленькае, нават з пункту гледжання мікрасвету, жаўтаватае іншароднае цельца. Яно было абсалютна нерухомае і не падавала прыкмет жыцця. Але варта было змясціць яго ў кропельку крыві, як цельца ажыло і стала падобна на вірус.

Ён быў моцны, гэты вірус, нібы акружаны бранёй: ён выстаяў нават супраць уздзеяння жорсткіх рэнтгенаўскіх прамянёў, не страціўшы сваёй жыццядзейнасці.

Пакуль яны разважалі, мінула з паўгадзіны. А калі пасля Андрэй зірнуў у бінакуляр, дык аж ахнуў ад здзіўлення: вірусы размножыліся.

Ад роспачы Андрэй быў гатовы скласці рукі. I тады Волгін прапанаваў пусціць вірус у клетку, узятую са слізістай тканкі жывога арганізма і падвержаную дзеянню антыбіётыкаў.

Так і зрабілі. Вірус нечакана абмяк, абяссілеў пры сустрэчы з самым звычайным лякарствам. Толькі ў клетцы пасля яго засталіся шкодныя ферменты.

Тым часам хвароба Генадзя ўступіла ў новую фазу — пачалося перараджэнне клетак. На паражоных месцах узнікла нешта падобнае на ракавыя пухліны. Яны раслі хутка, і здавалася, няма ад іх ратунку.

— Вось так, напэўна, гінулі жыхары Мегі, калі толькі ў іх не было дасканалай медыцыны, — усхвалявана сказаў Волгін, выслухаўшы паведамленне Андрэя аб стане здароўя Юрзінава.

— Яны гінулі нават хутчэй, — адказаў Андрэй. — На першай стадыі хваробы. Успомні Туа.

— Няўжо яны не ўмелі лячыць? — не мог супакоіцца Волгін. — Яны ж разгадалі тайну біятокаў мозга. Дзіўна. Вельмі дзіўна.

Атрымаўшы слабы вірус, Андрэй здолеў разгадаць яго сутнасць. А гэта дало магчымасць знайсці прэпараты, якія абясшкоджвалі і моцны вірус. Цяпер здаровым людзям ён быў ужо не страшны. Але толькі здаровым — Волгіну, Андрэю, Круміньшу. З Генадзем жа справа была не простая. Адзінае, што магло яго выратаваць, — гэта ўмяшанне ў механізм пашкоджаных клетак з тым, каб вярнуць іх да нармальнай дзейнасці. На Зямлі ў той час такое лячэнне прымянялі. Праўда, і там гэта быў вельмі складаны працэс, які патрабаваў вялікай дакладнасці і ў аналізах, і ў самім уздзеянні. Лячэнне праводзілі толькі ў стацыянарных умовах. Але ў Андрэя іншага выйсця не было, і ён вырашыў рызыкнуць.