Выбрать главу

Хвароба адступала нехаця. I адзінае, чаго Андрэй здолеў дабіцца, — гэта абмежаваць яе далейшае распаўсюджанне і аднавіць дзейнасць пашкоджаных органаў.

Смерць Генадзю больш не пагражала, але да канчатковага выздараўлення было далёка.

— Можа прыйдзецца далечвацца на Зямлі, калі арганізм не пераможа сам, — сумна падвёў вынікі сваёй напружанай барацьбы Андрэй і дадаў: — А гэта пятнаццаць гадоў.

— Магло быць горш, — толькі і сказаў Волгін. Ён разумеў стан Андрэя, яго нездаволенасць сваёй бездапаможнасцю, але суцяшаць не стаў. Людзі іх эпохі не мелі патрэбы ў суцяшэнні. Яны лічылі за лепшае глядзець праўдзе ў вочы. — Генадзю патрэбна твая дапамога? — спытаў ён пасля кароткага роздуму.

— Ужо не.

— Тады пакінем з ім Круміньша. А мы адпраўляемся заўтра.

Волгін і Андрэй вылецелі на невялікім гравіплане, узяўшы курс на поўнач. Упэўненасці, што жыхары планеты ўцалелі ў няроўнай барацьбе з буну (касманаўты прынялі тэрміналогію з расшыфраванага гуказапісу) і схаваліся за гарамі, не было. З часу тых трагічных падзей, як сведчылі даследаванні астанкаў летапісца, мінула каля тысячы зямных гадоў, і гэта было не на шмат больш тутэйшых. Але шукаць трэба было. I вельмі хацелася верыць у поспех.

Унізе праплываў зменлівы пейзаж планеты. Багацце расліннага свету, з якім яны сутыкнуліся вакол зоркалёта, паступова ўступіла месца пахмурай шэрасці. На многія кіламетры пацягнулася камяністая пустыня. А потым неяк непрыкметна на гарызонце ўзнік горны хрыбет. Ён здзіўляў сваёй магутнасцю і прыгажосцю. Сотні кіламетраў даўжынёй, з высачэзным грэбнем, хрыбет стаяў непарушнай сцяной на шляху да поўначы. Абрывістыя голыя пікі і вяршыні, абточаныя ветрам, холадам і вадой, падкрэслівалі яго дзікаватасць і непрыступнасць.

Гравіплан набраў вышыню.

— Ого, пятнаццаць кіламетраў! — у голасе Волгіна прагучала захапленне.

— Дзіва што яны хацелі тут схавацца, — адказаў Андрэй.

А за грэбнем адкрылася новая цудоўная карціна. Зніклі скалістыя ўцёсы, бяздонныя цясніны. На пакатых схілах закучаравіліся густыя чырванаватыя шапкі лясоў.

Волгін запаволіў хуткасць, апусціў гравіплан так, каб простым вокам можна было разгледзець нават асобныя дрэвы. Але на экранах лакатараў, як і там, на раўніне, нічога не з’яўлялася. Нават гарадоў-астраўкоў, падобных на той, што яны ўжо агледзелі, тут не было. Толькі горы і густыя лясы.

— Але ж далей пойдзе нешта накшталт халоднай тундры, — заўважыў Андрэй.

— Так, трэба глядзець тут.

Яны доўга кружылі над горным лесам, пакуль не заўважылі паміж дрэў доўгую стужку-прасеку. Натрапіўшы на паляну, апусціліся. Лес жыў. Шумелі высачэзныя хвоі, шапацелі хмызнякі. Лес быў напоўнены іншымі гукамі, якіх зусім не чуваць было на раўніне, — стракатаннем, піскам, крыкам.

Волгін з Андрэем пераглянуліся, выклікалі робатаў і асцярожна рушылі па прасецы, дзе трава была быццам прымятая. Яны пільна ўглядаліся ў дарогу, шукаючы хоць якога следу. Але сухое, цвёрдае покрыва не пакідала адбітку нават ног важкіх робатаў.

— Трэба ехаць далей, — вырашыў Волгін і выклікаў усюдыход, пакінуты ў гравіплане.

— Пакуль аўтаматычны вадзіцель прыгоніць усюдыход, можа, паспрабуем злавіць якога-небудзь звярка, — прапанаваў Андрэй.

Волгін не згадзіўся.

— Не будзем адхіляцца. Да таго ж невядома, хто тут зараз гаспадар, — сумна сказаў ён…

Усюдыход, вузкі, як лодка, імчаўся між высокіх, магутных дрэў па дарозе, якой, здавалася, не будзе канца. Яна пятляла ўздоўж горнага хрыбта на адным узроўні, не ўзнімаючыся да вяршынь і не апускаючыся ў даліны.

— Запаволь ход, — сказаў Волгін.

Ледзь прыкметны знак — абламаная галінка — насцярожыў Андрэя. Волгін спыніў усюдыход, падышоў да галінкі. За разлапістай хвояй таілася незарослая сцежка.

— Пайшлі, — кіўнуў Волгін.

Робаты сталі адзін спераду, другі ззаду іх.

Крокаў праз трыста сцяжынка павярнула ўніз. Мінула яшчэ з паўгадзіны, і касманаўты ўбачылі на крутым схіле гары некалькі пячор. Яны здаваліся нежылымі, пустымі. Але калі Волгін з Андрэем падышлі бліжэй, раптам прагучаў вокліч. У ім адчувалася адначасова і трывога, і здзіўленне, і яшчэ нешта такое, што не давалася чалавечаму разуменню: ці то жах і роспач, ці, наадварот, нястрымная радасць.