Выбрать главу

Волгін падаў каманду спыніцца. Водгулле апошніх гукаў чужога голасу замерла ў цяснінах. Стала надзвычай ціха і неяк трывожна. Секунды цягнуліся марудна і гэтак жа марудна, быццам нехаця, складваліся ў хвіліны. Людзі з хваляваннем, затаіўшы дыханне, чакалі, што будзе далей. А таго, хто падаў голас, усё не было. Андрэй нецярпліва паварушыўся, адкрыў быў рот. Волгін ледзь паспеў зрабіць жэст перасцярогі. I ў гэты момант з крайняй пячоры высунулася галава: кудлатая, з зарослым валасамі, зморшчаным тварам, на якім ярка блішчалі вялікія і, як здалося касманаўтам, разумныя вочы. Іх позірк, здавалася, пранізваў людзей наскрозь у нямым запытанні: хто вы і адкуль? У ім не было ні страху, ні нават здзіўлення, нібы ён даўно чакаў сустрэчы з людзьмі.

— Дык вось ты які, чалавек Мегі! — Волгін не мог адарваць вачэй ад гэтага суровага твару. Апамятаўшыся, загадаў робату: — Пераклад! — Пачакаўшы крыху, хрыпла спытаў: — Хто ты, жыхар Мегі?

Нягледзячы на ўсю значнасць моманту, Андрэй не стрымаў усмешкі і, хоць ніхто старонні пачуць яго не мог, сцішыўшы голас, сказаў:

— Гэта ён павінен у нас пытацца, хто мы? Ён — жыхар Мегі. Гаспадар.

Істота зрабіла крок наперад — нязграбная, з непрапарцыянальна доўгімі рукамі і нагамі і кароткім тулавам.

Нахіліўшы галаву, мяганін слухаў механічны голас робата-перакладчыка.

— Мы ведаем пра вашу бяду, — пачакаўшы трохі, зноў загаварыў Волгін, — і мы прыйшлі, каб даведацца, ці не можам чым дапамагчы.

Істота слухала, не рэагуючы.

— Не тое, не тое, — нездаволена прамовіў Волгін. — Як сказаць, каб ён зразумеў?

Не адзін раз яны ўяўлялі сабе, як некалі сустрэнуцца з разумнымі жыхарамі чужых планет, што скажуць ім, як наладзяць першы кантакт. А вось прыйшла пара, сустрэча, здаецца, адбылася, і ўсё атрымліваецца неяк не так, як думалася раней. Знаёмства яўна не ўдавалася.

Андрэй падышоў да Волгіна і, быццам баючыся, што мяганін пачуе, нахіліўшыся, сказаў:

— Можа, мова іншая стала. Тысяча гадоў…

— Здымкі! — коратка кінуў Волгін.

Задні робат, які быў яшчэ і насільшчыкам, падаў здымак, зроблены ў знойдзеным горадзе. Андрэй паказаў яго мяганіну. У вачах мяганіна бліснуў агеньчык. Нібы ратуючыся ад нечага страшнага, ён засланіўся ад здымка рукамі.

— Мы вашы сябры, — Волгін дакрануўся да сваіх грудзей.

Робат, павольна і дакладна вымаўляючы гукі, паўтарыў фразу на мове Мегі.

Мяганін разгублена перавёў позірк з робата на Волгіна, потым зноў на робата.

— Мы вашы сябры, — паўтарыў Волгін.

Мяганін паказаў на здымак, які трымаў Андрэй, і загаварыў:

— Там смерць! Там смерць!

— Мы яе знішчым, — адказаў Волгін, быццам працягваючы даўнюю размову і не заўважаючы нават, што мяганін нарэшце сказаў першую фразу.

— Смерць перамагчы нельга, — і такая туга пачулася ў яго нізкім да хрыпаты голасе, што людзі аж уздрыгнулі, нібы самі сталі са смерцю тварам у твар.

— Мы перамаглі смерць, — першым схамянуўся Андрэй.

Мяганін падышоў да яго, дакрануўся да скафандра, памацаў гермашлем і сказаў:

— Смерць мацнейшая за вас.

Андрэй зірнуў на Волгіна. Той, зразумеўшы, згодна кіўнуў. Андрэй адкінуў гермашлем, на поўныя грудзі ўдыхнуў свежае і чыстае горнае паветра. Яно мела ў сабе і пах азону, і нейкі незнаёмы, прыемны водар, ад якога на імгненне закружылася галава. Але Андрэю не было калі аналізаваць уласныя адчуванні. Ён зірнуў на мяганіна і ўсміхнуўся, усім сваім выглядам падкрэсліваючы, што нічога небяспечнага няма.

Цень роздуму прамільгнуў па твары мяганіна. Ён пастаяў крыху, задумлівы і, здавалася, далёкі ад усяго. Потым рашуча адышоў убок, адкрываючы ўваход у пячору.

Гэта выглядала як дазвол, запрашэнне, і людзі, захапіўшы з сабой робата-перакладчыка, увайшлі.

Убранне пячоры было сціплае, нават беднае. Можна было падумаць, што яны трапілі ў жыллё першабытнага чалавека Зямлі. Шкура-посцілка, нешматлікі керамічны посуд. I толькі металічная зброя не пасавала да выгляду пячоры.

Людзі пакланіліся гаспадару, які ўвайшоў следам за імі, і назвалі сябе. Выслухаўшы пераклад, мяганін крыху падумаў і вымавіў:

— Рашат.

Робат добрасумленна паведаміў: «Апошні». Волгін сур’ёзна папрасіў мяганіна паўтарыць сваё імя і адключыў на хвіліну робата. У цішыні пячоры выразна прагучала: «Рашат».