Выбрать главу

Шырокім жэстам Рашат прапанаваў гасцям сесці на гладкі камень, які, напэўна, служыў тут лаўкай, а сам прымасціўся насупраць. Пачакаўшы, пакуль госці ўсядуцца, ён павярнуўся да робата.

— Некалі мы таксама былі магутныя, але смерць аказалася больш магутнай. Перадай гэта сваім творцам. — Выслухаўшы гукі металічнага голасу, ён дадаў: — I ў нас былі разумныя машыны, пра гэта сведчаць легенды. Але машыны нас не выратавалі.

Волгін узняў руку, запрашаючы Рашата выслухаць яго.

— Мы сустрэліся з вашай бядой. Яна ледзь не забрала нашага таварыша. Але мы адолелі яе.

На бясстрасным дагэтуль твары Рашата раптам праступіла хваляванне.

— Так, вылечылі, — пацвердзіў Андрэй.

— Не ведаю, хто вы, — пасля доўгага маўчання загаварыў Рашат. — Я хачу верыць вам і не магу. Легенды сцвярджаюць іншае: таго, хто захварэе, выратаваць нельга.

Рашат гаварыў павольна, нібы сам быў сведкам усіх тых падзей і зараз аддаваўся ўспамінам. Ён нават прыжмурыў свае вялікія вочы, каб не рассейваць увагу на дробязнае і неістотнае, што акружала яго.

Вось яго расказ, які пераклаў робат.

«Гэта здарылася тады, калі ківі жылі па-за кальцом Вялікіх гор. У іх былі прыгожыя паселішчы, разумныя машыны. Яны жылі вольна, у дастатку, без ніякіх турбот. Ніводная хмара не закрывала ім Аал. Але ківі гэтага здавалася мала. Яны хацелі немагчымага.

У той час жыў юнак па імені Катса. Прыгожы, разумны, няўрымслівы. I была ў яго сяброўка Ляйя. Таксама прыгожая, але вельмі гордая. I сказала яна аднойчы Катсу:

— Я хачу мець зорку. Вунь тую, што заўсёды пачынае свяціць на чорным небе раней за ўсіх.

Катса адказаў:

— Зоркі не належаць ківі. Ніхто яшчэ не кранаўся іх.

Ляйя пакрыўдзілася:

— Ты ж казаў, Катса, што ўсё можаш. Ты хвалько, я не веру больш табе.

Катса быў ганарысты не менш за Ляйю. Ён не сказаў ёй ні слова ў адказ на папрокі. Павярнуўся і пайшоў. А потым знік.

Дзесяць разоў абярнулася Мега вакол Аала, а яго ўсё не было. I не ведала Ляйя, дзе ён, і ніхто не ведаў. Толькі Ляйя нават не цікавілася гэтым і хутка знайшла сабе новага сябра. Але ў той дзень, калі Ляйя нарадзіла сына, нечакана з’явіўся Катса. Узмужнелы, пасталелы і яшчэ больш прыгожы.

— Ты хацела зорку, — сказаў Катса, — вазьмі яе, Ляйя, — і падаў ёй камень, іскрысты, як сама зорка.

— Цябе вельмі доўга не было, Катса, — раўнадушна адказала Ляйя.

Катса імгненне глядзеў на сваю сяброўку і раптам зрабіў тое, чаго не рабіў ніхто на Мезе. Катса ўзлаваўся. Гнеў яго быў такі моцны, што ён не вытрымаў і з усёй сілы ўдарыў каменем аб падлогу.

Усё навокал загуло, загрымела, і многа-многа, як кропелек дажджу, разляцелася іскарак-асколачкаў таго каменя. Наляцеў вецер, падхапіў іх і панёс па Мезе. А там, дзе стаялі Ляйя і Катса, засталася глыбокая яма, поўная вады.

Ківі былі вельмі разумныя, усё ведалі. Але і яны не адразу разгледзелі, якую страшную хваробу разнёс вецер разам з каменнымі іскаркамі. Ды гэта і не дзіўна. На Мезе даўно ніхто нічым не хварэў. А калі смерць пачала забіраць ківі, вучоныя спахапіліся, але зрабіць ужо нічога не змаглі.

Загінулі амаль усе. Толькі нямногім удалося схавацца за кальцом Вялікіх гор, куды нават вецер не здолеў занесці іскарак каменя…»

Рашат паглядзеў на слухачоў, быццам хацеў пераканацца, якое ўражанне зрабіў яго расказ. Убачыўшы іх засяроджаныя твары, ён працягваў:

«З таго часу і жывуць ківі тут. Кожны раз, як Мега робіць дзясяты абарот вакол Аала, самы смелы юнак адпраўляецца ўніз, у раўніны. Але ніводзін ні разу не вярнуўся. Хвароба ўсё яшчэ ўладарыць над Мегай. Вы першыя прыйшлі адтуль, адкуль да нас можа прыйсці толькі гора».

Рашат змоўк, пакорлівы перад нягодамі і цяжкім лёсам, які выпаў на долю ківі.

— Што яшчэ хочуць ведаць прышэльцы? — пасля працяглага маўчання, відаць, стомлены расказам, спытаў Рашат.

— Многа ківі жыве тут? — Волгін паказаў на горы, якія акружалі даліну.

— Паданні гавораць, што выратавалася па адным ківі з кожнай вежы.

— Што за вежы? — не зразумеў Андрэй.

— У вежах жылі ківі. Вежы былі ў паселішчах.

— А тут вас многа? — паўтарыў пытанне Волгін.

Рашат падумаў і няўпэўнена адказаў:

— Ківі жывуць па ўсім Кальцы, а Кальцо вялікае.

— А машыны ў вас засталіся? — спытаў Волгін.

— Машыны загінулі. — Рашат павярнуўся да сцяны, зняў нешта падобнае на сякеру і малаток адначасова. — Ад іх застаўся матэрыял, і мы робім сабе, што трэба.

— Хто кіруе вамі?

— Кіруе? — Рашат яўна не зразумеў пытання.

— Ну, як вы прымаеце рашэнне, агульнае? Напрыклад, каму спускацца ў раўніны? — растлумачыў Андрэй.