— Кожнае паселішча прысылае самага старога і разумнага. Яны і вырашаюць.
— А калі хто не паслухае? — не адставаў Андрэй.
Рашат здзіўлена зірнуў і нічога не адказаў.
— Дзе іншыя ківі, Рашат, з твайго паселішча? — спытаў Волгін.
— Там, — Рашат выглянуў з пячоры і паказаў рукой на горы, парослыя густым хваёвым лесам, — там жывуць ківі. Я тут адзін. Успамінаю паданні, думаю пра наша жыццё. Потым раскажу, што ведаю, маладзейшаму. А ён некалі перадасць іншаму. Ківі будуць ведаць пра сваё жыццё.
Рашат нахіліўся, нібы даючы зразумець, што ён сказаў усё. Або не ведаў, або не хацеў сказаць: ён жа быў хавальнікам сакрэтаў цэлага народа з такім трагічным лёсам.
Касманаўты развіталіся і вярнуліся да гравіплана. А поўныя нявыказанай тугі вочы Рашата, здавалася, засталіся разам з імі. Ад гэтага позірку было неяк няёмка, быццам у нечым яны падманулі надзеі чалавека Мегі, усіх астатніх ківі. І абодва ведалі, што гэтага позірку ім ужо ніколі не забыць.
— Дык што ж усё-такі здарылася, як сталася, што істоты высокай цывілізацыі ў нашым разуменні гэтага слова за тысячу гадоў вярнуліся ледзь не да першабытнага ладу? — не мог супакоіцца Андрэй.
— Пачакай, дай мне апрытомнець, — папрасіўся Волгін. — Ты толькі падумай, што адбылося. Мы сустрэлі чалавека з іншай планеты! Не, не трэба спяшацца. Я павінен абдумаць.
Касманаўты сядзелі ўжо ва ўтульнай каюце. Скрозь шырокія ілюмінатары лілося цемнаватае святло ранняга вечара. За ілюмінатарамі шумеў лес, чарнелі на барвовым небе высокія скалістыя горы. Усё было амаль як на роднай Зямлі, і ад гэтага трагедыя Мегі ўспрымалася неяк асабліва блізка, як свая.
— Думаю, што самае страшнае для іх мінула, хоць яны і жывуць усе гэтыя гады пад вялікай пагрозай. — Волгін сядзеў узрушаны і нязвыкла неспакойны. — Цывілізацыя адродзіцца. Самастойна. Нават калі мы і не ўмяшаемся і не дапаможам ім. Тым, што выжылі, захавалі арганізаванасць у такім гаротным становішчы, ківі даказалі гэта. А на тваё пытанне, што здарылася, мы павінны самі знайсці адказ. I вось, на маю думку, чаму. Тых, хто ведаў сапраўдную ісціну, даўно ўжо няма. Ісціна перажыла іх не на многа. Яна хутка абрасла дадатковымі дэталямі і ператварылася ў легенды, адну з якіх мы сёння пачулі.
— Але ж ва ўсякай легендзе ёсць рацыянальнае зерне, — заўважыў Андрэй.
— Безумоўна. — Волгін устаў, узяў з паліцы чорную скрыначку, пакратаў кнопкі, якія былі на яе вечку, і зноў сеў у крэсла.
Па каюце, раптоўна парушыўшы ўстаялую цішыню, паплылі магутныя гукі. Волгін заплюшчыў вочы, увесь аддаючыся музыцы. Гэта быў самы любімы яго твор — сімфонія «Гімн Чалавеку». Ён заўсёды слухаў яе ў хвіліны глыбокага роздуму. Сімфонія была напісана амаль два стагоддзі назад і з таго часу ўладарыла на Зямлі. Але асабліва яе любілі астралётчыкі. Яна стала для іх як талісман, які яны заўсёды бралі з сабой, адпраўляючыся ў прастору. Сімфонія нібы ўваскрашала ўсю цяжкую і складаную гісторыю чалавецтва, пошукі і перамогі, няўдачы і надзеі, якія не маглі не прывесці і ўрэшце прывялі да ўзвышэння чалавека і над прыродай, і над самім сабой.
Прагучаў фінал. Волгін нехаця расплюшчыў вочы, выпрастаўся, нібы сеў за камандны пульт, і загаварыў:
— Вернемся да самага пачатку. Той невядомы герой, які ахвяраваў сабой, каб данесці праўду падзей да нашчадкаў, і Рашат сыходзяцца на адным: бяда прыйшла нечакана, раптоўна. Адкінем лірычную афарбоўку і прымем за аснову сам факт. Тады падзеі будуць выглядаць прыкладна так. — Волгін перавёў дыханне і, не адводзячы вачэй ад нейкай, толькі аднаму яму бачнай кропкі на гладкай і белай сцяне каюты, працягваў: — Цывілізацыя ківі, напэўна, мела вялікую гісторыю і дасягнула немалога. Яны навучыліся рабіць дасканалыя прылады і машыны. Навука ківі перамагла не толькі хваробы, але і прычыны, што выклікаюць іх. Мега была ачышчана ад шкодных мікробаў. Былі спробы выйсці за межы сваёй планеты. А разам з імі і прыйшла бяда. Ці сапраўды шкодныя вірусы прывезлі першыя касманаўты Мегі аднекуль з іншых планет, ці, можа, вірусы былі ў метэарыце, які заляцеў на Мегу, і ажылі, трапіўшы ў спрыяльныя ўмовы, — гэта пакуль таямніца. Але гэта пакуль і неістотна. Важна, што страшэнная хвароба абрушылася на планету, дзе медыцына як навука была забыта. Ківі аказаліся бяззбройнымі, хоць і змаглі распазнаць прычыну смяротнай эпідэміі. I той, хто не паспеў заразіцца, здолеў схавацца. Шчасце яшчэ, а гэта ўстанавіў ты, Андрэй, — тут Волгін упершыню за ўвесь дзень усміхнуўся і з вялікай прыязнасцю паглядзеў на таварыша, — што вірус не перадаецца ад чалавека да чалавека, а гіне, зрабіўшы сваю чорную справу. Таму і выжыла частка ківі, перабраўшыся ў высакагорны раён…