Літаратурныя партрэты, нарысы, эцюды
БУДЗЁННЫ ДЗЕНЬ
З МАКСІМАМ ТАНКАМ
Той шчаслівы для мяне дзень надарыўся ў пачатку кастрычніка 1965 года. Максім Танк быў тады дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР ад Іванаўскай акругі. Едучы на сустрэчу з выбаршчыкамі, ён прапанаваў мне падтрымаць яму кампанію ў паездцы па Брэстчыне. Я ахвотна згадзіўся. Мы дамовіліся ехаць на маёй машыне, каб не быць звязанымі раскладамі грамадскага транспарту.
Выязджаем рана, а восьмай. Шлях — на поўдзень, у глыбіню Палесся, да вялікага сяла Моталь. Седзячы ў машыне, Максім Танк дзеліцца дэпутацкімі клопатамі, кажа, што з плана электрыфікацыі Драгічынскага раёна неяк выпала адна вёсачка, і выбаршчыкі, жыхары яе, затурбаваліся, просяць памагчы ім, заступіцца. У Мінску і ў Брэсце даведаўся, што справа гэтая ў руках мясцовых уладаў. На месцы яе і вырашыць прасцей... А яшчэ — школа ў Моталі перапоўнена, у гэтым годзе набіраецца пад дзве тысячы вучняў. Дырэктар сігналіў: «Ратуйце, без новага будынка прападзём». Дэпутату ўдалося пераканаць адказных з Міністэрства асветы — уключылі ў план. Пачнуць будаваць яшчэ адзін корпус.
— Настаўнікі рады будуць,— разважае ўголас Максім Танк.— Добрыя навіны і перадаваць прыемна. А вось адна звестка...
Ён нібы не можа адшукаць належных слоў. Потым гаворыць неяк гняўліва, як бы незадаволены празмернай даверлівасцю, да якое даходзіць размова, ці, можа, сваёю немагатою нешта паправіць:
Жанчыну з дзецьмі павінны выселіць... Зацяўся сваяк — ці не родны брат нават, адсудзіў дом... Як я ні стараўся дапамагчы жанчыне, нічога не выйшла. Закон, кажуць юрысты, на яго баку. Аднавяскоўцы пісалі, што сведкаў той латрыга падкупіў, але ж гэтага не давядзеш...
Яўгену Іванавічу не лёгка гаварыць непрыемнае пра людзей. Канчае з натугаю, перамагаючы грэблівасць:
У вайну, кажуць, той тып перад акупантамі выслужваўся. Як прыйшлі нашы — судзілі, цяпер пад амністыю папаў, вярнуўся. I пачаў спаганяць сваю злосць... на сястры. Фармалізму яшчэ ў нас у судах...
I, нібы асекшыся на абстрактным папроку, для мастака не ўласцівым, пераводзіць гаворку на новы канкрэтны выпадак:
Тройчы пісаў просьбу, каб памілавалі аднаго чалавека. Баявы партызан быў. Пасля вайны арцеллю загадваў у нас на радзіме, у Мядзелі. Прыняў ён дзяўчынку адну там на працу. Бацька тае прынятае ці дзядзька пачаставаў яго з радасці. Зразумела, дзіця на свой хлеб пераходзіць!.. Ды, як на бяду, яшчэ пару кілаграмаў рыбы дамоў таму партызану прынёс: маўляў, драбніца, не пагрэбуй... У нашым азёрным краі — гэта звыклая справа. Ды галоўнае, што і не надта разбярэш, хто там каго частаваў: у партызана шырокая натура, не хацеў даўжніком застацца, таксама ставіў! Адным словам, частаваліся людзі. I знайшоўся нейкі злоснік ці зайздроснік — бух ананімку: подкуп!.. Засудзілі партызана. За хабар. А хабар пад Указ падыходзіць. Памілаванню не падлягае. Пажылому чалавеку пяць гадоў давялося адсядзець. Дык жа калі так фармальна падыходзіць — палавіну Мядзеля трэба было б перасадзіць за падобныя «хабары»!..
Я далучаюся да разважанняў. Сапраўды, выносілі б спачатку такія справы на суд грамадскасці. Паступова выпрацавалася б атмасфера маральнага асуджэння. У глухіх мястэчках, дзе работнікі перакуміліся, знаючы адзін аднаго па многа год, пачалі б адрозніваць дзелавыя адносіны ад таварыскіх, суседскіх, сваяцкіх. Тады ўжо справядліва было б і паступаць больш сурова. Прысуд падмацоўваўся б грамадскім асуджэннем. Суд і прысуд выхоўвалі б, а не толькі каралі. Фармалізм і таропкасць могуць скампраметаваць добрую ідэю. Выйшаў Указ пра хабар — давай шукаць хабарнікаў! Не знайшлі сапраўдных — давай уяўных для навукі астатнім. Занятак у швейкаўскім стылі: «Няма каму каяцца, давайце я пакаюся». Выходзіць з падобнага фармалізму навука навыварат. Фармаліст пераварочвае дагары нагамі задуму заканадаўца.
Змаўкаю, але думка ўсё трымаецца за тэму.
З любові да вяршынь склаліся поўныя іроніі, сарказму, «высокага» Танкавага смеху вершы «Заява ў гарсавет», «Прысніўся сон, што я — заканадаўца», «Ананім», «I ...іншыя». Што ж вам, людзі, не дае ўзняцца над сабою, узысці на вяршыні, жыць і думаць высока? Лянота сэрца? Беднасць фантазіі? Зласлівасць? У нас такое грамадства, што асабістая загана чалавека становіцца грамадскаю з'явай, бо яна паніжае культуру сужыцця людзей. Вось нейкі журналіст або арганізатар нейкага сходу назваў у інфармацыі толькі тых прамоўцаў, якія выказалі бясспрэчныя думкі, таго ж, хто сказаў нязвычнае і рызыкоўнае слова, інфарматар-бюракрат замаўчаў, схаваў, як паперу пад сукно, пад неўразумелае выслоўе — «і... іншыя». А што ж думалі, што сказалі, што прапанавалі рабіць гэтыя «іншыя»? Тут не проста цікаўнасць,