Зместам і формай Танкаў верш «Ale Maria» далёкі ад сялянскасці, але ацэнкі чалавека і жыцця ў ім вызначаюцца глыбокай народнасцю, таму яны аднолькава блізкія інтэлігенту, рабочаму і селяніну. Толькі снобы, аслепленыя модай, не ўбачаць тут мудрасці і глыбіні.
У словах верша «семнаццаць маяў» (перыфраза «семнаццаць гадоў» — сімвал дзявочай сталасці ў народных песнях), як і ў словах «чорныя вочы, бровы густыя» — (традыцыйных вобразах дзявочай красы ў фальклоры) селянін уловіць подых народнага ідэалу дзявочай красы. Чаму ўвёў паэт народны крытэрый ацэнкі хараства? Відавочна таму, каб крытычна аднесціся да занябеснага хрысціянскага ідэалу, які ўвасабляе манашка. Эстэтычным поглядам народа арганічна ўласціва ўяўленне, што хараство чалавека — гэта росквіт яго фізічных і духоўных сіл, гатовых выліцца ў працы і барацьбе, у спяванні і каханні, у абавязках бацькоўства і мацярынства.
Такі менавіта рэнесансавы аспект ацэнак чалавека выступае ў «малітве» лірычнага героя. Яна звернута не да неба, а да зямное красы манашкі-затворніцы. У «малітве» ідуць побач праца, гулянне і мацярынства. З пункту гледжання вузка сялянскага гулянне было б лішнім, збыткоўным. Увайдзі паэт у натуру селяніна, і міжвольна збедніцца яго ідэал жыцця, вобразы верша страцяць тую чалавечую паўнату. якою мы захапляемся, ганарымся як заваёваю нашага савецкага стылю жыцця:
Язычніцкая антымалітва сцвярджае чалавечы смак зямных цяжкасцей, асалод і абавязкаў. Адкрыта, але не груба супрацьпастаўляе паэт свецкую і царкоўную малітвы:
Падобнае параўнанне, зробленае на прыстойнай адлегласці, адпавядае народна-фальклорнай традыцыі, тут няма нетактоўнага блюзнерства. Прыгадаем па аналогіі народную песню:
Малітва красе ў М. Танка дараўноўвае сваёй цнатлівасцю малітве богу. Голас пачуццёвасці паэт сублімаваў, зашыфраваў, зняў эротыку з пажаданняў героя. Яго герой моліцца нават не на твар прыгажуні, а на бровы, г. зн. на хараство як такое.
Варта звярнуць увагу на рэдкую ў Танка грацыёзнасць, падкрэсленую зграбнасць гэтай малітоўнай страфы. Па-народнаму разуметае каханне патрабуе святочнай прыбранасці ва ўсім. Кампанент, які ўвасабляе тут святочную аздобленасць жыцця,— інтанацыя, мелодыка-інтанацыйная пабудова выказвання. Уся страфа — адзін разгорнуты, але вельмі зграбна згарманізаваны сказ. Другі і трэці рытмарады прыпыняюць моўны паток не на стыках фраземаў, а на самой бруі, ствараючы зацёнлівы меладычны малюнак. Ажно тры інтанацыйныя паўзы ўвёў паэт замест адной, што належалася па простаму сэнсу выказвання. Моўны паток стаў перарывістым, набыў дадатковую напружанасць, у яго ўвайшло ўсхваляванае прыдыханне.
Танк, вядома, пайшоў далей фальклорнага вопыту ў эстэтычным асэнсаванні інтымных зносін. Спакушэнне зямным гуманізмам настолькі сінтэзавана ў яго вершы, што, не рызыкуючы ўпасці ў павярхоўнасць, мы не можам паставіць на месца лірычнага героя нейкага канкрэтнага чалавека. Нават д'ябал-спакуснік у кантэксце гэтага верша будзе здавацца заліпне канкрэтнаю фігураю. Паэт сумясціў у сваім лірычным героі рысы розных людзей, нават розных узростаў: ён надзяліў героя юначай сарамлівасцю і ў той жа час даў яму духоўны вопыт бацькоўства (юнак, мабыць, не падумае пра дзяўчыну пры першай сустрэчы: «О, як кармілі б грудзі такія...»).
Зямная малітва героя — гэта шкадаванне аб страце прыгожаю затворніцаю трох чалавечых радасцей: радасці працы, радасці гульні-забавы, радасці мацярынства.
Ідэалу царкоўнаму, які патрабуе аскетычнага, затворніцкага подзвігу, паэт супрацьпаставіў народны гуманістычны ідэал, які патрабуе ад чалавека подзвігу працы і абавязку. Манашка размінулася са сваім чалавечым прызваннем. Але яна не вінавата. Над ёю стаіць векавое заблуджэнне, адвечны аўтарытэт манастырскага падзвіжніцтва — «зводы цёмныя і глухія». Лірычны герой перажывае як высокую драму чалавечага духу здольнасць адступацца ад зямной будзёншчыны і пагружацца ў містыфікаванай ідэальнай дасканаласці, вяртацца ў сябе. Маладая манашка прыгожая неразбуджанай сілай жыцця. I тое, што нельга разбудзіць гэту сілу зямною спакусліваю малітвай, таксама ўражвае нас, бо выяўляе моц чалавечага духу, які трапіў у стан міжвольнага заблуджэння. Бачыць тут паражэнне лірычнага героя — недарэчна. Менавіта народная шырыня светаўспрымання дазволіла паэту знайсці сітуацыю, якая выражае складанасць чалавечых узаемаадносін і характараў.