Без рушчызны можна было ўжо абыйсціся дзелавому чалавеку не толькі ў карэннай Літве, але і ў Беларусі, затое без пальшчызны стала немажліва. Іранічнае XVIII стагоддзе паставіла ў верш Пашкевіча замест слова «русчызнаю» — «пальшчызнаю». Наспявала пытанне адраджэння беларускай культуры. Але жыццё адклала яго да лепшых часоў.
Страта нацыянальнага аблічча беларускаю шляхтай пры нацыянальнай стракатасці гараджан прывяла да звужэння абсягу культурнага ўздзеяння гарадоў Беларусі, да затухання гарадскіх цэнтраў. Гэта датычыць і Брэста.
З другой палавіны XVII стагоддзя і аж да пачатку дваццатага наш горад наогул не ведаў колькі-небудзь буйных дзеячаў культуры ці мастакоў слова. Адзіным, хоць і вялікім выключэннем, з'яўляецца трагічная постаць Казіміра Лышчынскага, філосафа-атэіста, засечанага катам і спаленага 30 сакавіка 1689 года на плошчы Старога Мяста ў Варшаве «за знявагу вялікасці бога». Лышчынскі паходзіў са шляхецкага роду (маёнтак Лышчыцы ў ваколіцах Брэста). Культурная і навуковая дзейнасць яго пачалася ў Вільні, дзе ён штудзіраваў у езуіцкай акадэміі, а потым выкладаў там жа філасофію і тэалогію.
Захапіўшыся гуманістычнымі ідэямі Адраджрння і Асветніцтва, Казімір Лышчынскі парваў з аблуднаю ідэалогіяй і выкрутнаю тактыкай езуітаў. Вучоны шляхціц вярнуўся ў сваю сядзібу да гордай адзіноты праўдалюба. Але землякі заўважылі яго — абралі падсудкам брэсцкага земскага суда, потым — каштэлянам.
Казімір Лышчынскі быў энергічным дзеячам, добрым асветнікам. Ён адкрыў у Брэсце школу, за якую так зацята і без поспеху змагаўся Афанасій Філіповіч. Праўда, школа гата была ўжо не грэка-лаціна-беларуска-польскай, а толькі польскай.
Для душы ў вольны час Лышчынскі працягваў філасофскія заняткі. У 1687 годзе падасланы езуіцкі агент украў з дому вучонага каштэляна раздзел рукапісу «Аб неіснаванні бога». Аўтара судзіў біскупскі суд, а пасля пратэсту брэсцкай шляхты— сеймавы суд. Але і свецкі орган юстыцыі вынес Лышчынскаму смяротную кару. Усяго за атэістычныя перакананні, якіх аўтар пават пс выказаў публічна. У параўнанні з Філіповічам, забітым за публічную абразу уніяцкай і каталіцкай цэркваў, гэта быў пануры «прагрэс». У краі, які пры Скарыне і Гусоўскім слыў талерантнасцю, рэлігійны фанатызм скаваў жыццё.
Казімір Лышчынскі пайшоў употай слядамі Скарыны, а паколькі жыў ён паўтараста гадоў пазней за вялікага гуманіста і на ўзбраенне ўзяў ідэі еўрапейскага асветніцтва, дык натуральна, што і зайшоў значна далей па шляху рацыяналістычнай крытыкі святога пісання, да адмаўлення якога б там ні было боскага сэнсу ў біблейскіх і евангельскіх кнігах. Філосаф-рацыяналіст назваў у запале біблейскія кнігі свядомай хлуснёю двух шарлатанаў — Майсея і Хрыста. Азарт рацыяналістычнай крытыкі засланіў Лышчынскаму нават мастацкія вартасці фальклорна-міфалагічных біблейскіх сказанняў, складзеных народамі Блізкага
Усходу. Сказанні Старога Запавету ўзніклі ў эпоху пераходу ад патрыярхальна-абшчыннага ладу да раба-ўласніцкага грамадства, а Новага — на заранку феадалізму, калі яшчэ можна было складаць універсальныя кодэксы жыцця ў форме мастацкіх сюжэтаў, легенд, афарызмаў, прытчаў.