Выбрать главу

Славуты трактат Лышчынскага «Аб неіснаванні бога» быў напісаны на лацінскай мове і стаў вядомы ў Беларусі толькі ў 1957 годзе па перакладзе фрагментаў, што ўцалелі ў архівах ПНР. Натуральна, твор гэты, адрасаваны адукаванаму саслоўю, не пранік у масы, хоць розум і сумленне вучонага былі абураны перш за ўсё тым, што менавіта «просты люд ашуканы верай у бога», створанага ўяўленнем папоў, якія хочуць панаваць, сеючы страх і пакорлівасць перад вярхоўнай істотай, якая «не можа мець ніякай рэальнай сутнасці». Сацыяльны радыкалізм Лышчынскага заходзіў далёка, ажно ў краіну ўтопій: ён марыў бачыць свет «без улады, гарады без начальнікаў, народы без уладароў»63.

Ускосныя адносіны да Брэста і Брэстчыны як зямлі беларускай народнасці мае дзейнасць таленавітага польскага пісьменніка Юльяна Нямцэвіча, які нарадзіўся ў маёнтку Скокі пад Брэстам. Ад'ютант і сябра Тадэвуша Касцюшкі, ён жыў як пісьменнік і грамадскі дзеяч інтарэсамі Польшчы, пакутаваў яе праблемамі. Вядома, барацьба супраць феадальнага кансерватызму ў Полыпчы, якую вялі гэтыя выдатныя людзі, свяціла і на наш край, нават на краіны Еўропы, але толькі праз прызму інтарэсаў таго народа, які яны лічылі сваім родным.

Амаль усё таленавітае ў феадальнай Беларусі, утрапёнай хваробамі змяркання феадалізму, сплывала ў рэчышча польскай культуры і толькі ўскосна памнажала духоўную скарбніцу роднага краю. Прытухла літаратурнае вогнішча ў Бярэсці. Толькі ў глыбі Палесся, пад стрэхамі курных хат, мігцелі агеньчыкі народных талентаў. Спакваля ствараліся скарбы вусна-паэтычнага слова. Але іх не ўбірала ў сябе пісьмовая літаратура, якая амаль цалкам перайшла на польскую або лацінскую мову.

Далучэнне беларускіх зямель да Расійскай імперыі ў выніку раздзелаў Польшчы не магло істотным чынам змяніць культурнага статуса Брэста: царскі ўрад у першы час пакінуў каталіцкаму клеру і шляхецкім самаўрадам кіраўніцтва культурна-асветным жыццём краю. Палітыка царызму засяроджвалася перш за ўсё на тым, каб сілай вярнуць уніяцкі ў асноўнай масе просты люд у лона праваслаўнай царквы, аддаць сялян пад нагляд папоў, якія слепа служылі самаўладству. Зразумела, гэты акт палітычнага гвалту, як і ў свой час гвалтоўнае насаджэнне уніі, мог мець хіба толькі той непрадбачана станоўчы вынік, што спрыяў росту рэлігійнай абыякавасці, стыхійнаму бязбожніцтву і пагардзе да царквы і духавенства наогул. Сатырычныя казкі і прыказкі палешукоў пацвярджаюць гэтае меркаванне. Адна з іх, запісаная выдатным фалькларыстам А. К. Сержпутоўскім, расказвае, як нейкі шчыры поп сам прызнаў, што лепш за яго дарогу збавення ведае дуркаваты пустэльнік, якога царква выраклася і пракляла. Пустэльнік той вучыў славіць бога ў лесе, скачучы цераз бедвяно і прыгаворваючы: «Табе, божа, і мне, божа». Пад шум рэлігійных парахункаў, якія разгарэліся зноў у XIX стагоддзі, ажыла ў народным побыце язычаская паэтычная традьіцыя. Сярод палескай глухамані ўзраслі і тварылі народныя таленты першай велічыні. Але горад пра гэта не ведаў.

Дрымоту горада развярэдзіў «высочайший указ государя Николая Павловича» збудаваць ля ўпадзення Мухаўца ў Буг крэпасць, скіраваную супраць крамольнай Еўропы. Стары горад, які размяшчаўся на астравах, быў перакінуты на «мацярык» і расселяны па ўзору вайсковага лагера, што так любіў імператар. Адны вуліцы ішлі строга з поўдня на поўнач, другія — з захаду на ўсход, утвараючы роўненькія квадраты кварталаў, па якіх добра было гуляць асеннім скразнякам. Праекціроўшчыкі паклапаціліся, праўда, пра плошчы і шырокія праспекты. Абсаджаныя пазней таполямі і каштанамі, праспекты разам з двума паркамі і па сённяшні дзень даюць выгляд гораду — апранаюць Брэст у зялёную уніформу.

Архітэктура Брэста мікалаеўскіх часоў была вельмі празаічнай — нудлівыя аднапавярховыя купецкія камяніцы, зрэдку асабняк, аздоблены пад'ездам з калонамі па ўзору шляхецкіх палацыкаў. Архітэктурнымі вузламі, што хоць крыху парушалі маркотны шаблон, сталі ў той час праваслаўная царква, збудаваная ў мясцовым стылі, ды класіцыстычны касцёл. Вылучаўся памерамі і двухпавярховы будынак гімназіі (рэканструяваны ў будынак педінстытута), а насупраць яго, побач з рынкам, аздобная, як торт з папоўскага святочнага стала, эклектычная па стылі брацкая царква, якая і сёння вабіць зарубежных турыстаў дэкарацыйнаю напышлівасцю форм, рэкламуючы экзотыку далёкай Візантыі. На рагу цяперашніх вуліц Савецкай і Будзённага размясціўся масіўны аляпаваты шасціграннік сінагогі. Нязграбна падхарошаны штучнымі аркамі і тоненькімі паўкалонамі, будынак гэты мог толькі дражніць архітэктараў крыклівай неадпаведнасцю паміж нясучымі і нясомымі канструк-цыямі, відавочнаю нястачай гармоніі і хараства. Нібы ў адказ на гэты выклік адзін сучасны архітэктар перарабіў збудаванне. Зламаўшы дзве сцяны, ён абхапіў грувасткі шасціграннік двух'яруснаю круглаю бетоннаю галерэяй. Абапёршы галерэю на лёгкія, сучасныя па формах апоры, прыбудаваў усё патрэбнае для кінатэатра. Сёння кінатэатр «Беларусь» — адно з цікавейшых збудаванняў у горадзе.