Выбрать главу

Сваю паэтычную творчасць Максім Танк смела ставіць у адзін рад з працаю хлебароба, рабочага і называе паэзію то хлебам надзённым, то глытком вады, то чымсьці большым:

Без чаго, як без маці Або без радзімы, Ні нараджацца, ні жыць На зямлі немагчыма (III, 61).

I да народнае мовы ён адносіцца так, як селянін да хлеба. У «Лістках календара» гаворыць: «Ледзь змусіў сябе дачытаць Хлебнікава. Мне здаецца, што падобнымі эксперыментамі могуць займацца паэты, перад якімі ніколі не стаяла пытанне: быць ці не быць іх мове».

Паэт умее без зухаўства і пахвальбы ганарыцца сваім жыццёвым вопытам як набыткам шматгадовай барацьбы і працы. Ён здабыў гэтую сталасць думак, пачуццяў, прадчуванняў, здабыў сваімі рукамі, сваімі пакутамі, сваёй ахвярнасцю:

Нават найменшую праўду Я здабываў мазалямі, Сеткай вылоўліваў з тоні, Плугам выворваў з глебы. Можа, таму мне сёння Дорага кожная маласць: Як на чале кропля поту, Як на стале крошка хлеба (III, 469).

Неразменнасць светаўспрымання, якая сцвярджаецца тут, вырастае ў кантэксце народнай, працоўнай канцэпцыі жыцця, паднімаецца да ўзроўню праблемы агульначалавечай. Бялінскі прыкмеціў, што асоба таленавітага мастака канцэнтруе ў сабе і ўзбуйняе тыповыя рысы нацыянальнага характару таго народа, да якога належыць мастак. У складзе натуры і паэзіі Максіма Танка выступае беларускі народны характар, узбагачаны рэвалюцыйным гуманізмам, здабытым у горне вызваленчага руху, удзельнікам і песняром якога быў паэт, вопытам вайны і міру, гісторыі і сучаснасці.

Народнасць светавыяўлення, арганічна з'яднаная з сучаснасцю,— вось у чым сакрэт дзейснасці паэзіі Танка.

Паэт не стараецца быць модным, сучасным і маладым, хоць часам, жартуючы, і паскардзіцца на гады, што ў вырай адляцелі, ды застаецца сабою, чалавекам, які нялёгкаю працай і змаганнем здабыў сталасць думак, пачуццяў і ацэнак жыцця.

I ён выдатна сябе адчувае ў сталым узросце, шмат абяцае і многа дае:

Таму, пакуль свет велічны, барвовы У маім сэрцы і грыміць, і ззяе, Магу я абяцаць шмат песень новых I толькі цішыні не абяцаю (III, 197).

З уласнага вопыту педагога знаю, што менавіта гэтаю сталасцю думак, пачуццяў і ацэнак жыцця ўся паэзія Танка, і асабліва сучасныя творы, кранае моладзь.

5

Пад калёсы кладзецца роўная, гладкая стужка дарогі. Дзьме вецер. Старыя вербы шпурляюць на мокры асфальт пажоўклыя бляшкі лістоў. Мінаем аднастайныя вёсачкі. Тыя, што пры лесе, забудаваны сасновымі домікамі амаль гарадскога тыпу. Пафарбаваныя белай, блакітнай, аранжавай фарбаю рамы і аканіцы, зухавата надзетыя кепачкі лёгкіх шыферных дахаў. Гэта ўзнятыя з попелу і друзу сялібы партызанскага краю. Пра баявую славу гэтых мясцін нагадваюць абеліскі над брацкімі магіламі партызан і мірных людзей, памардаваных захопнікам.

Не ведаю, мажліва, ад прысутнасці паэта ўвесь час прачынаецца патрэба мастацкага слова ці гэта мернае калыханне аўтамабіля наводзіць на рытм верша, сугучнага карцінам, што мільгаюць за ветраным шклом,— памятаю толькі, што зусім нечакана адчуў на губах гарэністы смак элегічных радкоў. Яго радкоў:

Дрэвы забылі пра буры і страты, Раны свае залячыла зямля. Толькі нічога забыць не змагла ты, Памяць мая!

Другая страфа неяк выслізгваецца з галавы і ўсплывае адразу трэцяя:

Нават і сёння, калі зноў на золку Я запяваю з птушынай сям'ёй,— Чую, іржавыя ныюць асколкі — У песні маёй (III, 384).

Размова наша цалкам пераходзіць на партызанскія тэмы. Размова гэта даўняя. Летам я збіраў матэрыялы пра антыфашысцкую групу, створаную ў гады акупацыі Валянцінам Таўлаем. Сяляне расказвалі пра адну загадкавую гісторыю, фінал якое застаўся не высветлены. У вёсцы Гаравічы, непадалёку ад Навагрудка, гавораць, з'явіўся зімою 1941 года савецкі разведчык. Прадаваў нібыта сахарыну ды фарбу парцяную і шарсцяную... Папрасіўся завесці ў горад. Там уладкаваўся манцёрам на электрастанцыі, прабраўся ў вайсковы гарадок і падсунуў міну пад вадакачку, ці што. Немцы нарваліся, як падкладваў, схапілі, гналі ў турму, дык ён з-пад канвою ўцёк. I не знайшлі. Прымчаўся назад у Гаравічы. А жандары следам. Дык Валянцін Таўлай, які ў той час для маскіроўкі сакратаром у валасной управе рабіў, змыліў пагоню, накіраваў фашыстаў на іншую дарогу. А разведчык уцёк у Налібоцкую пушчу...