Выбрать главу

«Сымона-музыку» паэт пачаў запеўкай пра адзіно-ту лістка, які бура жыцця сарвала з галін расахатае ліпы. Лісток увасабляў цяжкі лёс талентаў, якім судзіла нядоля нарадзіцца пад саламянымі стрэхамі паняволенага краю. Выгнаны з дому даравіты хлопчык Сымонка пацягся ў свет жабраком-бадзягай, нікому не патрэбны, усім чужы.

Раздумоўваючы над прычынай гэтага адлучэння таленту ад жыцця, аўтар асуджае ўласніцкае грамадства, якое ў прынцыпе варожа мастацкай творчасці. Як тонка прыкмеціў даследчык творчай гісторыі паэмы Міхась Мушынскі, уласніцкі свет навучыў Сымона-музыку гаварыць толькі жабрацкае «дай», у той час як гэты жабрак мог даваць свету горы хлеба для душы69. Мастацкі талент, асоба мастака трактуюцца ў паэме як рамантычна выключныя праявы жыцця, лёс жа мастака, яго адчужэнне, яго пакуты — як рэч заканамерная, тыповая ў гэтым чорствым жыцці.

Якуб Колас разгортвае паэму ў двух планах — рэальным і ўмоўна-рамантычным. Ідэйная нагрузка часта засяроджваецца на сімвалічных устаўках, нават жыццёвыя, рэалістычна выпісаныя карціны часта маюць характэрную для рамантычнага мастацтва двухпланавасць, нясуць філасофскі падтэкст.

Глыбокі сэнс уклаў аўтар у сцэны перадачы Сымону дудкі і скрыпкі старым пастухом Грышкам (ў апошняй рэдакцыі дзедам Курылам). Гэта сімвалічны акт пераймання народных традыцый і запаветаў, змена пакаленняў у агульным працэсе мастацкага жыцця. Даследчыкаў, праўда, бянтэжыць насмешлівая прыпеўка, якую зайграў стары ва ўрачысты момант:

Свінні ў рэпе, свінні ў рэпе, Парасяты ў грэчцы, А музыка без языка Каля печы трэцца.

Гэтаю прыпеўкай у Коласавым Наднямонні ўшчуваюць музыкаў-няўдаліц, у якіх гукі разбягаюцца ва ўсе бакі, як парасяты па градах. Але дзед Грышка не меў патрэбы папярэджваць Сымонку перад цяжкасцямі скрыпацкага рамяства, ён жа бачыў здатнасць хлопчыка да гэтай справы. Ці не перасцерагаў разважлівы старац малога летуценніка перад небяспекай адарвацца ад штодзённасці? Свінні ў шкодзе, а пастух трэцца ля печы — гэтае павучэнне магло азначаць: добра, што ў цябе мройная душа, а ўсё ж, лунаючы на крылах мар, сачы за зямлёй. Дзед Грышка — гэта стыхійны мастак-рэаліст, ён дзівіцца з таленту рамантыка, аднак мае да яго і пэўныя засцярогі. Дружба рамантыка з рэалістам на шляхах творчасці дужа паказальна для беларускай літаратуры ў часы яе адраджэння. Мастакі-рамантыкі станавіліся ў ёй героямі часу, рамантычнай была постаць маладой Беларусі, таму нават рэалісты з крыві і косці — Максім Гарэцкі, Ядвігін Ш.— аддавалі даніну рамантыцы. Якуб Колас таксама быў рэалістам па натуры, толькі меў ён вялікі талент і ва ўмовах павышанага попыту на рамантыку так дасканала авалодаў рамантычнаю паэтыкай, што дасягнуў нават своеасаблівай раўнавап рэалістычнага і рамантычнага пачаткаў. Гэтая раўнавага прывяла да поліфанічнасці адлюстравання жыцця ў творах Якуба Коласа, што з'яўляецца характэрнаю рысай для яго індывідуальнасці.

Сымон у паэме — рамантычны герой, ён чалавек выключны, мастак-самародак. Але ў гэтага выключнага таленту ардынарны лёс жабрака. На такіх кантрастах, на нечаканых, звычайна злых усмешках долі трымаецца рамантычная задума паэмы.

Калі браць справу шырока і сімвалічна, дык жабрацтва — шматзначная сітуацыя. Лёс перадавой беларускай літаратуры той пары быў фактычна жабрацкі, яе стваральнікі адчувалі сябе беспрытульнымі ў сваім родным краі. Сам Якуб Колас, як мы ўжо казалі, жыў ледзь не на жабрацкім хлебе, калі пачаў у Лунінцы ў лістападзе 1911 года пісаць гэты твор.

Дзве часткі паэмы былі створаны тады на Палессі, трэцяя — паміж Лютаўскаю і Кастрычніцкаю рэвалюцыямі здалёк ад радзімы — у горадзе Абаянь Курскай губерні. Паэт, відаць, лічыў гэтыя тры часткі закончанаю кампазіцыяй, бо даў згоду надрукаваць іх у 1918 годзе ў Мінску асобнаю кніжкай. Чацвёртая і пятая часткі з'явіліся пасля выхаду ў свет першых трох, таму іх трэба лічыць кампанентамі новай ідэйна-мастацкай структуры, да якое прыйшоў паэт у 1918— 1924 гадах. Нас, зразумела, асабліва цікавяць «палескія» раздзелы твора.