Выбрать главу

Аб'яднаць паэта і барацьбіта ў адным вобразе ўдалося Янку Брылю. Праўда, яго Алесь Руневіч вырас у спецыфічных умовах антыфашысцкага руху ў часе другой сусветнай вайны.

Думаючы над лёсам і працягам літаратурнай спадчыны Якуба Коласа, хочацца сказаць: вялікія творы дапісвае само жыцце.

Інжынер барыкад

Родная цётка Піліпа Пестрака Тадора Кульгавеня ўспамінае пра дзяцінства пляменніка спрэс, як бы думала не пра яго, а пра Сымона-музыку:

«Сям'я была вялікая, тулілася ў курнай хатцы, і нараджэнне адразу двух новых едакоў сустрэлі не вельмі радасна... Праз год памёр адзін з двайнятак, а Піліпка неяк выкачаўся. Як падрос, памятаю, усё прасіў у дзеда: «Дзедачку, дзедачку, спляці пастолікі — пайду ў школу».

А родзічы будучага пісьменніка лічылі грамату раскошай і лішнім клопатам для мужыка, дома яго застаўлялі няньчыць малодшых дзяцей або пасвіць худобу.

«Бывалі дні,— прыгадвае цётка Тадора,— што прыйдзе Піліпок са школы, а ў хату баіцца зайсці... Начаваў у клуні. Але школу не кідаў»73.

Адвечная мужыцкая песня. Бясконцыя злыбеды вясковай галечы. Пацешкі лёсу над адоранымі душамі. Талент Піліпа Пестрака выратавала ад духоўнай загібельні вайна і надыходзячая рэвалюцыя. Яму, як і Сымону-музыку, давялося пакінуць родную хату, толькі вандраваў ён разам з бацькамі. Вайна выгнала многіх жыхароў Палесся ў бежанства. Тады ўжо Піліп Пестрак меў закончаныя пяць аддзяленняў Бусяжскага двухкласнага народнага вучылішча, шостае канчаў у Максімаўцы Бузулукскага павета. Вайна дапамагла трынаццацігадоваму падлетку атрымаць пасаду памочніка бухгалтара ў сялянскім банку. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ён прадоўжыў вучобу ў Бузулукскай гімназіі, а пасля Кастрычніка — на рабфаку ў Новай Маскве Самарскага ўезда і ў 1920 годзе паступіў у Самарскі універсітэт, на эканамічнае аддзяленне. Далей перспектывы жыцця паблытаў цар-голад. У 1921 годзе разам з сям'ёю вярнуўся Піліп Пестрак у родныя Сакаўцы і нечакана стаў грамадзянінам буржуазнай Польшчы. Пасля шырокіх мажлівасцей, якія давала працоўнай моладзі Савецкая ўлада, юнак балюча адчуў вяртанне да «разбітага карыта». Не мог ён змірыцца з адчужанасцю ад грамадскага жыцця. Душа пратэставала супраць вяртання ў стары свет, поўны нядолі і паніжэння. З гэтых настрояў і пачаўся Пестрак як паэт і рэвалюцыянер, выразнік дум і мар паняволенага краю. Ён абраў сабе літаратурную клічку Звястун. Звястун змагання, свабоды і будучыні.

У 1924 годзе Піліп Пестрак падаў голас як паэт. Гэта супала з уступленнем яго ў падпольны камсамол, з непамыснаю спробай перайсці граніцу ў СССР, з першым арыштам.

Ён адчуваў сябе сялянскім сынам, якога вёска Заходняй Беларусі паслала памнажаць нацыянальную думку. Тады шлях у паэзію вёў цераз рэвалюцыю. З Палесся ступіў на гэты шлях не адзін Пестрак, быў ужо Анатоль Альшэўскі, бліскучы партыйны публіцыст, паплечнік Веры Харужай, які дзейнічаў пад псеўданімам Юрка Пружанскі. Праўда, яго літаратурныя здольнасці найбольш поўна праявіліся ў пісьмах да родзічаў, якія жылі ў Картуз-Бярозе. Пісьмы як пісьмы — не публікаваліся, і пра талент Юркі Пружанскага шырокі чытач у Заходняй Беларусі мала што ведаўпублікаваліся, і пра талент Юркі Пружанскага шырокі чытач у Заходняй Беларусі мала што ведаўпублікаваліся, і пра талент Юркі Пружанскага шырокі чытач у Заходняй Беларусі мала што ведаў74. Мікола Засім  —  другі Пестракоў зямляк  і пабрацім па пяру  — прыйшоў у літаратуру крыху пазней, недзе ў канцы 20-х гадоў. Тое ж трэба сказаць і пра ўкраінскага паэта Аляксандра Гаўрылюка, які ў пачатку 30-х гадоў стаў сакратаром Дамачоўскага райкома КПЗБ, адным з кіраўнікоў Кобрынскага паўстання, а ў другой палавіне — аўтарам славутай паэмы пра канцлагер у Картуз-Бярозе. Піліп Пестрак быў першы пісьменнік з ліку тых, каго выдала рэвалюцыйная Брэстчына.

Заходнебеларуская прэса скупа і глуха гаварыла пра яго. Нават прагрэсіўныя газеты толькі зрэдку паведамлялі, што не могуць змясціць яго твораў або што змясцілі не самыя моцныя з ліку надасланых, бо баяцца ўступіць у канфлікт з законамі аб друку, часам рэдакцыі прасілі прабачэння за пераробкі найбольш вострых мясцін. Так, газета «Сялянская праўда» пісала 8 кастрычніка 1924 года: «Пестраку ў Сакаўцах. На жаль, дзеля незалежных ад нас прычын надрукаваць не можам». Гэта першае ўпамінанне прозвішча Пестрака як пісьменніка ў друку. Пазней, у 1933 годзе, растлумачваючы аднаму з пачынаючых паэтаў сутнасць паэзіі, рэдакцыя «Беларускай газеты» раіла арыентавацца на верш Звестуна «Зорка міргае слёзна» як на ўзор: «Таго, што сказана ў ім, напэўна, у карэспандэнцыі не выкажаце. У гэтым асаблівасць паэзіі»75. Увогуле так яно і ёсць, хоць і газетныя допісы могуць несці мастацкі элемент.