Косаўскі павятовы стараста перашкодзіў Пестраку выступіць з такім дакладам. На наступнай старонцы той жа справаздачы ён далажыў палескаму ваяводзе, што 18 студзеня, г. зн. за два дні да косаўскага з'езда, «па распараджэнню запаснога следчага суддзі пана Ст. Кушлэйкі арыштаваны і пасаджаны ў турму выдатны дзеяч КПЗБ Піліп Пестрак з вёскі Сакаўцы. Пры вобыску ў яго знойдзены тэкст пратэсту, а таксама верш-заклік да актыўнай барацьбы з сучасным ладам...»81
Услед за інфармацыяй аб прафілактычным арышце дакладчыка на з'езд ТБШ стараста рашыў падаць некалькі станоўчых фактаў на палітычным гарызонце Косаўшчыны. «Пад кіраўніцтвам жонкі старосты Чарноцкага,— гаворыцца там,— створаны камітэт па арганізацыі Вялікай забавы ўсіх арганізацый і сацыяльных груп. Даход — на пабудову агульнай для ўсіх святліцы ў горадзе Косаве»82. Затым стараста не знайшоў іншага прыкладу, як свой уласны, ён падаў, што 26 ліпеня сам выступіў на адкрыцці помніка паўстанцам 1863 года, якія загінулі ў Косаўскім павеце, і сказаў «прамову па-польску і па-беларуску, у якой раскрыў значэнне паўстання для свайго часу і для сучаснасці, падкрэсліў дапамогу, якую аказала паўстанню мясцовае беларускае насельніцтва, і заклікаў беларусаў і палякаў да супрацоўніцтва ў адбудове моцнай і трывалай польскай дзяржавы»83. Не абышоў, праўда, стараста ўвагай і свайго антаганіста, таго прамоўцу з Сакаўцоў, якому выбіў трыбуну з-пад рук. Ён далажыў ваяводзе, што на з'ездзе ТБШ у Косаве выступаў пасол сейма, камуніст па перакананнях, селянін родам з вёскі Бялавічы Косаўскага павета Іван Грэцкі і асуджаў мясцовыя ўлады за тое, што яны садзяць у турмы «ўсіх лепшых работнікаў на беларускай ніве, як гэта сталася з Піліпам Пестраком»84. Грэцкага ўратавала ад турмы пасольская непадсуднасць. У вераснёўскай справаздачы палескі ваявода стрымана адзначаў, што 30 верасня суд у Косаве прыгаварыў Піліпа Пестрака за ўдзел у арганізацыі Косаўскай дэманстрацыі «на тры гады дому паправы, а пракурор вынес скаргу на прысуд, які лішне лагодны»85. Асуджаны бунтар перастаў цікавіць ахоўніка існуючага ладу. Старасту і ваяводу хвалявалі цяпер паводзіны неўтаймаванага пасла Грэцкага на тым судзе над грамадаўцамі. «Пасля абвяшчэння прыгавору,— перадае стараста па інстанцыі,— пасол кінуў вокліч: «Чэсць змагарам за беларускую сялянска-рабочую справу!» I тут жа стараста дадае: «Паліцыя выгнала з залы публіку, і пасол Грэцкі не меў да каго прамаўляць»86.
Усе гэтыя перыпетыі аратарскага мастацтва на Косаўшчыне 20-х гадоў можна было б прыняць за сюжэт нейкага фарса, калі б факты не паходзілі з архіўных дакументаў і не належалі рэчаіснасці.
Пасаджаны ў турму рэвалюцыянер і паэт часова знікае са старонак справаздач старасты і ваяводы. Але Піліп Пестрак быў не з той пароды людзей, якія лёгка змаўкаюць. У чэрвені 1929 года ўжо начальнік пружанскай турмы сігналізуе міністру пра бунт зняволеных:
«16 жніўня пасля адбою, калі пан Пракурор наведаў чацвёртую камеру па прычыне крыкаў і спеваў, вязні, задзірліва вымахваючы рукамі, падаліся да пана Пракурора і наглядчыкаў і. заявілі, што тыя павінны задаволіць іх патрабаванні, іначай яны не перастануць чыніцг крыкаў, спеваў і галадоўкі. У такіх паводзінах вылучаўся Піліп Пестрак, Пятух Міхаіл, Лахег Аляксандр (вымахванне рукамі над галавой пана Пракурора).