Выбрать главу

У «Беларускай газеце» П. Пестрак надрукаваў верш «Зорка міргае слёзна», у «Літаратурнай старонцы» — «Моладзі», а ў зале віленскага акруговага суда сказаў прамову больш важную, чым тэзісы колішняга забароненага даклада. Вязень ператварыў залу суда ў трыбуну, з якой стаў бараніць чалавечыя правы свайго народа і даводзіць, што непазбежнасць гістарычнага развіцця прывядзе Заходнюю Беларусь і ўсю Польшчу да сацыялізма. Гэта была генеральная ідэя, што аб'ядноўвала ўсе выступленні падсудных, а кожны з іх па-свойму выказваў узгоднены з сябрамі і «ўвязаны» нейкі адзін аспект гэтай ідэі. Якуб Міско, у тую пару малады партыйны публіцыст, гаварыў панам суддзям, што Кастрычніцкая рэвалюцыя, якую яны так ненавідзяць, была праявай сусветна-гістарычнага прагрэсу, вясною народаў Еўропы, яна прынесла дзяржаўную незалежнасць Польшчы. Валянцін Таўлай, чыё двухгадовае прабыванне ў Мінску на правах палітэмігранта было ўстаноўлена следствам, гаварыў пра росквіт культуры і асветы ў Савецкай Беларусі, што з'яўляецца жывым увасабленнем нацыянальна-вызваленчых мэт Кастрычніка. Пятро Радзюк, студэнт Віленскага універсітэта, рэдактар сатырычнага часопіса «Асва», які выходзіў пасля забароны «Літаратурнай старонкі», асуджаў суддзяў за тое, што яны гвалтуюць канстытуцыйныя правы грамадзян — свабоду слова і свабоду друку, парушаюць юрыдычныя гарантыі чалавечай і грамадзянскай годнасці.

Шкада, што ў архівах захавалася толькі «сентэнцыя прысуду», а не пратаколы гэтага судовага працэсу, які нават рэакцыйная памешчыцкая газета «Słowo» акрэсліла як незвычайны. Пратакол суда дапамог бы нам дакладней уявіць змест выступлення Піліпа Пестрака, якое, паводле прызнання яго сяброў, было найбольш яркім, хвалюючым. Прэса той пары не магла друкаваць судовых прамоў палітвязняў з увагі на законы аб друку. Толькі памяць сяброў захавала некалькі самых яскравых мясцін з гэтай прамовы.

Абараняючы права прыгнечаных мас на культурную і мастацкую самадзейнасць, Піліп Пестрак сцвярджаў каштоўнасць масавай рэвалюцыйнай паэзіі, ставоранай працоўнымі Заходняй Беларусі. Пракурор у сваім абвінавачанні пагардліва назваў гэтую паэзію «мглавіцаю» туманнасцю, у якой няма ні яркіх мастацкіх індывідуальнасцей, ні яркіх твораў. Мянушку «мглавіца» пракурор запазычыў у публіцыста Смрэчыньскага, які выступаў на старонках «Słowa» з пасквілямі на заходнебеларускі вызваленчы рух.

Плебейская гордасць штурхнула Піліпа Пестрака скрыжаваць шпагі з надзіманым панствам. Ён прыгваздзіў пана пракурора афарызмам, наглядна паказаў, на што здольны адзін з «мглавіцы». «З туманнасцей утвараюцца зоркі, і чым цямней ноч, тым ярчэй свецяць гэтыя зоркі!» — такі быў адказ Пестрака.

Сэнс гэтай сутычкі паэта з правасуддзем варта сёння помніць літаратуразнаўцам, якія наўздзіў лёгка вытыкаюць мастацкія хібы масавай заходнебеларускай паэзіі. Паэзія гэтая не той матэрыял, на якім крытык можа з чыстым сумленнем дэманстраваць вузкі прафесіяналізм, веданне паэтычнага рамяства. На масавай паэзіі рэвалюцыйна-вызваленчага руху крытыку і чытачу трэба правяраць сваю грамадзянскую чуласць, здольнасць рэагаваць на гуманістычны дэвіз гэтага руху — «людзьмі звацца». Масавая паэзія была фактам народнага парывання да чалавечай годнасці, а не мастацтвам слова ў ардынарным разуменні гэтага выразу.

Канкрэтызуючы вобразны рад пра цемру ночы і яснасць зор, Піліп Пестрак сказаў тады на судзе, што антыдэмакратычныя працэсы ў польскай дзяржаве зайшлі так далёка, што нават містычная паэзія ксяндза Казімера Сваяка набыла бунтарны кантэкст. Упамінанне вядучага паэта клерыкальна-містычнага рамантызму сведчыла пра яснае ўсведамленне Піліпам Пестраком, а зрэшты, і ўсёй заходнебеларускай паэзіяй свайго ідэйна-эстэтычнага антыпода, а з другога боку, паказвала разуменне складанасці і супярэчлівасці паэзіі К. Сваяка.

Ужо ў сярэдзіне 20-х гадоў Піліп Пестрак побач з Алесем Салагубам стаў пераемнікам рэвалюцыйна-рамантычнага кірунку паэзіі, прадстаўленага творамі Леапольда Родзевіча і Уладзіміра Жылкі. Родзевіч першы з заходнебеларускіх паэтаў пачаў апладняць рамантычныя лятункі свайго лірычнага героя марксісцкім прадбачаннем ходу падзей. А. Салагуб і П. Пестрак падхапілі гэтую ідэю. Для іх героя пазнаванне законаў грамадскага руху стала важнейшаю крыніцай паэтычнага натхнення, рамантычнай азоранасці душы. У адным з ранніх вершаў П. Пестрака — «Над намі віхры выюць» — матэрыялістычнае разуменне і прадбачанне ходу гісторыі адкрыта скіравана супраць клерыкальнай містыкі: