Выбрать главу

Верш «Пад роднай страхой» зноў малюе сустрэчу закаханых рэвалюцыянераў, далучаючы да інтымнага эпасу падполля яшчэ адзін штрых:

Як там дзвярыма хто забразгаў — На кожны стук, На кожны рух Ты ў вокны жвава паглядала. Ты за мяне дазор вяла, Мяне — паўстанца — сцерагла! (62)

Можна знайсці ў вершах Піліпа Пестрака і больш такіх жа трапных лірычных малюнкаў. Своеасаблівым аскетызмам і платанічнасцю кахання, падпарадкаванасцю пачуцця абавязку яны ўпісваюцца ў заходнебеларускую рэвалюцыйную паэзію арыгінальным, адметным штрыхом.

Шкада, праўда, што паэт не знаходзіў добрых аправаў для гэтых ювелірных самацветаў. Паэтычнае свячэнне ключавых вобразаў часта прыглушаюць доўгія дадаткі, рытарычна напышлівыя выклады праграмы барацьбы, агітацыйныя дэкларацыі. Так і ў апошнім з ліку цытаваных вершаў «паліўся спеў» закаханага паўстанца пра тое, «за што крывавімся цяпер, ланцужных дзён зрываем путы», і пра тое, як ён «люд працоўны горда вёў з задухі-цемры падняволля».

Толькі ў лепшых вершах Піліпу Пестраку ўдалося ўзняцца над рыторыкай. Гэта «Дарожка», «Нёман», «Сон аб аграноме». Тут уступіла ў свае правы паэзія з яе вобразнай іншасказальнасцю, метафарычнасцю і падтэкстам. Дарожка — гэта паэтычнае ўвасабленне прывідлівай долі Заходняй Беларусі. Нёман — сімвалічны вобраз магутнасці народа, на чыёй зямл;і цячэ гэтая паэтычная рака. Праўда, у апошнім: з ліку названых вершаў алегорыя народ — пушча выглядае надуманай, бо пушчы сніць пра агранома не ўласціва, яна абыходзіцца дружбай з леснікамі. Каб выблытацца з гэтай няўвязкі, аўтар падключыўся сам і на пару з пушчай стаў сніць вешчы сон пра агранома. Затое змест сну аказаўся паэтычны і пераканальны. Вось што сніць «вольны люд»:

Па рэках новых і па шынах, Уздыхнуўшы вольнымі грудзьмі, Сталёвым туркатам машыны Па пушчы рэхам загрыміць! I ўторыць будзе перабіўны Крыніц радзімых спеў турбінны!..

А вось сам пясняр народнай волі:

Як будуць змыты ўсе сляды Амшэлай, дзікай, горкай плесні Краіны нашай, век забранай,— Прыйду праменны я тады З той падарожжы барацьбянай На свята трактарнае песні (71).

Муза Піліпа Пестрака ваяўнічая, з прамяністым мячом помсты ў руках, з сэрцам, спрагнёным праўды і справядлівасці. Рамантык па тыпу творчасці, П. Пестрак імкнецца ўсвядоміць сябе як рэаліст, пясняр праўды. Такое спалучэнне было пашырана ў савецкай літаратуры і атрымала тэарэтычнае абгрунтаванне на I з'ездзе савецкіх пісьменнікаў у формуле сацыялістычнага рэалізму як мастацтва праўды, гістарычнай канкрэтнасці, якое ўключае ў сябе рэвалюцыйную рамантыку.

Заходнебеларуская прагрэсіўная літаратура і крытыка пасля разгрому Грамады выкінула слова «рамантызм» з ужытку, абвясціўшы галоўнаю задачай сувязь з жыццём, выяўленне сацыяльнай несправядлівасці і заклік да рэвалюцыйнага змагання. У дэкларацыі Літаратурнага фронту тэрміны «рамантызм» і «рэалізм» увогуле адсутнічаюць. Там гаворка ідзе пра класавы падзел мастацтва і мастацтва праўдзівае, звязанае з народам, супрацьпастаўляецца мастацтву фальшываму, адарванаму ад жыцця. Усё гэта — паказчык спрошчанага погляду на мастацтва, які ішоў ад сацыялагізатарскіх догмаў БелАПа і выліваўся ў атаясамліванні літаратуры з грамадскаю свядомасцю наогул: «Гісторыя літаратурна-творчага руху на Заходняй Беларусі з'яўляецца гісторыяй сацыяльнае і нацыянальна-вызваленчае барацьбы»95.

Праўда, тэарэтычнае спрашчэнне праблемы мастацтва ў дэкларацыі Літаратурнага фронту не перашкодзіла яго ўдзельнікам выпрацоўваць свае індывідуальныя стылі пісьма.

У паэзію Піліпа Пестрака ўсё больш пранікаюць рамантычныя ўмоўнасці, несамавітая асацыятыўнасць. Калі б чытач не ведаў біяграфіі аўтара, дык мог бы папракнуць за буйныя жэсты і трагедыйныя позы. Але якую жэстыкуляцыю можна вытыкаць чалавеку, які з 1925 па 1939 год толькі два гады змагаўся на волі, астатнія ж адзінаццаць правёў у турмах. Служба бяспекі буржуазнай Польшчы ў гэтым выпадку аказалася на ўзроўні. Ёй удалося ізаляваць ад непасрэднага ўдзелу ў грамадскім жыцці двойчы небяспечнага чалавека: рэвалюцыянера, які сам прызнаваўся ў схільнасці де. максімалізму і фанатызму — «Я — пурытанін-аскет» (59), і рамантычнага мастака, які меў права сказаць: