Любімы стылёвы прыём Піліпа Пестрака — рамантычная гіпербала і парадокс. Лірычны герой даходзіць у яго да экстазу, часам здаецца, што яму не хапае паветра, не хапае слоў, каб выказаць незвычайны стан узрушанасці. Паказальны ў гэтым аспекце верш «Моладзі»:
Эмацыянальная энергія ўтвараецца тут ад спалучэння дзвюх эстэтычных субстанцый — чырвані агню, крыві, зары «паланеючай» з чарнатою «цемры», стогнаў, «чорнай нэндзы». Праўда, сіла вогненнай стыхіі аслабляецца дарэмна ўведзеным, збітым сімвалам мора. Двойчы паўтораны ў другім чатырохрадкоўі, ён выдае ў асобе лірычнага героя чалавека, які лішне лёгка ўпадае ў экстаз і не кантралюе сваіх слоў. Незвычайнасць паэтычнай мовы даходзіць тут да неўразумеласці:
I гэты экстатычны перабор меры таксама паказальны: ён дазваляе здагадацца, што Піліп Пестрак як паэт выступае выразнікам левай, ваяўнічай плыні ў падпольным рэвалюцыйным руху Заходняй Беларусі. Прыхільнікі гэтай тэндэнцыі занялі ў пачатку 30-х гадоў ключавую пазіцыю ў кіраўніцтве КПЗБ, а левая фракцыя на чале з Юльянам Ленскім перамагла і ў Кампартыі Польшчы. Левыя тэндэнцыі станавіліся тактычнаю нормай, а гэта накладвала адбітак на ход рэвалюцыйнай барацьбы і на змест публіцыстыкі партыйнага друку. Піліп Пестрак ішоў ад жыцця, даносячы мала каму вядомыя нюансы настрояў, што пашыраліся ў асяроддзі партыйнага актыву. Знаходжанне ў турме, відаць, перашкаджала паэту без насцярожанасці станавіцца на пазіцыі народна-франтавой тактыкі, якую распрацоўвалі на волі і праводзілі ў жыццё камуністы, вызваляючыся ад левых крайнасцей. Піліп Пестрак прайшоў гэты рубеж, толькі вынікі духоўнага росту дакладней адлюстраваў у эпічнай форме рамана «Сустрэнемся на барыкадах», чым у паэзіі.
Давераснёўская паэтычная спадчына Піліпа Пестрака змясцілася ў адным зборніку вершаў «На варце», які выйшаў у Мінску ў 1940 годзе, пасля ўз'яднання беларускага народа ў адзінай сацыялістычнай дзяржаве. Паэт-рэвалюцыянер быў прыняты тады ў члены Саюза савецкіх пісьменнікаў і ўзначаліў заходнебеларускае аддзяленне ССП БССР, якое размясцілася ў Беластоку. Паспытаўшы ў дзяцінстве горкага хлеба Сымона-музыкі, а ў маладыя і сталыя гады — турэмнай бясхлебіцы, Піліп Пестрак як дарунак лёсу прыняў гэты абавязак выхавання літаратурных талентаў у сваім краі. Вайна перашкодзіла весці гэтую пачэсную работу, аднак гісторыя не вярнулася назад.
Пасля перамогі над фашыстамі Піліп Пестрак жыў і працаваў у Мінску, але не парываў сувязі з родным краем, пра што сведчыць змест яго другога рамана «Серадзібор». Шлях пісьменніка-рэвалюцыянера застаецца станоўчым прыкладам для беларускай літаратурнай моладзі.
У маі пяцідзесятага мне ўпершыню давялося ўба-чыць Брэстчыну сваімі вачамі. Я прыехаў сібды як няштатны лектар ЦК КПБ з намерам прачытаць даклад і сабраць звесткі пра колішнія хваляванні сялян на Кобрыншчыне ў 1933 годзе, якія паслужылі Валянціну Таўлаю матэрыялам для турэмнай паэмы. Твор гэты я ведаў на памяць, і не дзіва, што ў стомленай галаве ўслед за радкамі лічбаў чарговай пяцігодкі замітульжыліся трапныя вобразы і выслоўі з паэмы: «Эх ты, сукін заяц на адной назе» — гэта паўстанцы пра падстрэленага паліцэйскага, які паспеў уцячы ў поцемках. I на сваё суцяшэнне жарт: «Не журыся, хлопцы, трапіўшы ў пятку, можа мы падстрэлілі чортаву душу». Якія дабрадушныя хлопцы! Моцнай пароды жывуць тут людзі.
Вось і вёска, вызначаная мне ў райкоме. Брыгадзір вядзе паказаць ферму. За вёскаю на аселіцах вялікія падоўжныя капаніцы нібыта пад бульбяныя бурты. Гаспадар спакойна тлумачыць, што гэта вось так фашысцкія акупанты запалохвалі насельніцтва. Загадалі людзям падрыхтаваць ямы для калектыўных магіл на выпадак, калі хоць адзін хто з вёскі ўздумае дапамагаць партызанам.
— Всэ ніяк нэ заровняемо,— дзелавіта апраўдваец-ца брыгадзір.— Нэмае часу. Калгас будуемо. Рук мало.
Абмінаем страшыдлы-ямы, гатовыя чорнымі зяпамі праглынуць дзень. Паляшуцкая гаворка майго субяседніка нагадвае мне Міколу Засіма, якога сустракаў у Таўлая і Брыля ў Мінску. Ці не тут узяў гэты напаказ расхрыстаны паэт-партызан такія нязвыклыя ў яго грубавата-вясёлай паэзіі трагедыйныя вобразы: