Выбрать главу
Распухла зямліца Ад людскіх магіл, На сонца дзівіцца Праз дым няма сіл.

Амаль трыста дваццаць тысяч чалавек знішчылі гітлераўцы на Брэстчыне, трыццаць тысяч вывезлі на работы ў Нямеччыну, дваццаць тысяч сем'яў засталося без даху над галавой, у грудах лягло 148 гарадоў і сёл. Акупанты разабралі і перавезлі ў рэйх усе прамысловыя прадпрыемствы, разбурылі каля 400 школьных будынкаў, пасевы скараціліся за гады акупацыі напалавіну.

Пакутліва, у слязах і ў поце адраджалася жыццё на здратаванай ворагам зямлі. Ферма, да якой мы падышлі, рабіла ўражанне затурбаванай бязладнасці. Брыгадзір вёў мяне, я здагадаўся, каб разам дабівацца нейкай дапамогі. Благенькі кароўнік, злеплены наспех з ацалелых старых гумнаў, меў нейкі непрытомны выгляд: страха з мятай саломы віхрылася, як нерасчэсаная пасля ночы чупрына бабыля. Тут жа, за кароў-нікам, цягнулася аж да гарызонта роўнае, парослае рудою асакою балота. Ля прымітыўнай кармакухні пад адкрытым небам корпаліся тры жанчыны. Корм рыхтавалі ўручную. Убачыўшы новага чалавека, людзі пацягнуліся са сваімі трывогамі і сумнівам: ці будзе толк ад іх працы?

Мы з брыгадзірам дапамагалі субяседніцам захаваць добрую надзею. Але ў душы адчувалі, што адных нашых слоў нават пры іхнім шчырым даверы і энтузіязме хопіць ненадоўга. Было відавочна, што адзін мясцовы запал не зможа змяніць аблічча палескай вёскі. Дзве трэці тэрыторыі вобласці складалі балоты. Патрэбна была вялікая дапамога дзяржавы. Але ці здолее краіна пасля такой вайны даць тэрміновую дапамогу Палессю?..

Сёння, калі на палях Брэстчыны працуюць каля дзесяці тысяч трактараў, некалькі тысяч аўтамабіляў, камбайнаў, тыя даўнія трывогі могуць выдацца пера-большанымі. Але тады яны спараджаліся рэальным жыццём, былі явай.

Мае роспыты пра Кобрынскае паўстанне далі мне пэўныя факты, якія пацвярджалі, што Таўлай мадэляваў у паэме матэрыял цалкам рэалістычна, але прыкрае адчуванне пакінуў тон даравальнасці. з якім адносіліся да маіх роспытаў сведкі гістарычных падзей. Мне здалося крыўдным, што людзі не ўсведамляюць каштоўнасці перажытага, не шануюць мінулага. Я не здагадваўся, што час не настройваў людзей на ўспаміны, ды і героіка партызанскай барацьбы ў нейкай меры засланіла ўспаміны больш далёкія. Тады гісторыя партызанскага руху ў Беларусі яшчэ толькі пачынала асвятляцца, і я не мог ведаць, што Палессе дало рэспубліцы першы партызанскі атрад пад камандаваннем В. З. Каржа, што атрад гэты перарос у Пінскае партызанскае злучэнне, якое налічвала сем брыгад і мела ў сваім складзе пяцьдзесят тысяч байцоў, што на Брэстчыне дзейнічаў адзін з магутнейшых падпольных антыфашысцкіх камітэтаў на чале з ветэранам рэвалюцыйнага руху Язэпам Урбано-вічам. Я не ведаў нічога пра слаўнага партызанскага падрыўніка Колю Гойшыка, я мала ведаў пра герояў Брэсцкай крэпасці, Таму, захапіўшыся літаратурай былой Заходняй Беларусі, рэўнаваў простых людзей з Брэстчыны да іх мінулага, а яны жылі сучасным і будучым дзеля таго, каб здабыць права на захоўванне таго мінулага. Патрэбна было падняць з попелу і пабудаваць нанава некалькі сот фабрык і заводаў, асушыць багны, стварыць сотні калгасаў, дзесяткі саўгасаў, адкрыць дзве вышэйшыя навучальныя ўстановы, пасадзіць за школьныя парты 350 тысяч вучняў і забяспечыць іх навучанне. Усё гэта трэба было зрабіць, перш чым чакаць плёну ў мастацкай творчасці, якая здольна была надаць гораду ранг не проста адміністрацыйнага абласнога цэнтра, а цэнтра культурнага жыцця.

Найперш творчае жыццё пасляваеннай Брэстчыны стала выспяваць у тэатральнай і самадзейна-сцэнічнай галінах ды ў выяўленчым мастацтве.

Літаратура прарастала марудней. Гэта і зразумела. Базаю для яе з'яўляецца філалагічная адукацыя, моўная культура, а першае пасляваеннае пакаленне моладзі з сярэдняю адукацыяй Брэстчына дала праз дзесяць гадоў пасля вайны.

Родная сястра мастацкай літаратуры — журналі-стыка пракладвала ў нас дарогу мастацкаму друкаванаму слову. У вызвалены Брэст з партызанскіх баз прыбылі рэдакцыі дзвюх падпольных газет: органа абкома КПБ «Зара» і органа абласнога антыфашысцкага камітэта «За Родмну». Іх суіірацоўшкі і склалі ядро новай рэдакцыі абласной газеты «Зара», якая пачала выходзіць на беларускай і рускай мовах. Сярод партызанскіх журналістаў вылучыўся актыўнасцю А. Прыпатнеў, які і зараз трымае своеасаблівае шэфства над героіка-патрыятычнай тэмай на старонках газеты. Ён дапамог многім сваім партызанскім сябрам і знаёмым выступіць у друку з успамінамі пра перажытае.