Выбрать главу

...Плакаў не толькі непрытомны, у гарачцы камандзір. Яго дужа любілі. Бывала, як толькі ўбачаць — вяртаецца з задання,— бягуць насустрач хлопцы: «Пашка, прывет! Прыйшоў! Расказвай жа, што там?» Яго абкружаць і не адпусцяць, покуль не раскажа навін, прынесеных з паходу. А майстра быў на штукі, любіў пажартаваць... Гаварыў, праўда, шапялявячы — ніжняя сківіца ўстаўная, пасля першага ранення,— але ён не моцна бянтэжыўся з гэтай прычыны...

— Вось бы і напісаў пра яго,— гаворыць Яўген Іванавіч.— Варта ж?! Такі цудоўны хлопец.

Мяне прыемна кранае такая гарачая рэакцыя паэта на гераічнае. Хоць і ведаю, што героіка рэвалюцыі — адна з карэнных тэм яго творчасці. З яе пачынаўся струмень паэзіі Максіма Танка. Набраўшыся сілы, гэты струмень тады яшчэ вынес сціплую літаратуру Заходняй Беларусі ў рэчышча сацыялістычнага рэалізму. Азораныя рэвалюцыйнаю героікай творы Максіма Танка гулкім рэхам адазваліся ў польскай прагрэсіўнай літаратуры другой палавіны 30-х гадоў. Яго творы надавалі рэальны сэнс ідэі духоўнага яднання мастацкай інтэлігенцыі даваеннай Польшчы на платформе народнага антыфашысцкага фронту. У вершах і паэмах беларускага мастака польскія пісьменнікі бачылі зайздросны ўзор высокай ідэйнасці, народнасці, эстэтычнай дзейснасці. Яны слушна лічылі, што вызваленчы рух, да якога належаў Максім Танк, апладняў яго паэзію. Польскія літаратары ўлоўлівалі пэўныя аналогіі, паміж беларускім паэтам і сваімі славутымі рамантыкамі XIX стагоддзя, нацыянальнымі вешчунамі, будзіцелямі.

Прайшло больш за трыццаць гадоў, як Максім Танк увёў у літаратуру вобразы гераічнага асілка Вяля, вобраз важака народнага паўстання Кастуся Каліноўскага і вобразы сваіх сучаснікаў, падпольшчыкаў, што кіравалі паўстаннем нарачанскіх рыбакоў — Грышкі і Прахора. Гэта быў паэтычны і грамадзянскі подзвіг паэта. Так успрымалі паэтычную працу Танка той пары яго чытачы. Ён, відаць, моцна і высока адчуваў маральную падтрымку сучаснікаў, бо часта любіць прыгадваць падзеі, што леглі ў аснову паэмы «Нарач», і сам дзівіцца сваёй дзёрзкай маладой неўсвядомленай смеласці.

Не толькі ў гады маладосці гераічнае было для Максіма Танка прывабным як вышэйшая мера прыгожага. Ён не адмовіўся ад сваёй даўняй любві да гераічнага і сёння, толькі любоў стала больш патрабавальнаю, удумліваю.

З году ў год гераічная плынь паэзіі Максіма Танка паглыбляецца, набывае філасофскую прасветленасць. Яна жывіцца і надалей сівымі легендамі і памятнымі падзеямі вызваленчай барацьбы ў Заходняй Беларусі, франтавымі і партызанскімі подзвігамі. Яна ўбірае і героіку сённяшніх дзён: змаганне народаў за мір і барацьбу супраць каланіяльнага рабства. Паглыбленае асэнсаванне подзвігу звязана ў творах Танка з духоўным узбагачэннем героя. У вершы «Стары мост» былы франтавік прыгадвае, як у ярасці бітвы ён перабег па мосце пад варожым агнём і не баяўся, не раздумваў. А вось пасля вайны ён ідзе па тым жа мосце, і яму робіцца сцішна, яму прыгледзелася, што ў праломах насцілу — не водарасці, а рукі яго колішніх баявых сяброў:

Працягнутыя з глыбіні Да зелянеючых бяроз, Да сонца, што зарой ўстае... I мо таму сягоння мне Праз гэты мост цяжэй ісці, Як у той час, калі агонь Шалеў над хвалямі, ў трысці, Калі мы рваліся найбольш Прайсці дарог, мастоў і рэк, Калі ніхто не ведаў з нас, З кім развітаецца навек... (III, 210)

Па тэме і задуме гэты верш Максіма Танка нагадвае шэдэўры беларускай ваеннай лірыкі: «Героя» П. Панчанкі, «Рану» П. Броўкі. Толькі ў сферу лірычнага дзеяння тут уведзены час. I час-лекар аказваецца не лекарам, а нязмоўклым сумленнем свету, сумленнем, якое расце разам з пагрозай знішчэння, разам з патрэбаю міру.

Асэнсаванне гераізму ў сучасных вершах Максіма Танка стала псіхалагічна ўзбагачаным, глыбей адцененым трагедыйнасцю. Відаць, не толькі суб'ектыўная паглыбленасць успрымання адыграла тут сваю ролю, не меншае значэнне мае ўплыў працэсу гуманізацыі грамадства, які шпарка развіваецца ва ўмовах барацьбы за мір. Няспынна расце цана жыцця чалавека. Працэс гуманізацыі грамадскай свядомасці асабліва сугучны сацыялізму, бо сацыялістычны ідэал вырас з пачуцця справядлівасці і спачування абнядоленаму і знявечанаму класавым уціскам чалавеку.

Максім Танк умее прымусіць чытача паўней адчуць і глыбей ацаніць заваяваную ў агні баёў свабоду, права на мірную працу, на простую чалавечую радасць. Радасць выцягнуцца ў траве недзе над Нёманам і над Нараччу, радасць вярнуцца з зорных палётаў пад родную страху: