Тым часам мы ўжо і ў паўдарогі да Драгічына, цэнтра раёна, да якога належыць і вёска Моталь. Спыняемся ў Антопалі, невялікім мястэчку, заходзім паснедаць у чайную. Тут людна, але без таўкатні. Нядаўна Антопаль быў райцэнтрам, і чайная будавалася з прыкідкай на раённыя маштабы, цяпер працуе з недагрузкай. Палавіна сталоў не занята, але пры буфеце чарга чалавек дваццаць. Прывалілі, відаць, праезджыя калгаснікі, на плошчы іх чакае некалькі грузавікоў. Жанчыны заказваюць каву, аладкі, тварог са смятанай, зрэдку якая байчэйшая просіць бутэльку піва; мужчыны налягаюць на «свіныя плечы» і для апетыту бяруць па сто грамаў «Маскоўскай» ці па шклянцы віна. Толькі шафёры перасцярожліва косяцца на хмяльную спакусу. Адзін нейкі памяты, як смаржок, дзядуля настойвае на ста пяцідзесяці. Высыпаў на прылавак усё серабро і медзякі, падлічыў — не хапае пару капеек. Паглядае дзед на буфетчыцу як чалавек, якога сустрэла вялікая бяда. Буфетчыца паціскае плячыма: маўляў, нічога не будзе. Пры чым тут я? Аматар прычашчацца пачынае скуголіць. Чарга гамоніць: «Пэрэстань молытыся. Захотів зранку чортавай балбатухі! Не затрымлівай!» — Следушчы!..— строга кажа буфетчыца. Чарга салідарна ўсміхаецца. Але рухаемся марудна. Сёй-той з прысутных, мабыць, пазнае Максіма Танка і не верыць сабе. Людзі пазіраюць з цікаўнасцю і перашэптваюцца. Заўважаю, што яму робіцца няёмка ад гэтай наіўна-бесцырымоннай дапытлівасці. Прапаную ўзяць абслугоўванне на сябе як малодшы — рашуча адмаўляецца. Разумею... Учора вечарам на літаратурнай серадзе нашы брэсцкія пісьменнікі колькі ні прасілі яго сесці за стол старшыні, проста хацелі лепш бачыць шаноўнага госця, свайго любімага паэта — і нічога не выйшла.
Пры абмеркаванні твораў Максім Танк пазбягаў выступаць «завяршаючым». Усё рабіў для таго, каб яго слова ішло на роўных правах з меркаваннямі іншых удзельнікаў літаратурнай сустрэчы. Дэмакратызм — настолькі арганічная рыса яго свядомасці, што здаецца, нібыта гэта нешта ўроджанае, а не набытае. Безумоўна, ідзе гэта ўсё ад усведамлення ўласнае сілы. Моцная натура не мае патрэбы ў нейкіх дадатковых, штучных падпорках. Яна заўжды гатова даць фору іншым. I яшчэ цікавае назіранне: Танку яўна хацелася знайсці ў творах маладых як мага больш удалых мясцін, вобразаў, выслоўяў. Нават цалкам няўдалае апавяданне пра жыццё драматурга Грыбаедава ў Брэсце Танк не асудзіў як безнадзейную рэч. Ён старанна адзначыў усе, хоць крыху ўдалыя драбніцы — жвавае разгортванне падзей, эмацыянальныя мясцінкі ў дыялогах... Калі я занадта катэгарычна заявіў, што аўтар не справіўся з задумай ды ўвогуле гістарычная тэма не для яго пяра, Максім Танк запярэчыў:
— Чаму так? Для пісьменніка няма закрытых тэм.— I, парыруючы чыюсьці рэпліку, што для працы над гэтаю тэмай патрэбна эрудыцыя гісторыка, ён спаслаўся на Мерымэ, на яго выпадак з «Песнямі заходніх славян», якія той выдумваў сам. Таленавіта выдумаў. Талент аблягчае пазнанне.
У той вечар Максім Танк уразіў нас ведамі з гісторыі культуры, калі пачаў вытыкаць аўтару пралікі асучаснівання паводзін маладога Грыбаедава. Такім ведам мог бы пазайздросціць не адзін гісторык. Выключная дапытлівасць, шырыня навуковых зацікаўленняў Максіма Танка агульнавядомыя.
Вось і ўчора, даведаўшыся, што ў Брэсце праходзіць усесаюзная навуковая канферэнцыя па атэізму, ён адклаў на дзень паездку да выбаршчыкаў і слухаў даклады вучоных. Гаварыў, што было цікава.
Брэсцкім літаратарам асабліва спадабаліся дасціпнасць, знаходлівасць Танка ў часе абмеркавання твораў, палемічны запал і бляск слова. Калі ён захапляецца, дык пачынае гаварыць вобразна, гіпербалізуе крытычныя заўвагі, але ніколі не выходзіць за рамкі таварыскай ветлівасці, умее і ў крытычным захапленні захаваць павагу да апанента. Кантроль розуму над эмоцыямі? Не, відавочна, нейкая ўроджаная далікатнасць пачуццяў, іх здольнасць нават у моманты спантанных выбухаў захоўваць эстэтычную меру.
Танк рабіў шмат заўваг маладым. Але як! Без змрочных імператываў, без ментарскай катэгарычнасці, а з добраю ўсмешкай, па-сяброўску, з дасціпным далікатным жартам. Не папракнуў, напрыклад, аднаго пачынаючага: «У цябе, маўляў, банальная, збітая тэматыка», а страсна пераконваў, як важна і як цяжка ў паэзіі знайсці сваю тэму, набыць свой голас... Ён гаварыў, што маладыя паэты любяць брацца за вечныя тэмы, забываючыся, што тэмы гэтыя распрацаваны геніяльнымі мастакамі. А права на існаванне ў паэзіі мае толькі твор прынцыпова новы, непаўторны. Дык ці лёгка пачынаючаму спаборнічаць з майстрамі высокага класа? На рынг не выпускаюць жа барцоў рознай вагі! Кілаграм розніцы — і ўсё... У паэзіі ж часта мы бачым, як барцы найлягчэйшай вагі хочуць спаборнічаць з цяжкавагавікамі.