Яўген Іванавіч шчыра смяецца, уяўляючы сабе ход і вынікі такой спартыўнай сустрэчы. Смяецца адкрыта, забываючы пра дыстанцыю. гадоў і становішча.
Усведамленне ўласнай сілы і годнасці не дазваляе яму карыстацца прывілеямі, хай сабе яны нават і «належацца»...
Вось нарэшце надыходзіць наша чарга да буфетчыцы. Прабягаем вачыма меню. Не блага было б і нам разагрэць душу (дарога настройвае легкадумна), але ж я за рулём, а Максім Танк рэдка калі дазваляе сабе глыток сухога віна. Не любіць штучных ахмяленняў. Творчая актыўнасць і самадысцыпліна — родныя сёстры. Напэўна, засталася і старая звычка рэвалюцыянера-падпольшчыка: там строга захоўваўся сухі закон. Цвярозасць, пільнасць і канспірацыя лічыліся сярод членаў Кампартыі Заходняй Беларусі асноўнымі маральнымі запаведзямі. Максім Танк застаўся верны першай з гэтых запаведзей, затое трэцюю парушае са зразумелай прыемнасцю, не імкнецца скрываць сваіх пачуццяў і думак. Здаецца, Арыстоцель пісаў пра высакароднага чалавека: «Ён заўжды гаворыць праўду, бо грэбуе людзьмі». Думаецца, што любоў да людзей лепш, чым грэблівасць, прымушае гаварыць праўду... Афінскі мудрэц дазваляў арыстакрату духу рабіць адно адступленне ад праўдамоўнасці: ужываць іронію ў зносінах з натоўпам. Той, хто любіць людзей, не стане іранізаваць, пашкадуе, што тыя, каму належыць па праву гісторыі быць грамадой, калектывам, класам, народам, не ўтвараюць гэтых вышэйшых грамадскіх арганізмаў, а застаюцца натоўпам.
Помніцца мне адзін студэнцкі семінар, на якім абмяркоўваўся зборнік «Глыток вады». Распаленыя шчокі, пахарашэлы тварык студэнткі, якая гаворыць пра народнасць вершаў, што так узрушылі яе, нядаўна яшчэ вясковую дзяўчыну. Вершы былі пра людзей працы, родную прыроду, шчасце і гора. Народнасць не проста арганічная рыса паэзіі Танка, гэта стрыжань, які вызначае і характар паэзіі і напрамак пошуку. У вершах сучасных выражэнне любові да свайго народа набывае новыя формы, паэт любіць прыхаваць шчымлівыя пачуцці пад лёгкаю павалокай гумару, як у «Сямейнай фатаграфіі», «Гісторыі Пількаўшчыны». А ў тых творах, дзе аўтар рашаецца на прамы маналог, ён гаворыць пра гэтыя пачуцці з шырокім душэўным размахам, без крыклівай назолы, шчыра і з унутраным тактам. Такі тып маналога мне чуецца ў вершах «Стол», «Печ», «Топіцца лазня». Падабаюцца гэтыя вершы, часта прыходзяць у памяць радкі, дзе эпічны ўздым змяняецца гарэзлівай смяшынкай або пераходзіць у даверлівы спавядальны лірызм. У гэтых пераходах бачыш усяго Максіма Танка. Нельга без хвалявання сачыць, як прыжмуранае смяшлівае вока паэта становіцца вільготным ад чуласці.
Здаецца, так натуральна і проста, а па сутнасці вельмі рызыкоўнае апісанне: смакавыя адчуванні неэстэтычныя ў прынцыпе, а тут гучаць без прысмаку натуралізму, падрабязнасці апрацоўкі тушы кабана — таксама. Параўнанне кабана з п'яным богам, як нейкі цудоўны рэгістр, прыўзняло ўсю карціну на эстэтычную вышыню...
...Выбар у закусачнай не вялікі, заказваем па шніцэлю, аладкі і па шклянцы кавы. Порцыі салідныя, якраз пад наш дарожны апетыт. I згатавана добра. Дзякуем афіцыянтцы, якая сабірае посуд, не дзеля ветлівасці, а па заслугах.
У машыне размова вяртаецца на ранейшыя каляіны — пра жыццё, пра людзей, пра паэзію. А мажліва, і ўвесь час пра яе...
— Ёсць у мяне родны дзядзька, Фадзей, былы партызанскі сувязны (пазнаёмлю пры выпадку), ну цікавы, брат, чалавек! — Танк прыпаднімае галаву, прыжмурвае вочы і ўсміхаецца свайму ўяўленню.— Магутны стары, проста такі волат. У нарачанскіх барах вырас і да самага прызыву кароў над азёрамі пасвіў ды паляваннем бавіўся. Басанож, кашуля палатняная аж да костак: порткі ў тыя часы вясковыя дзецюкі толькі да прызыву або да вяселля агораюць... Ды на прызыўной яго, брат, у гвардзейскую часць залічылі — рост падышоў. Вярнуўся дамоў яфрэйтарам, абцёрся ў войску. А напярэдадні сусветнай вайны царскі ўрад групу сялян (з розных канцоў Расіі) паслаў у Маравію пераймаць вопыт гаспадарання, земляробства. Трапіў туды і мой дзядзька. Пачалася вайна, аўстрыйцы ўсіх гэтых сялян — падданых рускага цара — загналі ў лагер, патрымалі, памарылі голадам і прапануюць на вайсковых заводах працаваць. Адмовіліся ўсе да аднаго. Дык пасадзілі іх на такі рэжым, што мала хто вытрымаў. Дзядзька цудам выжыў. Пайку лагернага хлеба прывёз, чорнага, як зямля. Часта паказваў дома мужчынам той сувенір: глядзіце, на чым чалавек ліпець пры жыцці можа. Пасля ўтварэння Чэхаславакіі ён быў уяжо на волі, наведваў нейкія курсы. Дапытлівы чалавек, да вучобы здольны. Цяпер нават з дыпламаванымі заатэхнікамі сапернічае. Ад крываўкі ніхто карову не бярэцца лячыць, а ён вылечвае! Травамі, зёлкамі, адварамі...