Шмат цікавых рэчаў расказаў Танк пра гэтага чалавека. Слухаючы расказ, я падумаў: дык жа і ў вершах ён захапляецца такімі вось даравітымі арыгіналамі. Народныя майстры, мудрыя вопытам жыцця людзі, цягавітыя, дапытлівыя, людзі, поўныя радасці жыцця, дасціпныя, вострыя на слова — яго любімыя героі. Вобраз Люцыяна Таполі нарадзіла ў свой час менавіта гэткая скіраванасць паэтычнага ўяўлення, такі погляд на чалавека, яго жыццёвую годнасць. Таполя — сімвал непадуладнасці таленту ўладарам. Нейкі зусім новы, адменны тып купалаўскага гусляра з паэмы «Курган». Той жа непадатлівы на подкуп і пагрозу характар, толькі ўзброены замест рамантычнага максімалізму больш небяспечнаю для паноў жыцця зброяй — досціпам, гумарам, цудоўнай жывучасцю. Люцыян — гусляр з натураю Рымшы, героя народнай казкі «Пану навука». Купалаў гусляр загінуў, каб застацца мастаком, каб не загубіць, не «скурганіць» душы княжым «чырванцом». Высакародная пагібель яго звала на помсту нашчадкаў. Люцыян Таполя, як і казачны Рымша, сам умее адпомсціць, правучыць пана і не ўпадае, як Машэка, у помслівасць, застаецца мастаком, вартым несмяротнасці.
Гэта караннік сярод станоўчых вобразаў Танкавай паэзіі. Мае гэты характар-тып шматлікія разнавіднасці, разгалінаванні, часам вельмі далёкія ад стрыжнявога варыянта,— тут Вяль і стары лірнік з давераснёўскіх твораў, партызанская маці з ваеннага верша і бабка-«зельніца» з пасляваенных.
Ланцуг жаночых вобразаў... Ён ідзе ад маці як ад правобраза. Усе гэтыя вершы змыкаюцца ў маім успрыманні ў агульны цыкл гімнаў-малітваў пра маці і да маці. Ёсць у гэтым вялікая рэнесансавая традыцыя. Магутны Буанароці з незагойным смуткам сіроцтва, разлучанасці з матуляй, Буанароці за працай над «Піетай»... А хіба не ў парыве высокага піетэзму партызанская матуля
Гэта святое мацярынскае аберагальнае парыванне, за якім — паласа няўгойнага болю, трагічнае скрухі:
Звароты сялянкі да звышнатуральных сіл падаюцца так, што яны не аслабляюць сілы яе характару, не выдаюць якойсьці містычнай кволасці, а толькі яскрава выяўляюць звышчалавечую сілу абставін, у якіх несамавіта дзейнічае здаровы, нармальны характар. У новых мірных абставінах тая ж матуля стала лагоднаю, добраю бабуляй-«зельніцай» — верш «Бабка»,— што збірае лекавыя травы і розныя прыправы, нават варажбітны любізнік,— усё на карысць людзям:
У найноўшым зборніку мы знаходзім на дзіва паэтычны фінал мацярынскага цыкла — «Мыццё бабкі Улляны». Перад апошняю дарогаю блізкія мыюць цела бабкі, але
Зноў думка вяртае мяне да тых вершаў пра сялянскую печ, стол, закопчаную лазню. I пра народны мастацкі прымітыў, разьбу прыдарожных каплічак... посуд... Звычайныя прадметы сялянскага побыту, а як яны ўбачаны і пададзены! Не мужыцкае, а каралеўскае жыццё так абстаўляць! Што тут — фальклорны прыём ідэалізацыі? Не можа быць. Фальклорныя ідэалізаваныя «ярэмцы буковыя, сошкі дубовыя, падсошнікі мядзяныя, паліцы срабраныя» ў вачах сучаснага чытача — мілыя тварэнні наіўнай дзіцячай фантазіі, аперанай магіяй слова. Максім Танк, паэтызуючы прадметы сялянскага побыту, умее пазбегнуць анахранічнасці, фальклорнай перастарэласці вобраза. Як гэта яму ўдаецца?